Вы тут

Падбіраем правільны абутак для няправільнай ступні


Калі дзіця развіваецца правільна, то пачынае хадзіць да канца першага года. Паскараць гэты момант ні ў якім разе нельга, хоць малыя нярэдка спрабуюць стаць на ножкі раней. Усё ж такі гэта празмерная нагрузка для крохкіх і гібкіх касцей, слаба развітых мышцаў. У выніку можа ўзнікнуць дэфармацыя і плоскаступнёвасць, якая з гадамі абумовіць шмат праблем з суставамі.


Плоскаступнёвасць — гэта дэфармацыя ступні, яе зводаў. Ступня складаецца з многіх касцей, звязак, сухажылляў і мышцаў, якія ўтвараюць два зводы, папярочны і падоўжны. Каб вытрымаць хаду, бег, падскокі, перанос цяжару, нам патрэбна трывалая ступня, добры фундамент. Добрая ступня дапамагае трымаць раўнавагу, амартызуе нагрузку, абараняе каленны, тазасцегнавы і галёнкаступнёвы суставы і нават пазваночнік.

Плоскаступнёвасць сустракаецца фактычна ў кожнага пятага школьніка, хоць большасці з нас ад нараджэння дастаюцца здаровыя ногі, і ад нас саміх залежыць, ці захаваем мы іх у парадку да старасці.

Даволі цяжка не заўважыць патаўшчэнне ступні, яе пашырэнне ў пярэдняй і сярэдняй частцы, апушчаны падоўжны звод. Звод папярочны — гэта выемка каля пальцаў ступні, калі яе няма, вялікі палец скрыўляецца, а з узростам расце костачка, на падэшве ўтвараецца натоптыш, цвёрды мазоль. Дзеці з такой праблемай могуць скардзіцца на боль у нагах, стомленасць, асабліва пасля працяглай хады. Не пакідайце гэтыя скаргі без увагі.

— У першую чаргу падбярыце дзіцяці правільны абутак з самага малога ўзросту, — кажа ўрач лячэбнай фізкультуры 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Антаніна ТОПТУН. — Абутак павінен быць па памеры, з натуральнай, эластычнай скуры, гнуткі, з добрай амартызацыяй. Абавязковы атрыбут — абцас. Недапушчальна набываць абутак з адкрытай пяткай! Самы вялікі вораг ступні — высокія і касыя абцасы, падэшвы-платформы. Насок не павінен сціскаць пальцы, але і не павінен быць надта прасторным. Неабходна выкарыстоўваць і сцелькі-супінатары, якія будуць падтрымліваць натуральную вышыню зводаў ступні (прадаюцца ў спецыяльных магазінах — там жа ёсць і гатовы артапедычны абутак).

Умацаваць ступню дапаможа лячэбная гімнастыка, але пры ўмове, калі выконваць яе штодня. Практыкаванні лепей рабіць раніцай, пакуль мышцы не стаміліся. Паўтараць кожнае практыкаванне варта да 10-12 разоў.

  • Садзімся і ставім ступню на край вялікай тоўстай кнігі, сціскаем пальцы, абхопліваючы гэты край.
  • Захопліваем пальцамі розныя дробныя прадметы і пераносім іх на іншае месца.
  • Прыціскаем да падлогі мяч і катаем яго па чарзе кожнай нагой.
  • Згінаем пальцы і трымаем 3—6 хвілін.
  • Наступаем на палку нагой і катаем яе.
  • Падцягваем пальцамі маленькі дыванок.
  • Становімся басанож на падлогу, раўняем наскі, адначасова згібаем пальцы ступняў і не адрываючы пяткі рухаемся вусенічным крокам наперад.
  • Ідзём на насках у поўным прыседзе.
  • Робім перапады з наскоў на пяткі.
  • Ходзім на насках, пружынячы крок.
  • Ходзім на пятках, вонкавым і ўнутраным краі ступні.
  • Ходзім басанож па камянях, пяску, траве, рыхлай зямлі.

Каб пазбегнуць падобных праблем, трэба яшчэ мець правільную постаць, штодня займацца лячэбнай гімнастыкай, спортам, весці рухавы лад жыцця.

Святлана Барысенка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.