Вы тут

Ці можна зрабіць сацыяльны праект самаакупным?


Кіраўнік конкурсу сацыяльных праектаў — пра іх фінансаванне і канкурэнцыю паміж грамадскімі арганізацыямі.

Чаму бізнес не заўсёды дае грошы на дабрачыннасць? Ці можна зрабіць сацыяльны праект самаакупным? І якіх ідэй нам не хапае? Пра гэта мы пагутарылі з кіраўніком рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Socіal Weekend Аляксандрам СКРАБОЎСКІМ. Конкурс праводзіцца ў Беларусі ўжо восьмы раз і дае магчымасць любому ахвотнаму прапанаваць ідэю, карысную для грамадства, і атрымаць фінансавую дапамогу на яе рэалізацыю. Агульны прызавы фонд гэтым разам — каля 40 тысяч рублёў.


— Аляксандр, вы прыйшлі ў сацыяльную сферу з бізнесу. Чаму тры гады таму вырашылі пакінуць прадпрымальніцтва?

— Я 12 гадоў займаўся абсалютна рознымі праектамі: і інфармацыйныя тэхналогіі, і фінансы, і будаўніцтва. А потым быў перыяд нейкага пошуку. Якраз у той час праходзіў першы Socіal Weekend, і я вырашыў далучыцца да арганізацыі конкурсу. Заўсёды было цікава прыўнесці прафесійнае кіраванне ў сацыяльную сферу. Бо бачыў, што бізнес і сацыяльны бок не заўсёды разумеюць адзін аднаго.

— Чаму?

— Асноўны зварот аўтараў сацыяльных праектаў да бізнесу: «Дайце грошай!» Але кампанія, нават тая, у якой добры прыбытак, не можа выдаткаваць нейкую суму проста так. Бізнес успрымае гэта як сацыяльныя інвестыцыі: мы дадзім грошы, калі атрымаем нейкі вымерны эфект. Мецэнат не можа прафінансаваць ідэю, калі не разумее, як яна будзе рэалізавана. Яму важна, як будуць суадносіцца выдаткі і вынікі і навошта гэты праект у прынцыпе патрэбны грамадству.

— Ці вывучалі замежны вопыт падобных конкурсаў? Як гэта ў іх?

— Вы не паверыце, але ў тым жа 2013 годзе, калі пачынаўся Socіal Weekend, замежнага вопыту было не так шмат. Еўрапейскія сацыяльныя праекты на той момант падтрымліваліся збольшага за кошт фондаў, арганізацый ЕС. Там размова ішла пра тое, як эфектыўна распарадзіцца грашыма. А конкурсу, які б даваў магчымасць паспрабаваць рэалізаваць праект, навучыў рабіць першыя крокі, не было. Гэты вопыт мы бралі са стартапаў, з бізнес-акселерацый.

— Праекты, якія выходзяць у фінал, атрымліваюць фінансавую падтрымку. А што з астатнімі? Так і застаюцца на ўзроўні ідэй?

— Не. Мы патрабуем, каб на працягу двух месяцаў да фіналу аўтары ўжо рэалізоўвалі праекты. Праводзім для іх навучанне, дзе тлумачым, што рабіць са сваёй ідэяй па-за межамі конкурсу. Кожны раз у нас ёсць удзельнікі, якія адмаўляюцца ад месца ў фінале, бо, аказваецца, у іх і так ужо ўсё атрымалася.

Да таго ж ёсць шэраг мецэнатаў і кампаній, якія намінацыі не выстаўляюць, але сочаць за праектамі і, калі нешта падабаецца, самі шукаюць кантакты аўтараў, каб прапанаваць дапамогу. Адзін з прыкладаў — фестываль казкі «Казачны джэм». Яго падтрымала кампанія velcom.

— За папярэднія конкурсы было пададзена каля 800 заявак. А якіх праектаў па-ранейшаму не хапае?

— Асноўная доля прапаноў — гэта дабрачыннасць, і не з кожнай такой ідэі можна зрабіць устойлівы праект, за якім што-небудзь будзе далей. Вельмі мала заявак па намінацыях «Аддайся марам і зрабі» (дзе мы чакаем нетрывіяльны спосаб рашэння сацыяльнай задачы) і «Арт-аб'ект». Арт-аб'екты мы ацэньваем з пункту гледжання сэнсавай нагрузкі. Так, на адным з конкурсаў была ідэя зрабіць інтэрактыўную лавачку на рацэ Нямізе — у выглядзе хвалі, якая рэагуе на дотык і ўключае музыку. Як успамін, што менавіта з ракі пачынаўся горад. Спадзяюся, што праект будзе рэалізаваны — мы атрымаем цікавы турыстычны аб'ект.

