Вы тут

Прэзідэнт Беларусі правёў перагаворы з Лі Кэцянам


Трэці дзень дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку быў насычаны. Прэзідэнт Беларусі правёў перагаворы з Прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам і наведаў Пекінскі ўніверсітэт, дзе выступіў перад студэнтамі.


Падчас сустрэчы з Лі Кэцянам кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ўжо на працягу двух з паловай дзясяткаў гадоў цікавіцца вопытам развіцця Кітая. «Інтуітыўна яшчэ тады — да свайго прэзідэнцтва — я зразумеў, што будучае нашай планеты за Кітаем. Як бачыце, я не памыліўся», — адзначыў Прэзідэнт.

У сваю чаргу, Лі Кэцян выказаў упэўненасць, што дзяржвізіт Аляксандра Лукашэнкі надасць дадатковы магутны імпульс далейшаму развіццю кітайска-беларускіх адносін.

Выступаючы перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта, беларускі лідар закрануў не толькі пытанні развіцця беларуска-кітайскіх адносін, але і падзяліўся сваім бачаннем сучаснай сітуацыі ў свеце.

«Я ўжо гаварыў, быўшы ў ААН, што глыбінная крыніца ўсіх крызісаў тоіцца ў штучным несуразмерным культываванні індывідуальных правоў і свабод чалавека на шкоду грамадскім інтарэсам, — сказаў Прэзідэнт. — Прыкрываючыся лозунгам абароны правоў чалавека, звяргаюцца ўрады, разбураюцца дзяржавы, арганізуюцца ваенныя інтэрвенцыі. Па сутнасці, насаджваюцца хаос і анархія са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Але ж нават шчырыя, добрыя мэты не павінны дапускаць нягодных сродкаў іх дасягнення».

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, міжнародная палітыка сёння характарызуецца моцнай канкурэнцыяй ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, уключаючы эканамічную, навуковую і культурную. Абстаноўка ў свеце вельмі абвастрылася, з'явіліся новыя сур'ёзныя выклікі: узброеныя канфлікты ў Сірыі і Украіне, сітуацыя з мігрантамі. «Але ўсім вядома, што новыя выклікі — гэта і новыя шанцы. Сусветная супольнасць проста абавязана знайсці выхады і развязкі для іх дастойнага вырашэння. Галоўным прынцыпам павінны быць не канфрантацыя краін, не насілле, а ўзаемаразуменне, дружалюбнасць і супрацоўніцтва дзеля агульнай карысці чалавецтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Толькі шматпалярны свет можа ўтрымаць і выратаваць нашу планету ад разбурэнняў. Ні адна сістэма не можа доўга ўстаяць на адной апоры. Чым іх больш, тым магутней сістэма. І адной з апор гэтай шматпалярнасці і ўстойлівасці з'яўляецца КНР. І мы вельмі зацікаўлены, каб гэтая апора пастаянна ўмацоўвалася. У гэтым наш прагматызм, — заявіў Прэзідэнт. — Будзе магутны і моцны Кітай — будзе суверэнная і незалежная Беларусь. Таму што гэта наш сябар, на плячо якога мы заўсёды зможам абаперціся».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь цвёрда прытрымліваецца шматвектарнай знешняй палітыкі, развівае адносіны з усімі без выключэння рэгіёнамі свету, з усімі дзяржавамі. «Мы заўсёды зыходзім з такога разумення пры выпрацоўцы і ажыццяўленні сваёй знешняй палітыкі. Таму нацэлены выключна на ўмацаванне і пашырэнне супрацоўніцтва з усімі суседзямі — і на Усходзе, і на Захадзе — настолькі глыбока, наколькі гэта магчыма, але не на шкоду каму-небудзь. Мы вядзём дыялог з тымі партнёрамі, якія гатовы будаваць адносіны з Беларуссю на раўнапраўнай аснове, без дыктату і прымушэння», — заявіў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што Беларусь выступае за бясспрэчнае вяршэнства права ў міжнародных адносінах, на якім павінна грунтавацца сучаснае справядлівае і шматпалярнае светаўладкаванне.

«Гістарычна склалася, што праз нашы землі ў цэнтры Еўропы шмат стагоддзяў праходзіць так званая лінія сутыкнення інтарэсаў буйнейшых дзяржаў, якую шэраг даследчыкаў называюць лініяй сутыкнення цывілізацый. Не прэтэндуючы на глабальныя геапалітычныя амбіцыі, мы змаглі стварыць востраў стабільнасці ў нашым рэгіёне, сфарміраваўшы дружалюбныя і ў дастатковай ступені даверныя адносіны з усімі нашымі суседзямі: Расіяй, Еўрапейскім саюзам, Украінай», — заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь — дзяржава, якая падпарадкавала сваю знешнюю палітыку прагматычным і зразумелым мэтам, галоўнымі з якіх, безумоўна, з'яўляюцца павышэнне дабрабыту і ўзроўню жыцця народа, а таксама забеспячэнне бяспекі ў краіне і добрасуседства на граніцах.

Беларусь падтрымлівае ідэю спалучэння інтэграцыі ў ЕАЭС з развіццём праекта Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што наша краіна паслядоўна выступае за фарміраванне ўстойлівых механізмаў дыялогу і супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і іншымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. «Учора на перагаворах з Сі Цзіньпінам адзначана важнасць таго, каб рэалізацыя ідэі пояса Шаўковага шляху была звязана з інтэграцыяй у ЕАЭС. Мы з гэтым згодны», — заявіў Прэзідэнт, выказаўшы перакананасць у тым, што істотную карысць у рэалізацыі гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных інтарэсаў магло б прынесці супрацоўніцтва ЕАЭС з ШАС, АСЕАН, Еўрасаюзам і іншымі рэгіянальнымі аб'яднаннямі.

Гаворачы пра Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», Прэзідэнт назваў яго ўзорам інвестыцыйнага супрацоўніцтва. «Праводзячы перагаворы з прэм'ерам Дзяржсавета Кітая і з Сі Цзіньпінам, мы дамовіліся, што індустрыяльны парк «Вялікі камень» у Беларусі павінен стаць узорам яшчэ і для таго, каб прадэманстраваць усяму свету, і перш за ўсё высокатэхналагічнай Еўропе, што такое Кітай сёння, — сказаў беларускі лідар. — Нам трэба пабудаваць узорна-паказальны тэхналагічны комплекс, каб іншыя краіны Еўропы, убачыўшы гэта, пажадалі супрацоўнічаць з Кітаем. І чаго б нам ні каштавала, гэты праект будзе рэалізаваны».

Паводле слоў беларускага лідара, закладзены добры фундамент і для развіцця супрацоўніцтва моладзі і студэнтаў дзвюх краін: адкрыта каля двухсот адукацыйных праграм, у Беларусі створаны тры інстытуты і сем класаў Канфуцыя, у Другім Пекінскім універсітэце замежных моў адкрыты курсы беларускай мовы. Прэзідэнт заклікаў шукаць і выкарыстоўваць самыя разнастайныя формы для развіцця маладзёжных і студэнцкіх кантактаў. «Давайце разам вучыцца і працаваць. Гэта будзе добрым фундаментам для развіцця ў далейшым нашых адносін», — сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стратэгія развіцця сучаснай Беларусі грунтуецца на сацыяльна арыентаванай рыначнай эканоміцы, у якой дзяржаве адведзена вельмі важная роля па мадэрнізацыі вытворчасці і стымуляванні росту прадукцыйнасці працы. «Але зразумела, што дасягненне гэтых мэт немагчыма без тэхнічнага прагрэсу, інвестыцый і ўзаемадзеяння са знешнім светам. І знакавае месца ў гэтым працэсе займае супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Шчырая зацікаўленасць і ўсведамленне ўзаемнай выгады далі магчымасць нам рэалізаваць буйныя і высокатэхналагічныя сумесныя праекты», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь з задавальненнем будуе і развівае свае адносіны з Кітаем, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць у тысячы кіламетраў

Перад адлётам са сталіцы Кітая Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да Помніка народным героям. На гэтым афіцыйная праграма візіту завяршылася.

Сёння адзначаецца Дзень абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню КНР Сі Цзіньпіна і дружалюбны народ гэтай краіны са святам.

Напярэдадні 25-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін Прэзідэнт Беларусі з задавальненнем адзначыў каласальны якасны прарыў у супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі, дасканалы за такі невялікі прамежак часу.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што далейшае збліжэнне Мінска і Пекіна — гэта правільны шлях.

Паводле БЕЛТА

Загаловак у газеце: Адлегласць дружбе не перашкода

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.