Вы тут

Дзень быў светлым


У вёсцы Бабровiчы Iвацэвiцкага раёна адбылося ўрачыстае асвячэнне храма-каплiцы ў гонар Святой велiкамучанiцы Параскевы Пятнiцы i ў вечную памяць 1280 нявiнна замучаных i забiтых у вераснi 1942 года бабравiчан, жыхароў вёсак Тупiчыцы, Вяда i Краснiца.


Пад­час на­ба­жэн­ства ў хра­ме-кап­лi­цы.

Чытаеш iх прозвiшчы, i стыне душа: «Праскоўя Валуевiч, Агата Валуевiч... Цiмафей Пашкевiч, Ганна Пашкевiч з дзецьмi, Дамiнiка Пашкевiч з дзецьмi...» З чатырма... З сямю... З немаўляткам... Якую ж пакутнiцкую смерць яны прынялi! I таму ў дзень асвячэння храма, здаецца, анёламi зляцелiся ў Бабровiчы, да новай святынi.

Будаўнiцтва iх — справа народа Божага, як казаў настаяцель яглевiцкага храма айцец Вiталiй. I калi ты часцiнка яго, то ўбаку нiколi не застанешся.

I сапраўды: будоўлю, распачатую краязнаўцам i пiсьменнiкам Веньямiнам Бычкоўскiм, прадоўжылi прыхаджане iвацэвiцкага храма iконы Божай Мацi, а потым i яглевiцкага... Нехта шчыраваў непасрэдна на аб'екце, нехта дапамагаў арганiзацыйна, грашыма, малiтвай — усё «сцякалася» да айца Вiталiя, якi цалкам аддаваў сябе гэтай справе. Iншы раз ён, здавалася, нават размаўляць не мог ад стомы, але ж якраз гэта праца на мяжы немагчымага i дазволiла ў кароткi тэрмiн завяршыць будаўнiцтва храма-каплiцы. I асвячэнне яго атрымалася вельмi ўрачыстым!

— Цi ж думала я, што дажыву?! Гляджу i сваiм вачам не веру, што ў нас, у Бабровiчах, ды такое вялiкае свята, што столькi бацюшкаў прыехала, што асвячаюць царкву, — праз слёзы казала 88-гадовая Вера Iванаўна Крот. — Там жа напiсаны ўсе нашы людзi — i спаленыя, i забiтыя... Яны ж гэта бачаць...

З Верай Iванаўнай мы размаўляем каля храма на лавачцы — ногi ёй ужо не надта служаць. Жанчына расказвае, што сюды, на асвячэнне, на сваёй машыне яе прывёз айцец Вiталiй i абяцаў завезцi назад. Дзякавала Богу, Царыцы Нябеснай i ўсiм людзям, што зрабiлi гэткую вялiкую справу.

— У той дзень я пасвiла кароў, — плакала, успамiнаючы жанчына. — Ганю iх дамоў, а вёска гарыць, кругом крык, енк, стралянiна... Куды мне бегчы, дзе мая мама, дзе ўсе? Гляджу, людзi бягуць да возера, i я за iмi... Бяжым, а за спiнамi стрэлы. Я ад страху нi ўправа, нi ўлева збочыць не магу... Цэлую ноч у Бабровiцкiм возеры прасядзела. З таго часу рукi ў мяне пакурчаны... Холадна вельмi было.

I на ранiцу, можна сказаць, не цяплей, бо ёй, чатырнаццацiгадовай, страшэнная карцiна адкрылася: усюды горкi пах дыму, спаленыя хаты, забiтыя людзi.

Жыла ў Выганашчах у сваякоў, потым у лесе сустрэла аднавяскоўцаў. Хапiла ўсяго — голаду, страху. Сястру пагналi ў Германiю, там яна i памерла. Вера Iванаўна засталася адна.

Усiх ахвотных пабыць на першай лiтургii невялiчкi храм не ўмясцiў. Але ж тыя, хто працiснуўся, расказвалi, як там хораша: сцены драўляныя, памiж бярвёнамi — вяровачкi прыгожай паклi, разны iканастас i акенцы, праз якiя ўнутр зазiраюць сосны...

А дадайце яшчэ да гэтага ўрачысты перабор званоў, анёльскi спеў яглевiцкага царкоўнага хору ды адкрытасць душ падчас урачыстага памiнання ўсiх нявiнна забiтых i спаленых пакутнiкаў...

Уладыка Стафан, архiепiскап Пiнскi i Лунiнецкi, у сваёй пропаведзi казаў, што промыслам Божым было ўстроена ўзвядзенне гэтага храма-каплiцы, i дзякаваў айцу Вiталiю, кiраўнiцтву раёна, дабрачыннiкам, усiм братам i сёстрам за ўзвядзенне яшчэ адной святынi.

Наступным урачыстым момантам было ўручэнне медалёў, грамат Экзархата i падзячных лiстоў Анатолiю Ткачуку, Аляксандру Молашу, Юрыю Барсукову, Веньямiну Бычкоўскаму, Людмiле Пракурат, Веры Власавец, Сяргею Арцёмчыку, Валерыю Калеснiковiчу, Юрыю Мiлеўскаму, Таццяне Молаш, Сяргею Лемяшэўскаму.

...А пасля трапезы, якую ладзiлi сiламi прыхаджан, быў час пасядзець, паспяваць духоўныя песнi, пагаманiць з людзьмi. Марыя Iванаўна Петруковiч 30 гадоў замужам у Яглевiчах, прыехаць на свята ў родную вёску iм з мужам дапамаглi дзецi. «Ажылi мае Бабровiчы, — казала жанчына. — Сяджу вось i плачу — такая радасць!.. Мы на Вялiкдзень сюды на могiлкi прыязджалi, а сёння тут як быццам другi Вялiкдзень!»

Пад вялiкiм уражаннем ад падзеi былi i ганаровыя госцi свята, усе наведнiкi, бо нехта сустрэў тут сваякоў, нехта — сяброў, нехта проста вярнуўся на родную зямлю.

Валянцiна БОБРЫК,

г. Iвацэвiчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».