Вы тут

Беларусь і Малдова разлічваюць выйсці на таваразварот у $400 млн


Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам заявіў, што наша краіна разлічвае выйсці на таваразварот з Малдовай у 400 млн долараў. Андрэй Кабякоў таксама падкрэсліў, што галоўная мэта перамоваў — знаходжанне канкрэтных «кропак росту», дзякуючы якім стане магчымым істотна актывізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.


Таксама падчас двухдзённага афіцыйнага візіту ў Малдову Андрэй Кабякоў адзначыў, што сёлета ў першым паўгоддзі, нягледзячы на няспынныя крызісныя з'явы ў сусветнай эканоміцы, намеціўся рост таваразвароту дзвюх краін. «За сем месяцаў аб'ём узаемнага гандлю павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам амаль на 10% і склаў 150 млн долараў. Нам трэба замацаваць гэты станоўчы вынік і ставіць перад сабой мэту вярнуцца на ўзровень 2014 года — каля 400 млн долараў», — растлумачыў Андрэй Кабякоў.

«Сур'ёзную перспектыву мы бачым у кааперацыйных сувязях. Зараз у Малдове вырабляюцца беларускія тралейбусы і трактары. Працуюць над праектам зборачнай вытворчасці аўтобусаў МАЗ», — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, беларускія вытворцы гатовыя да павелічэння аб'ёмаў выпуску прадукцыі на дзеючых вытворчасцях, рэалізацыі новых значных для дзвюх краін праектаў. Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што цікавым сумесным праектам з'яўляецца зборка гібрыдных тралейбусаў, якая пачалася ў гэтым годзе ў Малдове. Яшчэ адзін прыклад супрацоўніцтва — нядаўна створанае зборачнае прадпрыемства беларускіх трактароў малой і сярэдняй магутнасці ў Гагаузіі.

«Акрамя таго, мы зацікаўлены ў арганізацыі сумеснай перапрацоўкі малдаўскай плодаагародніннай прадукцыі ў Беларусі для далейшай яе пастаўкі на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, у тым ліку з дапамогай развітой прамысловай і транспартна-лагістычнай інфраструктуры Беларусі», — сказаў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, Беларусь гатова падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў галіне будаўніцтва дарог і інфраструктуры, узвядзення малочнатаварных ферм і іншых сельскагаспадарчых аб'ектаў.

Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка, адносіны паміж Беларуссю і Малдовай носяць дружалюбны характар і вызначаюцца узаемаразуменнем, актыўны палітычны дыялог адбываецца на самым высокім узроўні. Для Беларусі Малдова з'яўляецца важным гандлёва-эканамічным партнёрам. За 7 месяцаў 2016 года ў аб'ёме беларускага экспарту Рэспубліка Малдова заняла 18-е месца ў свеце і 4-е месца па аб'ёме тавараабароту сярод краін СНД (пасля Расіі, Украіны і Казахстана). Таксама Беларусь застаецца важным спажыўцом малдаўскай вінаробнай і плодаагародніннай прадукцыі — каля 25% і 10% малдаўскага экспарту адпаведна.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу


Каментарый у тэму

Рынкі Малдовы для нас адкрыты

Пра тое, якія перспектывы ёсць у двухбаковым супрацоўніцтве, «Звяздзе» расказаў загадчык сектара даследаванняў праблем знешняга гандлю Інстытута эканомікі НАН Дзмітрый БЕРАСНЕЎ:

— За першыя сем месяцаў бягучага года назіраецца невялікі спад (11,6%) у беларускім экспарце ў Малдову адносна аналагічнага перыяду мінулага года. Асноўныя пастаўкі ў 2015 годзе склалі нафтапрадукты (амаль 40%). Сёлета іх доля скарацілася да 25% па большасці з-за цэнавых умоў, паколькі кошт прадукцыі знізіўся. Мы пастаянна пастаўляем прадукцыю машынабудавання. Нашы трактары на першым месцы па аб'ёмах паставак у параўнанні з іншымі краінамі. Мы замацаваліся на гэтым рынку. Акрамя гэтага, сёлета ў нас выраслі пастаўкі цукру і бульбы.

Імпартуем у асноўным сельскагаспадарчую прадукцыю. Гэта яблыкі і грушы. У 2015 годзе іх доля склала 23,9%, а за сем месяцаў гэтага года павялічылася да 39,6%. У цэлым, увесь імпарт з Малдовы ў нас вырас на 35,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Другое месца па аб'ёмах займае натуральнае вінаграднае віно (17,4%).

Мы прааналізавалі, што наогул закупляла Малдова ў 2015 годзе ва ўсіх краінах свету, і высветлілі, што першае месца — гэта нафтапрадукты. Беларусь дастаткова трывала замацавалася ў гэтай галіне на малдаўскім рынку, аднак ёсць патэнцыял і для павелічэння паставак. Да таго ж выгадным уяўляецца выхад на малдаўскі рынак беларускіх лекавых сродкаў. Яны мала прадстаўлены ў краіне, таму аб'ёмы неабходна нарошчваць. Малдова ў досыць буйных памерах закупляе правады ізаляваныя і кабелі. У Беларусі ёсць прадпрыемствы, якія вырабляюць гэтую прадукцыю, аднак пастаўкі ў краіну вельмі невялікія. Варта звярнуць увагу на сродкі абароны раслін, шыны, мэблю і халадзільнікі, якія таксама актыўна імпартуюцца малдаўскім бокам. Ва ўсіх гэтых галінах ёсць патэнцыял для Беларусі па павелічэнні паставак.

Перспектыўным выглядае і кааперацыйнае супрацоўніцтва. Калі беларускае прадпрыемства з'яўляецца ў іншай краіне, гэта «прывязвае» жыхароў да нашай прадукцыі. Адбываецца павелічэнне паставак спадарожных кампанентаў, лягчэй прасоўваюцца работы па стварэнні дылерскай сеткі. Аднак развіццё гэтага кірунку шмат у чым залежыць ад фінансавых магчымасцяў краін.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У пошуках кропак росту

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.