Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Дурныя жарты пахвалы не варты

У вёсцы без уласнага транспарту як без рук, бо яно ж то ўчасткі пад бульбу дадуць немаведама дзе, то сенакос кіламетраў за пяць. Напрацуешся там, зморышся, а потым жа трэба і дамоў дапаўзці... Альбо адтуль у краму пад'ехаць ці ў лес — па ягады, па грыбы. Іх, як вядома, збіраць адно задавальненне, а вось потым несці — ужо іншае: часам аж рукі адрываюцца.
І таму...

У сямідзясятыя гады бяднейшыя з нашых вяскоўцаў куплялі сабе веласіпеды, багацейшыя — матацыклы («Іжы», «Уралы»), а багатыя — дык нават з каляскамі.

Што здзіўляла, не меў вось такога стальнога каня хіба што Адамавіч. З ім пра матацыклы нават гаворку ніхто не вёў, хоць ведалі, што грошы ў чалавека ёсць. Тады чаму?

Аднойчы, па п'янцы, ён сам расказаў, адкуль яго нелюбоў.

...Значыць, пасля службы ў арміі падаўся ён у міліцыю, участковым стаў. Вёсак шмат, участак вялікі, а транспарту спачатку аніякага: дабіраўся дзе пехам, дзе на чым спадарожным...

Дык вось. Выклікалі яго неяк да начальства ў райцэнтр. Ідзе, чуе — ззаду матацыкл лапоча. Азірнуўся, стаў. І матацыкл спыняецца: сядай, маўляў, ківае кіроўца. Адамавіч ззаду прымасціўся, едзе, прыкідвае, праз колькі хвілін можа на месцы быць... Хоць пры гэтым, вядома ж, адчувае, што з матацыклістам нешта не так: ён то ляціць, як на злом галавы, то раптам запавольваецца.

Пасажыр адпаведна таксама: то ад страху аж вочы заплюшчыць (і зубы сашчэпіць, бо дарога брукаваная), то з палёгкай уздыхне: «Можа, і даедзем?»

Не паспеў падумаць, — матацыкл як зараве! Газ, трэба разумець, на ўсю катушку, а кіроўца пры гэтым... рукі ўверх і крычыць: «Э-эй, давай закурым. Ты будзеш?» І адной рукой яму цыгарэты падае, а другой запальнічку.

«Усё, гэта капут!» — думае ні жывы ні мёртвы Адамавіч.

...Але ж да райцэнтра яны неяк даехалі. Сталі там. Пасажыр хацеў быў злезці, але ногі не трымалі яго. Так і сеў пры дарозе.

Потым даведаўся. што той матацыкліст не проста прафесійны гоншчык, а яшчэ і цыркач. Пад купалам свае трукі паказваў, людзей забаўляў. Відаць, падабалася, бо справу гэтую кінуць не мог — нават пасля таго, як звольніўся.

Любоў ЧЫГРЫНАВА,

г. Мінск


Ружы з сюрпрызам

«Ох ужо гэтае свята! І хто яго толькі выдумаў на нашы галовы!» — стагналі мужыкі ў пачатку сакавіка. І апроч таго, вядома ж, раіліся з сябрамі, бегалі па крамах — шукалі падарункі для сваіх жанчын. А ўжо кветкі — гэта і пагатоў!

Мой знаёмец Іван Пятровіч загадзя прыглядаўся да ружаў, думаў, якія ж сёлета выбраць — чырвоныя ці ружовыя? Можа, белыя, ці вунь тыя пярэстыя — не скажаш, якога і колеру... У краме чаго толькі няма...

Але ж выбар нарэшце спыніўся, прычым на адной вельмі незвычайнай галінцы. На ёй было цэлых пяць чырвоных кветачак, а каштавалі яны як асобныя дзве!

Пашанцавала, карацей, чалавеку, і ён папрасіў загарнуць...

Пасля гэтага заставалася неяк давезці той пяшчотны скарб дадому і назаўтра зрабіць сюрпрыз.

Для гэтага вечарам 7-га сакавіка Іван Пятровіч доўга сядзеў каля тэлевізара: чакаў, пакуль жонка ўсё паробіць, потым — пакуль засне. Пераканаўшыся, што спіць, і ўжо моцна, гаспадар прынёс з балкона пакунак, вызваліў ружы з папяровай абгорткі і асцярожна «ўтапіў» у ванне, каб, крый божа, не завялі, каб раніцай свежанькімі іх уручыць. Падумаў яшчэ, што сцяблінка трохі задоўгая — добра было б падрэзаць, але ж і гэта ён пакінуў на заўтра.

Будзільнік празвінеў рана. Іван Пятровіч тут жа падхапіўся з пасцелі, ціхенька прывёў сябе ў парадак і выняў з вады чароўную галінку. З ёю і падарункам ён падаўся да жонкі ў спальню, асцярожна ўключыў начнік і, прысеўшы на ложак, сказаў:

— Добрай раніцы, любая! Са святам цябе!

Тая расплюшчыла вочы, убачыла кветкі і...

Не, ён не дарэмна стараўся: жонка і сапраўды ахнула, сказала:

— Божухна, якая прыгажосць!..

Праўда, потым і, трэба разумець, знячэўку з яе вуснаў сарвалася:

— Але чамусьці не пахне?.. Трэба ў ваду, — тут жа паправілася яна. — Прынясі з залы вазу. І сцяблінку падрэж.

— Ну вядома ж, — згадзіўся Іван Пятровіч і рушыў у кухню.

