Вы тут

25 гадоў таму ў ГДУ адкрыўся музей-лабараторыя Францыска Скарыны


— Дзе вучышся?

— У «Скарыне», — адказваюць маладыя людзі ў Гомелі, калі заходзіць размова пра адукацыю. Зразумела ж, тыя, хто мае гонар атрымліваць веды ў ГДУ імя Францыска Скарыны. Усіх першакурснікаў тут абавязкова прыводзяць у музей, прысвечаны самаму першаму прапагандысту беларускай мовы.


Чвэрць стагоддзя таму ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце адкрыўся музей-лабараторыя Францыска Скарыны. Дарэчы, адбылося гэта менавіта пасля таго, як сам універсітэт стаў насіць імя першадрукара. З таго часу і па сённяшні дзень музей узначальвае Канстанцін Усовіч. Акрамя правядзення экскурсій і работы з экспанатамі, колькасць якіх сёння перавышае 500, ён займаецца складаннем слоўнікаў і хрэстаматый.

Скарына ў музейным пакоі паўсюль. Ён загадкава глядзіць са шматлікіх партрэтаў, з вокладак кніг, яго выявы графічныя і жывапісныя, тканыя і драўляныя... Такім розным яго ўяўлялі мастакі. Між тым налета спаўняецца 500 гадоў, як у Празе Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу Бібліі — Псалтыр на тагачаснай беларускай мове. Дакладна, гэта адбылося 6 жніўня 1517 года, нагадвае Канстанцін Сяргеевіч:

— У сённяшняй сталіцы Чэхіі да 1519 года наш першадрукар выдаў 23 перакладзеныя і добра ілюстраваныя кнігі Бібліі. Потым у Вільні каля 1522 года яшчэ адну — «Малую падарожную кніжыцу». Праз тры гады яшчэ адну — «Апостал», таксама ў Вільні. Наш музей ва ўніверсітэце з'явіўся дзякуючы ініцыятыве колішняга загадчыка кафедры беларускай мовы, доктара філалагічных навук, прафесара Уладзіміра Анічэнкі. Ён выкладаў гісторыю роднай мовы і захапляўся асобай Францыска Скарыны. У 1988 годзе ён звярнуўся да тагачаснага рэктара ўніверсітэта Барыса Бокуця з прапановай прысвоіць імя Скарыны нашаму ўніверсітэту. Потым рэктарат і парткам універсітэта накіравалі ў Гомельскі абкам партыі хадатайніцтва. Адпаведна абкам КПСС хадайнічаў перад Саўмінам БССР. Аднак з першай спробы гэта не атрымалася. Бо палічылі, што Францыск Скарына ў значнай ступені рэлігійны дзеяч. Кіраўніцтву ўніверсітэта было сказана, што ўстанова яшчэ не гатовая да прысваення імя Францыска Скарыны. Праз пэўны час былі арганізаваны на факультэтах сходы ў студэнцкіх групах і на кафедрах. Да таго ж у аддзеле навукі абкама партыі працаваў выпускнік нашага ўніверсітэта Мікалай Воінаў. Ён напісаў станоўчую даведку, аб'ектыўна ацаніў значнасць Францыска Скарыны ў гісторыі беларускай культуры і 29 лістапада 1988 года Савет Міністраў БССР прысвоіў нашаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны. У гэты ж час пачала стварацца і музейная экспазіцыя.

— З чаго яна пачыналася?

— Грамадскі і культурны дзеяч, гісторык, мастацтвазнаўца, педагог, калекцыянер Анатоль Яфімавіч Белы перадаў у дар Гомельскаму ўніверсітэту сваю вялікую калекцыю мастацкіх твораў, прысвечаных Францыску Скарыну. У яе ўваходзілі творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, навуковая літаратура, копіі артыкулаў з эмігранцкіх выданняў... Гэтыя экспанаты і сёння займаюць пераважнае месца ў музеі. Пазней з'явілася карціна Пётры Сергіевіча «Францыск Скарына ў друкарні», напісаная ў 1957 годзе. Яна спачатку знаходзілася ў бібліятэцы Дома літаратара ў Мінску. Адтуль яе перадалі нам у сярэдзіне 90-х. Цяпер яна знаходзіцца ў чытальнай зале нашай універсітэцкай бібліятэкі. У экспазіцыі ёсць драўляная выява першадрукара аўтарства скульптара Эдуарда Астаф'ева, якую ён падарыў нашаму музею. Дарэчы, гэтаму садзейнічаў былы старшыня Гомельскага аблвыканкама Мікалай Вайцянкоў — у той час, калі быў паслом у Празе. Ён жа ініцыяваў усталяванне там помніка Францыску Скарыну ў 1996 годзе.

