«Акном» у боскае вымярэнне стала выстаўка ікон і прадметаў літургіі XVІІ—ХХІ стагоддзяў «Свет нябесны на зямлі». Гэтая экспазіцыя адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі.
З аднаго боку, музей — установа свецкая і дзяржаўная, якая павінна захоўваць сведчанні часу і расказваць пра іх сучаснікам і наступнікам. Але, бывае, здараецца так, што свецкае і рэлігійнае вымярэнні перакрыжоўваюцца, злучаюцца ў лагічным сімбіёзе, дапаўняюць адно аднаго. Так, па словах міністра культуры Барыса СВЯТЛОВА, адкрыццё выстаўкі праваслаўных, каталіцкіх і ўніяцкіях абразоў і алтарных карцін з мерапрыемства чыста свецкага стала імпрэзай, пранізанай высокімі хрысціянскімі каштоўнасцямі.
— Сіла гэтай экспазіцыі не толькі ў тым, што яна паказвае творы, якія жывуць ці набылі другое жыццё, але дазваляе паназіраць за работай рэстаўратараў у працэсе вяртання каштоўнасцяў да жыцця, — падкрэсліў міністр.
Думку міністра падтрымаў і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ПАВЕЛ.
— Гэтая выстаўка сёння вельмі важная, — зазначыў Уладыка. — Тут можам пабачыць каштоўнасці, якія раней былі пад забаронай і нават знішчаліся, разбураліся, былі забытыя. Гэта наша духоўная спадчына, спадчына культуры нашага народа. У іконах, прадстаўленых на экспазіцыі, — сутнасць духоўнага жыцця людзей розных эпох. Мы зусім невыпадкова захапляемся гэтымі работамі, бо яны — погляд чалавека на свет боскага, «акно» ў боскае, сакральнае.
Абразы «Спас Уседзяржыцель» і «Маці Божая з дзіцем» 1670-х гадоў з Мікалаеўскай царквы, што ў Пінску, захавалі традыцыйную вызантыйскую іканаграфію, а комплекс жывапісных твораў каталіцкага кляштара святой Брыгіты, што ў Гродне, які датуецца сярэдзінай XVІІ стагоддзя, дэманструе ўплыў еўрапейскай мастацкай культуры. Сакральныя творы, прадстаўленыя на экспазіцыі, даюць магчымасць назіраць за фарміраваннем беларускай мастацкай традыцыі, што ўвабрала характэрныя рысы культур хрысціянства Захаду і Усходу. На выстаўцы ў мастацкім музеі прадстаўленая большая частка абразоў, што экспанаваліся сёлета ў Музеях Ватыкана, у сусветнай сталіцы каталіцызму, расказвалі пра адметнасці беларускага сакральнага мастацтва. Дарэчы, тая выстаўка стала значнай падзеяй для культурнага жыцця Ватыкана і ўпершыню так шырока прадставіла ў Італіі беларускае мастацтва.
— Музеі Ватыкана штодзень наведваюць тысячы турыстаў, — расказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, архіепіскап Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ. — Госці Ватыкана прыходзяць паглядзець на багацці, што там захоўваюцца. І сярод гэтых багаццяў знайшлося месца для нашай краіны, для праваслаўных, каталіцкіх абразоў і ікон. Адкрыццё выстаўкі ў Ватыкане стала вялікай падзеяй, якую не абышоў сваёй увагай і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам. Я добра памятаю дзень 18 мая. У Музеях Ватыкана штодзень нешта адбываецца, але колькасць людзей, якія прыйшлі на адкрыццё беларускай выстаўкі, здзіўляла. Таксама ўсіх здзіўляла тое, што ў межах экспазіцыі прадстаўленыя і каталіцкія, і праваслаўныя абразы. Гэта значыць, што Беларусь дыхае двума лёгкімі — заходняга і ўсходняга хрысціянства.
Выстаўка беларускіх ікон у Ватыкане стала вельмі паспяховай. Нягледзячы на тое, што экспазіцыя атрымалася больш сціплай, не такой разнастайнай, як планавалася адпачатку, яна выклікала вялікую ўвагу грамадскасці. Сведчанне таму — цалкам запоўненая кніга водгукаў, дзе ёсць запісы на розных мовах. Нават па-беларуску. Гэта захопленыя водгукі саміх беларусаў. Цікава, што на адкрыццё экспазіцыі ў Мінску завітаў загадчык аддзела візантыйскага і сярэднявечнага мастацтва Музеяў Ватыкана Гвіда КАРНІНІ.
— Было некалькі прычын на тое, каб беларуская выстаўка стала значнай падзеяй у Ватыкане, — падкрэсліў ён. — Па-першае, беларускае мастацтва не так добра знаёмае італьянскай публіцы, таму задумка паказаць нешта новае — заўсёды выйгрышная карта. Па-другое, беларускае мастацтва, дзякуючы геаграфічнаму становішчу краіны, паказвае спалучэнне рысаў усходу і захаду. Гэта як лабараторыя для мастацтвазнаўцы, што дазваляе прасачыць, як розныя традыцыі і культуры суіснуюць, спалучаюцца. І па-трэцяе, беларускае мастацтва — прыклад суіснавання розных вераў, ці, калі хочаце, розных спосабаў верыць у адно і тое ж.
І сапраўды, наша сакральнае мастацтва — прыклад гарманічнага суіснавання заходняга і ўсходняга хрысіцянства, а экспазіцыі, што аб'ядноўваюць рэлігійныя прадметы розных канфесій, яшчэ раз даказваюць павагу беларусаў да веры, духоўнасці, боскасці незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Яшчэ адным сімвалам гарманічнага, мірнага суіснавання канфесій на Беларусі можна лічыць і новы канверт з маркай, прадстаўлены Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. На ім — два абразы побач — праваслаўны і каталіцкі. Сімвалічна, што падчас адкрыцця выстаўкі «Свет нябесны на зямлі» прайшла і ўрачыстая цырымонія гашэння новага канверта з маркай.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Кастуся ДРОБАВА
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.