У Полацку больш за 10 гадоў плённа працуе адзіны ў краіне клуб шыцця з абрэзкаў «Рошва». Кіраўнік клуба Ніна Ярмух расказала карэспандэнту «Звязды» не толькі пра творчасць. Аказваецца, гэта захапленне можа істотна палепшыць стан здароўя. Майстрыха падказала... і «рэцэпт» лячэння апёкаў і ран. Ім карысталіся нашы продкі. І куды ж без магіі? Гаварылі і пра яе. Дарэчы, «рошва» — значыць шво. У старадаўнія часы іх з чырвоных нітак рабілі на месцах, дзе тканіна сшывалася. Рошва — гэта абярэг, які швачка стварала, каб не пракралася нячыстая сіла.
А чым нашы мужыкі горшыя?
Нагодай для сустрэчы стала навіна пра тое, што ў самым старажытным горадзе краіны пройдзе міжнародны конкурс шыцця з абрэзкаў «Полацк-квілт».
— Арганізуем яго трэці раз. На сёння пададзены заяўкі ад патэнцыйных удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы. У Германіі таксама праявілі інтарэс... Усюды, дзе ёсць тканіны, умельцы выкарыстоўваюць для творчасці шматкі. І ў Афрыцы таксама. Такім чынам, шчыра верым, што з часам убачым творы майстроў з розных кантынентаў, — гаворыць Ніна Ярмух.
Нам, напэўна, дзіўна, але сярод іншаземцаў нямала мужчын. Ёсць нават сайт, дзе яны абменьваюцца інфармацыяй, вопытам. І такіх фанатаў шыцця са шматкоў, не паверыце, тысячы!
— Праўда, чамусьці ў былым СССР іх нямнога. Дакладна ведаю, што ў Расіі мужчын, якія на добрым узроўні ствараюць творы, трое. Ведаю кожнага. Нашы мужыкі, напэўна, лянуюцца (смяецца). Навучыла і сына, але ён аддае перавагу мужчынскім хобі...
Гэты від творчасці станоўча ўплывае на стан здароўя, працягвае жыццё, упэўнена Ніна Ярмух. Замежныя навукоўцы правялі адпаведнае даследаванне. Справа ў тым, што тканіны розныя па фактуры. Калі чалавек працуе з імі, адбываецца масаж пальцаў. Сам працэс творчасці адцягвае ад праблем, часта надуманых. Вытрымка і засяроджанасць — дадатковыя бонусы для аздараўлення.
У 79 гадоў — вышэйшы пілатаж!
У клубе каля 15 членаў. Гэта жанчыны розных узросту і прафесій.
— Яны непрафесійныя швачкі: медыкі, эканамісты, банкаўскія работнікі, настаўніцы... А самай старэйшай з «Рошвы», Алене Уладзіміраўне Каспіровіч, сёлета споўніцца 79 гадоў. З намі яна гадоў 9 — адна з самых актыўных членаў клуба. Да выхаду на пенсію працавала ў бібліятэчнай сістэме, — расказвае суразмоўца.
Сама Ніна Ярмух першыя спробы шыць зрабіла яшчэ ў 6 гадоў з дапамогай бабулі і мамы. Калі ў 5-м класе дзяўчынак вучылі трымаць іголку ў руках, яна ўжо добра шыла.
Спадарыня Ярмух і яе аднадумцы бралі ўдзел у многіх конкурсах. Іх майстэрства высока ацанілі ў розных краінах. Сярод твораў — карта Беларусі з выявай элементаў нацыянальнага арнаменту, вырабы паводле літаратурных твораў беларускіх класікаў.
Коўдры ад полацкіх майстрых — лепшыя падарункі на вяселле, для немаўляці.
— Так, можна ў краме купіць штосьці з сінтэтыкі. Але ж, зразумейце, калі коўдра зроблена ўручную, якасць непараўнальная. Адразу сагрэе. І будзе служыць не толькі ўладальнікам, але і іх дзецям, нават унукам, — працягвае Ніна.
Маленькая коўдра на сёння каштуе прыкладна 60—100 рублёў. Працуе над ёй майстрыха некалькі месяцаў. І перадае сваю станоўчую энергію ніткам, тканінам. Назвы апошніх многім ужо нічога не гавораць: паплін, туаль, маркізет, жаржэт, мадапалам... А члены клуба «Рошва» іх выкарыстоўваюць для творчасці. Просяць сяброў і суседзяў падарыць тканіны такія, якія засталіся з савецкага часу... Такім чынам, яны — і гісторыкі моды, і «эксперты тэкстыльнай прамысловасці».
