Вы тут

Якія цікавінкі прапануе сёлета Агенцтва тэленавін?


Па традыцыі ў верасні пачынаюць адлік чарговага года не толькі выкладчыкі, школьнікі і студэнты. У гэты ж час на тэлеканалах стартуе новы вяшчальны сезон, напоўнены разнастайнымі прэм'ерамі і сюрпрызамі для гледачоў. Нехта ўсё лета здымае новыя забаўляльныя праграмы, нехта набывае самыя свежыя і рэйтынгавыя серыялы або рэаліці-шоу, нехта робіць стаўку на новыя аўтарскія праекты са свежымі, не замыленымі на тэлеэкранах вядучымі. Чым парадуе сёлета, бадай, галоўны рухавік тэлеканала «Беларусь 1» — Агенцтва тэленавін, якое робіць амаль 40 розных праектаў і штогод прапануе аўдыторыі новыя цікавінкі? Гэта пытанне, а таксама пажаданні і заўвагі гледачоў «Звязда» адрасавала галоўнаму дырэктару АТН Івану ЭЙСМАНТУ.


— На пачатку сезона многія ўжо прадставілі навінкі эфіру, а вось АТН захоўвае маўчанне...

— Ведаеце, апошнім часам у нас размыліся грані новага сезона — штосьці новае, цікавае мы стараемся прыдумваць пастаянна, не прымяркоўваючы гэта да канкрэтных дат. Напрыклад, летась з увядзеннем у эксплуатацыю ў вялікай «студыі 600» эксклюзіўнага святлодыёднага экрана было запушчана фактычна абноўленае тэлебачанне, звязанае з юбілеем беларускага ТБ. У новай «упакоўцы» выйшлі вядучыя праекты АТН — «Галоўны эфір», «Клуб рэдактараў». Ток-шоу «Форум» не толькі пачало выходзіць у новай студыі, але і набыло новы фармат, сам прынцып пабудовы перадачы. Таксама летась мы рэалізавалі праекты «Беларусь ХХІ», «Мы зрабілі гэта разам», «Мы — беларусы», «Зроблена ў Беларусі» — за, якія, дарэчы, ужо сёлета атрымалі каля дзясятка прафесійных узнагарод на «Тэлевяршыні». Усе згаданыя праекты расцягнуліся амаль да гэтага года, таму цяпер мы працуем не над запускам феерверку прэм'ер, а над тым, каб усе праграмы, якія стаяць у лінейцы, яшчэ больш удасканаліць, чымсьці аздобіць, знайсці незвычайныя хады, цікавыя для аўдыторыі. Аднак, безумоўна, будуць і навінкі.

У гасцях у Фрунзэ

— Мы задумалі вельмі маштабны праект, прысвечаны 100-годдзю беларускай міліцыі, якое будзе адзначацца ў наступным годзе. Сумесна з Міністэрствам унутраных спраў здымаем 9-серыйны дакументальны фільм пра гісторыю беларускай міліцыі. Ідэя вельмі маштабная і даволі няпростая, бо трэба адлюстраваць перыяд ад 1917-га да 2017-га. А што мы можам сёння сказаць пра 1917 год? Хіба што знайсці архіўныя кадры з Леніным на браневіку. Таму робім упор на рэканструкцыю падзей — над гэтай задачай працуе вялікі аўтарскі калектыў, група рэжысёраў, падключана нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», задзейнічаны вопытныя беларускія акцёры, грымёры... З дапамогай МУС мы дасталі міліцэйскую форму ўсіх часоў, якая толькі існавала, і стараемся не проста пераапрануць у яе сучаснікаў, а сапраўды пагрузіцца ў атмасферу таго часу. Днямі стартавалі першыя здымкі — для іх уначы была перакрыта вуліца Карла Маркса (там на скрыжаванні з вуліцай Леніна некалі размяшчаўся цэнтральны апарат беларускай міліцыі, якой кіраваў Міхаіл Фрунзэ; там жа быў прыняты загад №1 пра барацьбу з бандытызмам. — Аўт.).

— У фільме, акрамя гістарычнага экскурсу, знойдзецца месца аператыўнай рабоце міліцыянераў, страляніне, затрыманням і пагоням?

