Вы тут

Жыццёвы шлях князя Усяслава Брачыславіча


Подавайте же потомкам, что маете з предков.

Андрэй Рымша


(? — 1101)

Сучаснікі ў жаданні хоць неяк растлумачыць незвычайны лёс гэтага чалавека, таямнічасць і легендарнасць яго асобы, ягоную бурлівую дзейнасць, бліскучыя перамогі далучылі Усяслава да чарадзеяў і вешчуноў. Нават лічылася, што нарадзіўся ён ад чараў — «волхвования». Верылі, што князь можа абярнуцца ў ваўка, тура, сокала, як герой быліннага эпасу волат Вольга. Ды і пра яго самога складалі быліны. Невядомы аўтар геніяльнага «Слова пра паход Ігаравы» натхнёна апеў полацкага князя:

Усяслаў-князь людзям чыніў суды.

Радзіў князям гарады,

А сам уночы ваўком рыскаў,

З Кіева паспяваў да пеўняў

Да Тмутараканя,

Хорсу ў Полацку пазвоняць

Ютрань рана

У званы святое Сафіі.

А ён той звон чуе ў Кіеве.

Хоць і вешчую меў душу

ў дзёрзкім целе,

Ды часта ад бедаў цярпеў ён.

(Пераклад Рыгора Барадуліна.)

Ад перамогі да паражэння, ад міру да вайны — вось так усё жыццё. Каб захавалася летапіснае жыццё Усяслава, можна ўявіць, якое захапляльнае гэта было б чытанне. Але якія выпрабаванні ні выпадалі б, ён усё роўна быў верным сваёй Бацькаўшчыне. За яе веліч і свабоду жыў і змагаўся Усяслаў. Стаўшы маладым на чале Полацкай зямлі, цаглінка за цаглінкай будаваў ён сваю дзяржаву. І як сімвал яе паставіў у Полацку Сафійскі сабор — заявіў пра роўнасць з Ноўгарадам і Кіевам.

А калі Усяслаў пасталеў, дык адчуў сваю сілу, падняў меч вайны. Вырашыў ажыццявіць бацькоўскую мару — далучыць Наўгародскую зямлю да Полацка. У 1067 годзе полацкая дружына на чале з Усяславам узяла Ноўгарад. У знак падначалення Ноўгарада зняў ён з Сафійскага сабора званы і перавёз іх у Полацк. У адказ усе паўднёварускія князі рушылі на Полацкую зямлю і расправіліся з Менскам: мужчын забілі, жанчын і дзяцей захапілі ў палон, а горад спалілі. Усяслаў спазніўся на дапамогу і сустрэў ворага на рацэ Нямізе, непадалёку ад Менска.
3 сакавіка 1067 года адбылася адна з найбуйнейшых бітваў тых гадоў. Аўтар «Слова» напіша:

На Нямізе галовы сцелюць снапамі,

Малоцяць цапамі,

жыццё кладуць на таку злюцела,

веюць душу ад цела.

Нямігі, крывавыя берагі

не збожжам былі засеяны зноў —

засеяны косцьмі рускіх сыноў.

Кіеўскі летапіс прыпісаў перамогу сынам Яраслава — паўднёварускім князям. Але, дзіўная рэч, «пераможцы» пасля бітвы паспешліва адступілі з Полацкай зямлі. Поле бою засталося за Усяславам, а па традыцыі лічылася: хто застаўся «стаяць на касцях» — той і пераможца. Усяслаў засланіў сваю Бацькаўшчыну ад варожай навалы, выратаваў гарады і сёлы ад агню і мяча. Зразумеўшы, што Усяслава зброяй не пераможаш, Яраславічы скарысталі аблудлівасць і хлусню. Яны паклікалі Усяслава на перамовы і, парушыўшы крыжовае цалаванне, паланілі яго разам з двума сынамі. Усяслава прывезлі ў Кіеў і кінулі яго ў няволю. Амаль год прасядзеў Усяслаў у порубе. У гэты час на Русь напалі полаўцы. Яраславічы былі разбіты. Супраць кіеўскага князя Ізяслава ўспыхнула паўстанне. Напалоханы Ізяслаў уцёк з Кіева. Усяслава пад вітальныя крыкі кіяне вызвалілі з няволі і абвясцілі вялікім князем кіеўскім. Вось такі лёс.

Сем месяцаў кіраваў Усяслаў Руссю. І ў звоне кіеўскай Сафіі чуў звон сваёй — полацкай. Не прамяняў ён Бацькаўшчыну на высокі пасад рускага ўладара. І пры першай жа магчымасці вярнуўся ў Полацк. І пачаліся гады барацьбы. Ізяслаў з польскім войскам выгнаў Усяслава з Полацка. Чаго толькі не здарылася за гэтыя гады з Усяславам. І быў разбіты наўгародцамі, і трапіў да іх у палон, і вызваліўся, і зноў узняў меч, каб вызваліць Бацькаўшчыну ад варожага панавання, і, нарэшце, у 1071 годзе пераможцам уехаў у сталіцу сваёй дзяржавы. Але не магла змірыцца Русь са свабодай Полацкай зямлі. Новыя раці ішлі на Крывію. Кіеўскі князь Усевалад у 1077 годзе паспрабаваў захапіць Полацк. Усяслаў адбіў наступ ворага. Наступным годам усе вайсковыя сілы Русі, наўгародская, кіеўская, чарнігаўская, смаленская дружыны і палавецкая арда падышлі да Полацка. Усяслаў і гэтым разам абараніў сваю сталіцу. У гневе заваёўнікі разрабавалі полацкія прадмесці і знішчылі горад Одрск. Помсцячы за спусташэнне сваёй зямлі, Усяслаў захапіў Смаленск. Чарнігаўскі князь Уладзімір Манамах за гэта «пожег землю, довоевав до Лукомля і до Логожска, та на Дрютск воюя». У 1084 годзе ён нападзе на адноўлены Менск і спаліць яго. Але скарыць Усяслава, заваяваць Полацкую зямлю Русь не змагла. І калі на Любецкім з'ездзе ў 1097 годзе сабраліся рускія князі, каб падзяліць паміж сабой Русь, Усяслаў, як уладар незалежнай дзяржавы, праігнараваў гэтую дзяльбу.

Апошнія гады жыцця Усяслаў пражыў у міры. Суседзі асцерагаліся нападаць на полацкія землі, каб не выклікаць яго помсты. На гэтыя гады прыпадае росквіт магутнасці Полацкага княства, яго ўлада распаўсюджваецца на Ніжняе Падзвінне аж да Балтыйскага мора — на Земігалію, Лівонію, Летонію, Літву.

Цікавыя звесткі пра Усяслава былі ў архіве Менскай епархіі, якія пададзены ў кнізе «Воспоминания о древнем провославии Западной Руси» (1867 г.). Паводле іх, Усяслаў пабудаваў цвержу пры ўпадзенні ракі Нямігі ў Свіслач, на тым месцы, дзе калісьці адбылася славутая бітва. Адсюль і пачаў расці новы горад, які назвалі па імені спаленага на рацэ Менцы Менска. Такім чынам, Усяслава можна лічыць заснавальнікам Менска — сталіцы сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Ён жа заснаваў у горадзе Узнясенскі манастыр.

У 1101 годзе Усяслаў памёр. Летапісец дакладна адзначыў і дзень (14 красавіка), і час (9 гадзін), калі вялікі сын Полаччыны адышоў у бессмяроцце.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.