Узяў там нож, уключыў халодную ваду. Навучаны, паспрабаваў пад струменем адрэзаць. Нічога падобнага, — гэты нож сцяблінку «не браў». «Што за ліха?» — падумаў гаспадар, дастаў большы нож, днушку — стаў рэзаць з сілай. Марна! «Хацеў бы я на куст паглядзець, дзе такія кветкі растуць», — пачухаў патыліцу гаспадар: узяўся мацаць лісты (у кухню як на тое ліха ўвайшла жонка) і... усё зразумеў.

— Яны не жывыя, — прызнаўся гаспадар, сам ледзь жывы ад гэтай здагадкі. — Прабач! Але ж гэта галінка мне так спадабалася...

— І мне яна падабаецца! — з разуменнем усміхнулася жонка. — Ну сапраўды — прыгожыя ж! А галоўнае — гэтыя ружы ніколі не звянуць...

— Як наша любоў, — з надзеяй прамовіў Іван Пятровіч.

Раіса ВАСІЛЬЕВА,

г. Гомель


З лесу мог выйсці толькі мядзведзь

...У той год мне пашчасціла адправіцца ў круіз па маршруце Краснаярск — Дыксан — Краснаярск. І адразу скажу: гэта падарожжа — за Палярны круг, да льдоў Арктыкі, да Карскага мора, куды нясе свае воды магутны Енісей, было выключна цікавым! Арктычныя астравы, айсбергі, тундра, тайга...

Але ж, як той казаў, далей болей: нам, турыстам, мала было палюбавацца ўсім з цеплахода, — мы захацелі прайсціся па той зямлі, прыгледзецца, адчуць яе сілу.

Карацей, упрасілі мы капітана: прыпыніў ён цеплаход, прычым не каля нейкага там паселішча, а ў проста рэдкаснай глухамані! Мы ўсе былі ад яе пад уражаннем, бо там, на беразе ўзвышаліся магутныя кедры, сосны, елкі. Падымеш галаву — неба не відаць, суцэльныя кроны, потым апусціш — не паверыце — не бачна і... зямлі. Бо вакол проста жудасны буралом: паваленыя дрэвы, ламачча... Па ім не тое што ісці, нагу паставіць немагчыма!

Іншымі словамі, такой — з дазволу — магутнай беспрасветнасці я не бачыў ніколі і нідзе, хоць, паверце, падарожнічаў вельмі шмат.

А таму і досвед меў: калі сказалі, што ад'язджаем альбо адплываем у 17.00, значыць, у аўтобусе ці на цеплаходзе можна апынуцца трохі раней, але пазней — ні ў якім разе!

У нас, як спачатку здалося, гэта ведалі ўсе, і таму ў прызначаны час судна адчаліла ад берага, мы ціха-мірна паплылі далей... Але ж (праз некалькі гадзін!) загаварыла наша карабельнае радыё: дзвюх турыстак запрашалі ў кают-кампанію. «З чаго б гэта? — падумалі мы і забыліся б, калі б аб'ява не прагучала яшчэ раз, а потым яшчэ. Маланкай пранеслася чутка, што гэтыя дзве жанчыны згубіліся...

Падобная сітуацыя была падчас майго падарожжа па Волзе. Адна дзяўчына, калі цеплаход ужо адпраўляўся, купацца пайшла і, вядома ж, адстала...

Ніхто яе тады не чакаў і не шукаў...

Але ж там і чыгунка, і водны транспарт: яна мела магчымасць дагнаць нас у наступным вялікім горадзе, што і зрабіла... Ва ўсякім разе, ніякая небяспека ёй не пагражала. А вось тут...

Тут, па-першае, быў сапраўдны таёжны тупік з усёй яго непрадказальнасцю, па-другое, пол (слабы... жанчыны ж!),
па-трэцяе — на ноч гледзячы, у лёгкім адзенні...

Карацей, пакінуць іх у бядзе мы не маглі: мусілі развярнуцца і паплыць назад.

...Не ведаю, што за гэты час перажылі нашы «рабінзонкі», але ж, дзякаваць богу, у адчаі рукі не склалі і розум не страцілі. Для таго, каб на беразе іх можна было заўважыць, падабралі высокую жэрдку і, што называецца, выкінулі сцяг.

З чаго яго можна было зрабіць? А з чаго мелі: з камбінацый, з ніжніх сваіх сарочак. Менавіта імі жанчыны планавалі сігналізаваць любому транспартнаму судну, якое будзе праплываць паўз іх па Енісеі. А паколькі за штурваламі, як правіла, мужчыны, шанц на выратаванне ў іх быў. Хоць, вядома, і мізэрны, бо чакаць дапамогі з сушы ім ніяк не выпадала: адтуль мог выйсці толькі мядзведзь.

...На нашым цеплаходзе наваяўленых рабінзонак прымалі досыць сурова. У іх адрас і экіпаж, і турысты выказалі шмат
нядобрых слоў — папракалі (і справядліва!) у легкадумнасці, у бесклапотнасці, пагражалі сур'ёзным штрафам...

Але ж і для іх, і для многіх іншых гэта гісторыя запомнілася найперш... урокам, што ўвачавідкі паказаў, у якія без перабольшвання страшныя пераплёты можна патрапіць, як нашкодзіць самому сабе, калі дзейнічаць безадказна. Асабліва — у дарозе. І далёка ад дома.

Пётр САЧЫЎКА,

в. Цырын, Карэліцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.