— Не без гэтага, — пагаджаецца Іван Міхайлавіч. — Далей будзе яшчэ адзін цікавы і складаны этап для рэканструкцыі — час Вялікай Айчыннай вайны з франтавымі дзеяннямі і пасляваеннай барацьбой з бандытамі. Так, этап за этапам, паступова дойдзем да нашых дзён і раскажам шырокаму колу гледачоў, што сабой уяўляе беларуская міліцыя сёння.

Першую, уводную, серыю пакажуць у лістападзе, а са студзеня 2017 года праект будзе выходзіць раз на тыдзень і фінішуе 4 сакавіка, у Дзень беларускай міліцыі.

«Тварам» і голасам фільма стане акцёр Яўген Нікіцін, які больш падрабязна будзе расказваць гледачам пра тыя ці іншыя гістарычныя факты і падзеі.

Навіны пра навіны

Паводле слоў Івана Эйсманта, ніводны з дзейсных праектаў АТН не пакіне эфір. Так, па-ранейшаму абмяркоўваюць самыя гарачыя тэмы тыдня ўдзельнікі «Клуба рэдактараў» (праграма змяніла «ўпакоўку» і перасунулася з вечара нядзелі ў ранішні эфір — у тым ліку па просьбах гледачоў, якія жыва рэагуюць на эфіры. І не дзіва: «Клуб рэдактараў» — адна з нямногіх дыскусійных пляцовак беларускіх СМІ, дзе абмяркоўваюцца самыя злабадзённыя тэмы. У аўтарскай праграме «Буйным планам з Маратам Маркавым», якая з верасня выходзіць па чацвяргах, гледачоў па-ранейшаму чакаюць сустрэчы з цікавымі людзьмі — непасрэднымі ўдзельнікамі галоўных падзей у Беларусі і па-за яе межамі. Інфармацыйна-аналітычная праграма «Галоўны эфір», якая нядаўна атрымала прэстыжную ўзнагароду міжнароднага фестывалю «Тэфі-Садружнасць-2016», шукае новыя падыходы і будзе далей развівацца ў кірунку «даступна пра сур'ёзнае». Не знікне з поля зроку і аўтарская аналітычная праграма «Макей і Лаўроў. Пра палітыку», якая не мае дакладнай перыядычнасці, бо робіцца аператыўна і з важнай нагоды. Не выключана, што працягнецца любімы многімі эксклюзіўны праект АТН «Лёс гігантаў», які ўжо расказаў пра флагманы савецкай прамысловасці, знакамітыя прадуктовыя брэнды, навагоднія шэдэўры часоў СССР, а таксама пра прадпрыемствы, што дапамагалі зрабіць больш утульнымі кватэры савецкіх людзей. Калі чакаць пятага сезона «Лёсу гігантаў»? Паводле слоў Івана Эйсманта, дакладна не хутка, бо для здзяйснення такіх маштабных праектаў патрабуецца нямала часу і грошай, а перадусім — годная ідэя. «Асабіста мне хацелася б, каб героямі наступнага сезона сталі адметныя людзі — палітыкі, спартсмены, дзеячы мастацтва. Скажам, сэр Пол Макартні — хіба не гігант у сусветнай музыцы?»

Стаўка ж сёлета будзе зроблена на навіны. «У нас ёсць задумкі як наконт абнаўлення аблічча студыі «С-300», якая ўжо даўно не змянялася, так і наконт уласна падыходаў да фарміравання навін, — дзеліцца планамі кіраўнік АТН. — На цяперашні момант сетка вяшчання канала «Беларусь 1» пабудавана такім чынам, што выпускі навінаў выходзяць у эфір кожныя 3-4 гадзіны, без уліку раніцы: у 7, 8, 9, 12, 15, 19 гадзін і бліжэй да поўначы. Умоўна кажучы, калі ты прыязджаеш са здымак а палове чацвёртай, то твая інфармацыя пойдзе ў эфір толькі ў сямігадзінны выпуск. Зразумела, у такім тэмпе надзвычай складана канкурыраваць з інтэрнэтам, дзе навіны публікуюцца ледзьве не падчас падзеі, нават знятыя на мабільнік і адразу выкладзеныя ў сеціва. Таму мы набылі новае абсталяванне, якое дазволіць выходзіць у прамы эфір не праз спадарожнік, а па GSM-сувязі, — гэта паскорыць працэс і зробіць яго больш танным, дый колькасць прамых уключэнняў павялічыцца». Акрамя таго, АТН, ідучы ў нагу з часам, збіраецца нарошчваць сваю прысутнасць у сацыяльных сетках і на YouTube, развіваць уласныя інтэрнэт-праекты («Козел пра футбол», «Атрымай ляшча!», «ТОП_net»), анлайн-канферэнцыі, а таксама інтэрнэт-стужку навін.

