Вы тут

«ТЭАРТ» пашырае кола для ацэнкі беларускіх спектакляў


Праграма Belarus Оpen міжнароднага тэатральнага форуму «ТЭАРТ», які пачаўся на бягучым тыдні, прыцягнула ўвагу 26 крытыкаў і тэатразнаўцаў з-за мяжы. Гэта асобы, паважаныя не толькі для фестывальнага руху, але і наогул для развіцця тэатра, адзначыла Анжаліка Крашэўская, дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн». Беларуская частка форуму стваралася дзеля таго, каб упісаць айчынны тэатр у сусветны тэатральны працэс.


— Мы пашырылі кола для адзнакі нашых спектакляў па-за межамі Беларусі. Гэта зроблена дзеля таго, каб прасоўваць наш тэатр далей, — адзначыў Віктар Бабарыка, старшыня праўлення «Белгазпрамбанка». — Рэзананс заўсёды важны, бо ён паказчык таго, што справа не стаіць на месцы, ёсць рух. Нам важна кінуць каменьчык у цэнтр возера, каб кругі, што ўтвараюцца на вадзе, былі як мага больш шырокімі і дасягнулі берага.

Новаўвядзеннем пры фарміраванні праграмы сёлета стала магчымасць беларускім тэатрам самім падаваць заяўкі на ўдзел, жаданне паказаць свае лепшыя пастаноўкі. Але прадстаўнікі дырэкцыі стараліся праглядаць новыя спектаклі, якія з’яўляліся ў розных рэгіёнах краіны. Таксама сёлета ўжо на стадыі продажу квіткоў назіралася цікавасць да айчынных пастановак з боку гледачоў. І гэта адна з мэт, якую ставяць арганізатары форуму: актывізаваць публіку, уцягнуць яе ў дыялог у той час, калі нават у рэпертуарных тэатрах усё часцей з’яўляюцца антрэпрызныя акцэнты.

— Зараз ёсць такая тэндэнцыя, што менш становіцца гледача, які гатовы працаваць падчас спектакля, напружвацца, думаць, і гэта не толькі наша сітуацыя, яна назіраецца наогул у свеце, — адзначыў галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюс Варнас. — Насамрэч інстытут тэатра можа дапамагчы вырашыць важныя задачы ў грамадстве. Сам тэатр не вылечвае, але можа дапамагчы вылечыцца.

Жаданне ўгледзецца ў сябе працягнула практыка прагляду і разумення (ці неразумення) замежных спектакляў. Ужо ў папярэднія гады арганізатары імкнуліся наладзіць дыскусіі пасля прагляду, падчас якіх можна было зверыць адзнакі, была серыя адукацыйных майстар-класаў для тых, хто хоча быць у кантэксце тэатральнага працэсу. Сёлета пайшлі далей, стварыўшы цыкл лекцый. Анжаліка Крашэўская патлумачыла: «Мы таксама ў адказе за тое, каб наш глядач быў падрыхтаваны да той міжнароднай праграмы, якую прапаноўвае “ТЭАРТ”».

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.