А яшчэ майстрых «Рошвы» можна параўнаць са знахаркамі. Яны падчас працы «прыгаворваюць» на здароўе, на каханне, багацце ў дом. Так рабілі нашы бабулі і прабабулі.
Між іншым, гэта міф — што шылі з абрэзкаў ад беднасці. Шыць, зразумела, маглі, калі быў запас шматкоў ад адзення. Чым больш шылі вопратку, адпаведна заставалася многа шматкоў і магчымасць іх выкарыстоўваць. Унутр коўдры і ў старадаўнія часы закладвалі вацін або вату. А яны каштавалі дорага.
— Коўдры з абрэзкаў былі добрай рэкламай для майстрыхі. Прыходзіць да яе кліентка і бачыць цуд на канапе. Робіць заказ і знаёмым раіць. Гэта ж якое трэба мець майстэрства, каб і лішнюю тканіну аддаць заказчыкам, і абрэзкі выкарыстаць. Нездарма раней казалі: «Дрэнная тая майстрыха, у якой няма хоць адной коўдры з абрэзкаў», — разважае Ніна Ярмух.
На хлеб з маслам хопіць?
Жанчына паказала мне інструменты. Спецыяльныя нажніцы... у выглядзе дыска. «Планшэт» — дошка і іншае можна па цане параўнаць з коштам хай не новага, але аўто.
— Але гэта не значыць, што такія аксесуары толькі для багатых. Можна купіць і танныя інструменты. Зразумела, што ў навічка няма патрэбы адразу купляць тыя ж нажніцы па высокай цане. Тым больш, што за некалькі месяцаў добра шыць з абрэзкаў не навучышся. Неабходна знайсці добрага настаўніка, чытаць літаратуру спецыяльную, — адкрывае сакрэты майстрыха.
Да яе вучыцца прыязджаюць нават з Віцебска, да якога ад Полацка каля 100 кіламетраў. Ёсць і вучаніцы з іншых абласных цэнтраў. Але яны, канешне, часта не могуць наведваць клуб.
Ці можна навучыцца і добра зарабляць на шыцці з абрэзкаў? Майстрыха трохі пакрыўдзілася, пачуўшы гэтае пытанне. Яе вучні ў першую чаргу ствараюць творы, каб падарыць людзям прыгажосць, для творчай рэалізацыі. І ніхто ёй не гаварыў, што хоча навучыцца шыць, каб абагаціцца.
— Хоць, калі знойдзеш дзе рэалізоўваць прадукцыю, думаю, магчыма зарабіць, як кажуць, на хлеб з маслам. У любым выпадку вы самі будзеце задаволены сабой. Бо і кватэру ўпрыгожыце, і заўсёды будзеце ведаць, што падарыць знаёмым, — разважае майстрыха.
«Ілжывы выклік» латвійскай «хуткай»
Гутарылі мы параўнальна доўга. Пацікавіўся і тым, наколькі часта атрымліваюць раны вучні, яна сама.
— Канешне, іголкай нават вопытны чалавек можа ўкалоцца. І без апёкаў ад праса не абыходзіцца. Універсальны сродак лячэння — мёд! Асабліва пры апёках. Аднойчы, праўда не ў майстэрні, а на кухні, я атрымала апёк рук. Успомніла, што мне бабуля раіла хутчэй мёдам змазваць у такіх выпадках. Рукі ў слоік з мёдам, і хвілін за дваццаць боль прайшоў і скура «пачала зацягвацца». Я так і сына майго лячыла, калі ён у дзяцінстве падаў, — расказвае спадарыня Ярмух.
Ад яе метаду былі ў прыемным шоку... латвійскія медыкі з «хуткай». Па скайпе палачанка звязалася з сяброўкай, якая жыве ў Латвіі. І так адбылося, што гутарка пачалася пасля таго, як іншаземка атрымала апёк жывата. Ніна параіла хутчэй шукаць мёд. Калі людзі ў белых халатах з'явіліся на парозе кватэры, былі здзіўлены «лжываму выкліку». Наступствы тэрмічнай траўмы знікалі літаральна на іх вачах...
P.S. Доступ да конкурснай экспазіцыі ў полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур будзе адкрыты з 23 кастрычніка. А заключныя мерапрыемствы, узнагароджанне і падвядзенне вынікаў адбудуцца 12 лістапада. Майстар-класы пройдуць 10—12 лістапада. «Звязда» вырашыла ўручыць фірменныя прызы адной з майстрых. А мо і майстру!
Аляксандр ПУКШАНСКІ
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.