Сярод планаў АТН — павялічыць колькасць сюжэтаў на беларускай мове.

— Што наконт перамен тэматычных? Многія гледачы не ў захапленні, што на нацыянальным канале штодня ажно чатыры выпускі крыміналу і здарэнняў і ўсяго адзін, напрыклад, спартыўны...

— Але пры гэтым, заўважу, у «Зоны Х» стабільна высокія рэйтынгі, — усміхаецца Іван Эйсмант. — Мы ні ў якім выпадку не імкнёмся да таннай папулярнасці за кошт «чарнухі», інакш закупалі б бясконцыя дэтэктыўныя серыялы, як робяць некаторыя тэлеканалы. Наадварот, задача «Зоны Х» — расказаць не толькі пра здзейсненыя злачынствы, але і пра іх раскрыццё, магчыма, перасцерагчы людзей і прадухіліць новыя здарэнні. Згодны, што выпуск спартыўных навін па буднях усяго адзін, але існуе канал «Беларусь 5», які ў поўным аб'ёме закрывае гэту нішу. Культурніцкую тэматыку прапаноўвае гледачам «Беларусь 3». Мы ж адлюстроўваем грамадска-палітычнае жыццё краіны, таму перадусім працуем у гэтым кірунку.

— З пазіцыі «гуляючага трэнера», адначасова і карэспандэнта, і кіраўніка, чаго найперш бракуе беларускім навінам?

— Мы абмяркоўваем гэта на планёрках і прыходзім да высновы, што часцяком не хапае... тэм. Усё ж у нас краіна адносна невялікая, далёка не тыя маштабы, як, напрыклад, у суседняй Расіі, дзе могуць сабе дазволіць выбіраць «самы сок» са шматлікіх рэгіёнаў. У Беларусі інфармацыйных нагодаў менш — мабыць, гэта добра для большасці людзей, бо сведчыць пра спакойнае, зладжанае жыццё, але журналісту ў такіх умовах працаваць вельмі няпроста. Яшчэ адна істотная праблема — як ні дзіўна, кадравая. Кожны год журфак БДУ пакідаюць дзясяткі выпускнікоў, але частка з іх «раствараецца» на прасторах суседніх краін, а многія наогул не рэалізуюць сябе ў прафесіі і сыходзяць у іншыя сферы.

Шанц даецца ўсім

Навіны на сучасным тэлебачанні робяць пераважна дзяўчаты. «Для мяне гэта дзіўна, але журналістыка ўсё больш ператвараецца ў жаночую прафесію, — разводзіць рукамі Іван Міхайлавіч. — Нам пастаянна не хапае мужчын у кадры, і на кастынгах мы робім упор менавіта на іх — прычым шукаем не толькі моладзь, але і сталых людзей, якія былі б цікавымі старэйшаму пакаленню».

Некаторыя любяць упікнуць БТ за «нецікавасць». Але, заўважаюць у адказ прафесіяналы знутры тэлебачання, многія з такіх крытыкаў, заяўляючы аб сваіх намерах зрабіць з сюжэта цукерку, «здзімаюцца» яшчэ на этапе напісання тэксту. Хоць шанц праявіць сабе, паводле слоў кіраўніка АТН, даецца ўсім творчым і таленавітым асобам, хто ўмее і жадае шмат працаваць на вынік.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота прадастаўлена прэс-службай БТРК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».