Напэўна, не ўсе ведаюць і вераць, што калі зробіш першы крок і атрымаеш на яго невялікае фінансаванне, усё далей складзецца хутчэй. Ёсць маладыя архітэктары, якія кажуць: «Для таго каб пабудаваць арт-аб'ект, нам патрэбна 10-20 тысяч долараў, а ў вас больш за пяць не даюць». Мы прапануем ім падумаць, што перашкаджае таму, каб праект з'явіўся хоць бы часткова. Было некалькі выпадкаў, што пяці, і нават трох тысяч долараў з лішкам хапала. Бо тая вялікая заяўленая сума спатрэбіцца праз год. А каб яе атрымаць, трэба паказаць першыя крокі.

— З якімі праблемамі звычайна сутыкаюцца ініцыятары сацыяльных праектаў?

— Не ўмеюць з ідэі зрабіць праект. Пазначыць тэрмін, якія рэсурсы і колькі часу патрэбна. Паспрабаваць знайсці некалькі магчымасцяў, каб рэалізаваць задуму. Не ведаюць, як правільна расказаць пра сваю ідэю. Не на 10 старонках нахвальваць, які ваш праект цудоўны і што ваш гульнявы цэнтр будзе самым лепшым ва ўсёй Беларусі, а знайсці яго адметныя рысы і апісаць у адным абзацы.

Заўважыў, што некаторыя грамадскія арганізацыі, напрыклад зоаабаронцы, не сябруюць між сабой. У кожнага свае крыніцы фінансавання і каналы піяру, і яны не вельмі хочуць дзяліцца. Мне здаецца гэта няправільна. Калі ў нас ёсць бяздомныя жывёлы, трэба ратаваць іх, а не думаць, якая арганізацыя лепш гэта робіць.

— Ці рэальна сацыяльныя праекты рабіць самаакупнымі?

— Безумоўна. І наш конкурс на гэта скіраваны. На 6-м Socіal Weekend большая частка праектаў-фіналістаў былі самаакупнымі. І што з гэтага сталася? Частка СМІ і нават некаторыя члены журы выказаліся негатыўна. Маўляў, пачакайце, тут жа камерцыйны праект. Але калі сацыяльны складнік выняць з таго бізнесу, вы будзеце карыстацца яго паслугамі? Не. Тады гэта не чыстая камерцыя.

Сацыяльным праектам не сорамна зарабляць, і яны мусяць гэтым займацца. Бо як яны будуць развівацца, калі спонсарскія грошы скончацца?

— Якім чынам сацыяльныя праекты могуць зарабляць?

— Самы тыповы прыклад — калі ствараецца нейкі гурток, дзе заняткі для звычайных дзяцей платныя, а для малых з асаблівасцямі, якім гэтыя паслугі жыццёва неабходны, — не. Так праект спрыяе інклюзіі дзяцей з інваліднасцю.

Ёсць непрамыя спосабы фінансавання. Напрыклад, арганізатары Фестывалю сучаснай беларускай драматургіі «Whіte box» плануюць наступны раз прадаваць квіткі для ўдзельнікаў, каб мець грошы на арганізацыйныя расходы: толькі на валанцёрстве ўсё не выцягнеш.

— Socіal Weekend заклікае людзей самім спрабаваць вырашаць праблемы, якія іх хвалююць. Чаму, на вашу думку, сацыяльнымі задачамі павінна займацца не толькі дзяржава?

— А чаму нешта павінна рабіць дзяржава, калі гэта тычыцца цябе? Вашымі задачамі мусіць займацца грамадства, і ўсюды так ёсць. Напрыклад, у Эстоніі, калі бацькам няма куды адвесці дашкольніка, улады не будуюць новы садок. Яны дапамагаюць знайсці памяшканне, але плаціць за яго арэнду, за харчаванне, шукаць выхавацеля мусяць бацькі. Дзяржава павінна дапамагаць, забяспечваць базавыя патрэбы, але яна не можа заняцца ўсімі пытаннямі адначасова проста з-за недахопу бюджэту. Таму мы і хочам, каб грамадзяне заяўлялі свае ідэі і спрабавалі самі іх рэалізоўваць, а не скардзіцца, што ўсё дрэнна.

Увага!

Падаць заяўку на конкурс можна да канца тыдня (да 2 кастрычніка ўключна). Для гэтага спачатку зарэгіструйце праект на рэсурсе MaeSens.by. У некалькі абзацах апішыце сваю ідэю: якую праблему рашаеце, што будзе, калі вы яе вырашыце, растлумачце, чаму яна актуальная, і скажыце, чаго вам не хапае, каб гэтую задуму рэалізаваць. А пасля запоўніце заяўку на ўдзел на сайце socіalweekend.by. Там жа можаце прачытаць падрабязна пра ўмовы конкурсу і парады па апісанні праекта.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Прапануйце свае ідэі, а не скардзіцеся, што ўсё дрэнна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».