Вы тут

"Крэйцарава саната" Магілёўскага драматычнага тэатра працягвае "ТЭАРТ"


Трыццаць сем хвілін гэта шмат для санаты. Асабліва калі на працягу ўсёй музычнай гісторыі не змяняецца настрой, а толькі тэмп і інтэнсіўнасць. У Крэйцаравай санацеМагілёўскага драматычнага тэатра тры часткі, тры героя, тры жыцці. І гэта не любоўны трохкутнік. Гэта фігура з галоўнага героя, яго эга і жанчыны. Споведзі Васіля Позднышава больш за 120 гадоў, але яе выкрывальны, нават крывавы надрыў захоплівае па сёння.


Васіль абураецца: “Страшная рэч гэтая саната. Менавіта гэтая частка. І наогул страшная рэч музыка. Што гэта такое? Я не разумею. Што такое музыка? Што яна робіць? І чаму павінна яна рабіць тое, што яна робіць? Кажуць, музыка ўзвышае душу — глупства, няпраўда! Яна уздзейнічае, страшна ўздзейнічае. Яна уздзейнічае не ўзвышальна, не прыніжальна на душу, а раздражняльна. Як вам сказаць? Музыка прымушае мяне забываць сябе, маё сапраўднае становішча, яна пераносіць мяне ў нейкае іншае, не сваё становішча: мне пад уплывам музыкі здаецца, што я адчуваю тое, чаго я, уласна, не адчуваю, што я разумею тое, чаго не разумею, што магу тое, чаго не магу”.

“Крэйцарава саната” — гэта і ёсць выхад за межы ўласнага досведу. Напряцягу гульні здаецца, што адчуваеш і разумееш тое, што немагчыма. Тое, што адчувае мужчына, які забіў жанчыну. Забіў дзеля таго, каб вызваліцца, каб больш не быць закладнікам руціннай нянавісці і непаразуменняў. Гэты тэатральны аповед занадта сур'ёзны, глыбокі і часам не да месца драматычны — як і самое бетховенскае гучанне.

Страшная рэч — споведзь. Яна апускае ў самыя глыбіні чалавечых маральных хвароб і заганаў.

У руках рэжысёра Саулюса Варнаса манатоннае самакапанне Васіля Позднышава становіцца магічным патокам свядомасці. У ім пырхаюць матылькі, кінжалы, рухаецца люстэрка, дрыжаць сцены. У лёгкасці тканін, прычосак, светлавых гульняў пастаноўкі цяжкая плоць маналогу героя апынаецца бурнай, нястрыманай. Энергія болю плёскаецца праз край сцэны, сцякае кроплямі поту па твары галоўнага героя. Пад яго салдацкімі чаравікамі нервова рухаецца памост, з-пад рук сплывае антыкварная лямпа, за спінай вырастае велізарнае люстэрка... Усё па законах магічнага Маркесаўскага рэалізму.

Аб гэтай асаблівай эстэтыцы рэжысёра кажа і Надзея Бунцэвіч, тэатральны і музычны крытык:

— Ведаючы творчасць спадара Саулюса, я чакала, што гэта будзе спектакль эстэтычна-эстэцкі. Пабудаваны на паўтонах, на шматлікіх адценнях, на выхадах у зусім касмічныя вымярэнні. У “Крэйцаравай санаце» узрушальная гукавая аўра — з самымі рознымі шолахамі-шэптамі, крыкамі, пералівамі. Заўсёды цікава глядзець, як ён працуе з тэкстам. Здавалася б, класічны аповед Талстога... Але што ён стварае з яго дапамогай. Неверагодна. І можна пагаджацца з чымсьці, можна не пагаджацца, але самае галоўнае — гэта тое эстэтычнае пачуццё, якое ты зведваеш падчас прагляду.

У пастаноўцы Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра добра прасочваецца вытанчаная сцэнічная геаметрыя і гармонія. Логіка агіднасці і нянавіці — тое, што адбываецца ў галаве героя, — становіцца да страшнага прыгожай, разлічанай. У гледача не застаецца ніводнага шанцу паверыць у тое, што сітуацыя магла вырашыцца інакш. Ніяк інакш, толькі забойствам. Мужчынская споведзь — канчатковая, катэгарычная — не пакідае прасторы для парады ці шкадавання. Застаецца толькі верыць у немагчымасць паразумення паміж людзьмі, немагчымасць любві. І назіраць за трохкутнікамі і сістэмамі, якія выбудоўвае Варнас перад гледачом.

Людміла Саянкова, кінакрытык, дзеліцца думкамі пасля спектаклю:

— Добра памятаю аднайменны фільм Швейцэра і Мількінай, дзе ў галоўнай ролі — Алег Янкоўскі. Канцэпцыя твора была вырашана сродкамі кіно — усе гэтыя эмоцыі кіпелі ўнутры галоўнага героя і не выходзілі вонкі. У тэатральным варыянце Варнаса — насычана, адкрыта для гледача, ярка. У яго атрымалася захаваць гістарычную патэтычнасць і тэатральнасць мовы, але, тым не менш, данесці сучаснасці думку, якую выказвае Талстой. Гэта папярэджванне, зварот да чалавека. Апошнія радкі пастаноўкі гучаць у падсвядомасці і дагэтуль: “Так жыць нельга. Нельга. Нельга”.

Віялета Рычага

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.