Вы тут

Модныя тэндэнцыі гэтай восені


Восеньскі гардэроб звычайна падбіраюць па адным крытэрыі — каб было цёпла. Але не варта абмяжоўвацца толькі шэрымі ваўнянымі пінжакамі і бясформенным трыкатажам. У сённяшнім аглядзе — модныя тэндэнцыі, якія дапамогуць сустрэць халады стыльна.


Блу­за з фаль­бо­на­мі ад ды­зай­нер­кі Юліі Ба­бій.

Аксаміт

У аксаміту шмат недахопаў. Па-першае, робіць з выгляду паўнейшым. Па-другое, прыбаўляе ўзрост. Па-трэцяе, хутка зношваецца. Але пры ўсім гэтым выглядае шыкоўна, таму і трапіў у калекцыі многіх мадэльераў. Напрыклад, беларуская дызайнерка Ганна Забеліна прапануе ў гэтым сезоне прымерыць малінавы касцюм: у яркім жакеце да таліі і кюлотах (укарочаных шырокіх штанах даўжынёй крыху ніжэй за калена) вас заўважаць на любым мерапрыемстве.

Пры выбары аксамітных рэчаў аддавайце перавагу глыбокім насычаным колерам: цёмна-сіняму, чорнаму, віннаму. Спалучаць лепш з атласам і замшай. А вось у камплекце з джынсамі ці трыкатажам буйной вязкі аксаміт глядзіцца недарэчна. Хоць у сучаснай модзе ўжо, здаецца, не засталося ніякіх табу.

Не ўпэўнены, што зможаце справіцца з грузам адказнасці, які ляжа на вашы плечы разам з аксамітным жакетам? Звярніце ўвагу на аксесуары: аксамітная сумачка ці пальчаткі стануць добрым дапаўненнем як вячэрняга, так і паўсядзённага гардэроба.

Аверсайз

Аб'ёмныя рэчы не губляюць актуальнасці ўжо не першы год. Што не дзіўна. Паліто, пінжакі і світары, быццам на два памеры большыя, чым трэба, дапамагаюць схаваць недахопы фігуры і адчуваць сябе ўтульна нават у ветранае надвор'е (а беларуская восень, самі ведаеце, цеплынёй не надта песціць).

Галоўнае, не перастарацца: няхай у камплекце будзе толькі адна рэч свабоднага крою. З мешкаватым світарам насіце вузкія джынсы ці легінсы, лёгкія спадніцы рознай даўжыні. Пад аб'ёмнае паліто — сукенку па фігуры. Ідэальнае каляровае рашэнне для адзення аверсайз — пастэльныя адценні.

Для на­строю вы­бе­ры­це гар­чыч­ны ко­лер.

Мужчынскі касцюм

Пазычыць што-небудзь з мужчынскага гардэроба — гэта ўжо класіка. І няхай моцная палова не крыўдзіцца, але на жанчынах класічны прамы касцюм-двойка глядзіцца больш стыльна. Чорны касцюм са штанамі ў вузкую палоску — хіт гэтай восені. А ў пары з ім — чаравікі без абцасаў. Добра падыдзе і ў офіс, і на вячэрняе мерапрыемства.

Абівачны і леапардавы прынт

Некалі над пінжакамі колеру канапы смяяліся і лічылі іх прыкметай безгустоўнасці. Сёлета дызайнеры выкарыстоўваюць абівачны прынт на сукенках, касцюмах, паліто і сцвярджаюць, што гэта модна. Не будзем спрачацца. Заўважым толькі, што калі выбіраеце рэч з такім узорам, няхай яна будзе асноўнай у вашым камплекце: не трэба нагружаць вобраз дадатковымі акцэнтамі.

Леапардавы прынт таксама перыядычна трапляе ў «чорны спіс». Але толькі не ў гэтым сезоне. Таму калі ў вашай шафе паміж бэжавым і чорным паліто вісіць леапардавае і сарамліва чакае свайго часу, смела апранайце.

Кла­січ­нае па­лі­то ад Іры­ны Бой­цік.

Яркія колеры

Чырвоны, бэзавы, рэзкі гарчычны і рачны сіні — такія смачныя адценні выбраў для нас на гэту восень інстытут колеру Pantone. Беларускія дызайнеры з ім цалкам згодны. Напрыклад, Ірына Бойцік прапануе чырвонае класічнае паліто. Занадта ярка? У гэтай жа калекцыі ёсць строгія тэракотавыя касцюмы, дзе чырвоным акцэнтам сталі накладныя кішэні. А гарчычныя сарафаны і спадніцы для беларускіх модніц пашыла мадэльер Алена Гарэцкая.

Махры і фальбоны

Лёгкай і рамантычнай можна быць не толькі вясной. Калі вы шукаеце сабе ўбор для паходаў у тэатр ці рэстаран у лістападзе, няхай гэта будзе сукенка з махрамі. Дэкор можа быць абсалютна рознай даўжыні: ад некалькіх сантыметраў да метра, ствараючы эфект спадніцы ў падлогу.

З фальбонамі лёгка прамахнуцца. Каб у адзенні з такім аздабленнем не выглядаць тэатральна, вазьміце за прыклад уборы дызайнеркі Юліі Бабій. Светла-ліловая блуза з доўгімі рукавамі і фальбонамі па баках ліфа — святочны і адначасова стрыманы варыянт. А шэра-карычневая туніка з падобным дэкорам здаецца настолькі класічнай, што ніхто і не падумае абвінаваціць вас у празмернасці.

Су­кен­ка з мах­ра­мі — ідэа­льны ва­ры­янт на вы­хад.

Спартыўны стыль

Пасля таго як куцюр'е афіцыйна дазволілі насіць штаны з палоскай пад абцасы, гэты стыль канчаткова замацаваў свае пазіцыі. Не, спартыўны касцюм па-ранейшаму можна апранаць толькі на прабежку. Для паўсядзённага ж гардэроба падыдуць прамыя трыкатажныя сукенкі з манжэтамі ці падоўжаныя жакеты, стылізаваныя пад бомберы. Апошнія можна спалучаць з лёгкімі і нават паўпразрыстымі спадніцамі, як гэта раіць рабіць мадэльер Марына Давыдава. Увогуле спартыўныя рэчы ў адным камплекце з класікай — бяспройгрышны варыянт.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Беларускага тыдня моды

Загаловак у газеце: Касцюм у палоску і махры да падлогі

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках