Вы тут

На Любчанскім замку будуць узведзены Паўднёвая і Усходняя вежы


Восень — час падвядзення вынікаў. І шчаслівы той, хто прыходзіць да гэтай пары з рахункам зробленых карысных спраў. Гэта акурат можна сказаць пра Дабрачынны фонд «Любчанскі замак» — летам там пашчыравалі ад душы. Дзякуючы праведзеным работам у бліжэйшы час на замку, згодна з прынятай канцэпцыяй яго адраджэння, будуць адноўлены... яшчэ дзве страчаныя вежы.


Рэ­стаў­ра­ва­ныя ка­ло­ны на ўез­дзе ў Люб­чан­скі за­мак.

У мінулым годзе падчас археалагічных даследаванняў удалося адшукаць рэшткі Паўночнай вежы (Дазорцы). Падмуркі знаходзіліся вельмі глыбока — на 3,5 метра ніжэй за ўзровень замчышча. Вывучалі таксама падмуркі паўднёва-заходняй сцяны — як высветлілася, яны разбіраліся, а будаўнічы матэрыял з іх выкарыстоўваўся для ўзвядзення палаца ў 1860-х гадах. Усё гэта дало падставы для прыняцця рашэння аб аднаўленні страчаных аб'ектаў.

Сляды кунсткамеры

Сёлета археалагічныя работы былі скіраваныя на даследаванне муроў флігеля і палаца (якія захаваліся да нашага часу). Таксама шукалі, дзе знаходзілася скарбніца князёў Радзівілаў: згодна з інвентарамі, яна была ўзведзена на падмуроўцы — на глыбіні каля паўметра. Частка экспанатаў скарбніцы ў свой час стала асновай унікальнага музея — Любчанскай кунсткамеры. У ёй захоўваўся збор карцін і скульптуры вядомых майстроў, археалагічныя калекцыі, зброя. Аднак і па сёння, на жаль, ні слядоў калекцый, ні самой скарбніцы адшукаць не ўдалося...

Затое знайшлі рэшткі плацін: калісьці замак з трох бакоў атачаўся равамі з вадой, а каля Нёмана яе ўтрымлівалі драўляныя перагародкі, якія і былі знойдзеныя.

Археолагі спрабавалі таксама адшукаць падмуркі драўлянай Усходняй вежы, аднак так і не натрапілі на іх. Падмуркаў або не мелася зусім, або яны былі невялікімі і іх разабралі, калі будавалі палац. Аднак Усходнюю вежу ўсё адно плануецца ўзвесці — згодна з тым, як яна адлюстравана на гравюры Нарновіча-Наронскага, што захоўваецца ў Варшаве.

Дырэктар дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» Іван Пячынскі кажа, што, каб правесці археалагічныя раскопкі, давялося сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі:

— Першапачаткова кошт раскопак, згодна з атрыманымі каштарысамі, вагаўся ад 30 800 да 106 600 рублёў. Аднак такая сума для дабрачыннага фонду, натуральна, была недасяжнай. Таму мне давялося звярнуцца па дапамогу і напісаць ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта. Там да сітуацыі паставіліся з разуменнем і дзякуючы кіраўніцтву Акадэміі навук і Інстытута гісторыі было знойдзена рашэнне, якое задаволіла ўсіх. Раскопкі прайшлі паспяхова і, самае галоўнае, своечасова, калі на замку было шмат валанцёраў.

Пракладваючы масты і плаціны

Сёлета спецыялісты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта дапамогуць у правядзенні інжынерных даследаванняў — будуць вывучаны фундаменты збудаванняў і зроблены заключэнні па іх стане. Атрыманыя матэрыялы плануецца выкарыстаць для аднаўлення вежаў, палаца і флігеля. Стане зразумела, ці патрэбны дадатковыя ўмацаванні падмуркаў.

— Мы спадзяёмся што архітэктурны праект на ўвесь комплекс будзе гатовы і вынесены на разгляд савета пры Міністэрстве культуры ў кастрычніку гэтага года, — адзначае Іван Пячынскі. — Калі архітэктурны праект прыме (зацвердзіць) савет, будзе распрацаваны яшчэ і будаўнічы праект, які разгледзіць пазаведамасная экспертыза.

Пасля атрымання дакументацыі рабочага праекта першапачаткова плануецца аднаўляць тыя збудаванні, якія існавалі ў ХVІІ стагоддзі: Паўночную вежу, затым Усходнюю — гэта архітэктурныя дамінанты канца ХVІ — ХVІІ стагоддзя. Будуць аднаўляцца масты, якія ішлі да замка, плаціны. Плануецца паглыбіць равы, якія і сёння атачаюць старажытны мур.

Ды­рэк­тар фон­ду Іван Пя­чын­скі (справа)  і ар­хе­о­лаг Анд­рэй Мя­цель­скі з ва­лан­цё­ра­мі пад­час рас­ко­пак.

Дзеля даўгавечнасці

Для аднаўлення збудаванняў будуць выкарыстаныя доўгатэрміновыя матэрыялы — камяні, цэгла. Сёлета падчас некалькіх валанцёрскіх летнікаў была зроблена вельмі важная работа — са старых, непатрэбных будынкаў нарыхтавана 31,5 тысячы цаглін. Калі ўлічыць, што адна цагліна каштуе 4,1 рубля, а важыць 3,9 кг, то робіцца відавочным, што фонду ўдалося істотна сэканоміць. Калі б набываць такую ж колькасць цэглы, давялося б замовіць 6 фур па 20 тон, на кошт амаль 130 000 рублёў. А дастаўка каштавала б не менш за 3400 рублёў. Таму тую работу, што зрабілі валанцёры толькі нарыхтоўваючы цэглу, можна ацаніць у 133 400 рублёў.

Для вонкавых работ будзе выкарыстана цэгла, што і па форме, і па колеры адпавядае гістарычнай. Магчыма, яе змогуць вырабіць на Мінскім заводзе будаўнічых матэрыялаў (ужо вядуцца адпаведныя перамовы).

Шмат іншага матэрыялу — драўніны — патрэбна на заканчэнне Брамнай вежы. Яна неабходна, каб правесці ўнутраныя работы, у тым ліку наслаць падлогі. Таму Іван Пячынскі звярнуўся да міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча (ён нарадзіўся недалёка ад Любчы, у Клюкавічах). Як высветлілася, міністр пра замак ведаў і раней, нават бываў у ім. Таму праектам аднаўлення вельмі зацікавіўся і пагадзіўся падтрымаць яго будаўнічымі матэрыяламі. Такая шчодрая дапамога аказалася вельмі своечасовай.

Варта дадаць, што не толькі Міхаіл Амельяновіч стаў добрым сябрам Любчанскага замка — ужо шмат гадоў аднаўленне вельмі істотна фінансава падтрымлівае Прыорбанк.

Уласнымі рукамі...

Натуральна, Любчанскі замак складана ўявіць без валанцёрскіх летнікаў. Многае робіцца тут менавіта рукамі студэнтаў-добраахвотнікаў. Не стаў выключэннем і гэты год. Сёлета правялі чатыры летнікі — студэнтаў БНТУ, БДТУ, БДУ. Таксама прыязджалі папрацаваць тыя, хто ўжо раней бываў на замку. На некаторыя выхадныя адначасова збіралася да 70—100 чалавек!

Важнай справай, аднаўленнем уязных калон, займаўся студэнт 5-га курса БДТУ Сяргей Сахончык. У яго камандзе працавалі іншыя навучэнцы гэтай установы, у тым ліку Ягор Дабравольскі. Хлопцы расказалі, што ім прыемна ўсведамляць сваю карыснасць — рабіць справу, якая застанецца для нашчадкаў... Атрыманы досвед аднаўленчых работ дазволіў ім па-новаму зірнуць на сябе і на тое, што можна зрабіць уласнымі рукамі...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Навагрудскі раён

Загаловак у газеце: Старажытны мур расце...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.