Вы тут

Цікавасць да Дзён Гомельскай вобласці выказалі больш за 200 гасцей


У Маскве падчас Дзён Гомельскай вобласці падпісаны пратаколы пра намеры, якія тычацца стварэння вытворчасці экалагічна чыстых вадкіх канцэнтратаў і сухіх торфа-сапрапелевых сумесяў для земляробства, а таксама кармавых дабавак для жывёлагадоўлі. Таксама гамяльчане прапанавалі інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве шчэбневага завода і рэканструкцыі шклатарнай вытворчасці, перапрацоўцы дзікарослых грыбоў і ягад і арганізацыі вытворчасці сухіх бульбяных шматкоў.


Прэзентацыя эканамічнага, інвестыцыйнага і турыстычнага патэнцыялу Гомельскай вобласці прайшла 28 верасня ў дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі, паведаміла прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава. Цікавасць да мерапрыемства выказалі больш за 200 гасцей не толькі з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, але і з далёкага замежжа.

— Гэта знакавая падзея ў двухбаковых гандлёва-эканамічных стасунках, гісторыя якіх налічвае не адну сотню гадоў, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ДВОРНІК. — Гістарычныя знаходкі, якія захоўваюцца ў фондах абласнога краязнаўчага музея, сведчаць пра тое, што кожны трэці груз апошнія тры стагоддзі прыходзіў у горад над Сожам менавіта з Масквы. Сёння 60% аб'ёму знешнегандлёвых аперацый ажыццяўляецца з Расіяй. Першыя пазіцыі традыцыйна займаюць Масква і Маскоўская вобласць. Толькі за апошнія паўтара года знешнегандлёвы абарот Гомельшчыны з расійскімі рэгіёнамі склаў $6 млрд.

На думку Уладзіміра Дворніка, задача Дзён Гомельскай вобласці — вывесці гандлёва-эканамічныя, навукова-тэхнічныя, культурныя і сацыяльныя сувязі на якасна новы ўзровень. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі органаў улады, дыпламатычных устаноў і дзелавыя кругі Маскоўскага рэгіёна. Патэнцыял Гомельскай вобласці дэманстравалі вядомыя прадпрыемствы, сярод якіх СЭЗ «Гомель-Ратон», Гомельскі тэхнапарк, прадпрыемствы гомельскага мяса-малочнага холдынга, лёгкай прамысловасці і іншыя. Культурную праграму прадставілі выставы «Народны абраз Гомельшчыны», «Неглюбскія ручнікі» і творчыя калектывы рэгіёна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Новы ўзровень сувязяў

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.