— Францыска Скарыну сваім лічаць не толькі ў Беларусі...

— Даследчыкі мяркуюць, што Скарына ў Кракаве вучыўся з 1504-га па 1506 год — у знакамітай Ягелонскай акадэміі. Ён закончыў факультэт вольных мастацтваў са ступенню бакалаўра, а пазней атрымаў званне ліцэнцыята медыцыны і ступень доктара вольных мастацтваў. Пасля яшчэ пяць гадоў вучыўся на факультэце медыцыны, верагодна, нейкага еўрапейскага ўніверсітэта. Ну а ступень доктара медыцыны абараніў ужо ў 1512 годзе ў італьянскай Падуі. Там ён паспяхова здаў іспыты ва ўніверсітэце. У Кракаве і Падуі засталіся дакументы, якія сведчаць пра адукацыю Скарыны. Да таго ж, у 1949 годзе ў Падуанскім універсітэце была створана мемарыяльная зала, дзе сярод сарака партрэтаў самых знакамітых выпускнікоў ёсць і выява Францыска Скарыны.

— Якім чынам праца Францыска Скарыны актуальная сёння?

— Асноўныя асаблівасці сучаснай беларускай мовы — не ўсе, але многія існавалі ўжо ў час Скарыны. У перакладах, прадмовах і пасляслоўях Скарына актыўна выкарыстоўвае сінтаксічныя, граматычныя і лексічныя сродкі тагачаснай беларускай мовы. Францыск Скарына зрабіў беларускую мову мовай кнігадрукавання і дзякуючы гэтаму станавілася ўсё больш адукаваных людзей. Па сутнасці, ён стварыў падставы для з'яўлення беларускіх пісьменнікаў. Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Афанасій Філіповіч, Сімяон Полацкі і іншыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы, вучоныя і асветнікі вучыліся на кнігах Скарыны. Ён хацеў, каб кнігі былі як мага больш запатрабаваныя. Менавіта таму друкаваў іх не на лацінскай, польскай або чэшскай мовах, а на старабеларускай. Да таго ж у той час пісьменнасці вучыліся выключна па Бібліі, бо спецыяльных падручнікаў не было. Даследчыкі сцвярджаюць, што гравюры ён сам вырабляў. Хутчэй за ўсё менавіта ён таксама перакладаў тэкст. Для гэтага Скарына выкарыстоўваў арыгіналы на старажытнаяўрэйскай, лацінскай, нямецкай, чэшскай і грэчаскай мовах. Іншыя спецыфічныя віды работ рабілі яго памагатыя. Але ж самае галоўнае — ён арганізаваў друкаванне кніг.

— Як сёння развіваецца музей Францыска Скарыны?

— Мы адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў свеце, якая носіць імя Францыска Скарыны. У нас ёсць навуковая і мастацкая канцэпцыі стварэння новага музея першадрукара на базе ўніверсітэта. Не хапае толькі сродкаў і памяшкання. У новай экспазіцыі было б добра ўсталяваць дзеючы макет старажытнай друкарні. Паказаць гарады, у якіх Францыск Скарына жыў і працаваў, адлюстраваць дзейнасць яго знакамітых сучаснікаў. Дарэчы, мы збіраем матэрыялы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Напрыклад, пра ўсіх узнагароджаных ордэнам і медалём імя Францыска Скарыны, пра помнікі, якія ўсталяваны яму ў свеце...

— Вы ж, Канстанцін Сяргеевіч, займаецеся і больш шырокай навуковай тэматыкай...

— Так, у суаўтарстве з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесем Сушам заканчваем поўную хрэстаматыю паэзіі пра Францыска Скарыну. Таксама да 500-годдзя ўсходнеславянскага кнігадрукавання рыхтую хрэстаматыю паэзіі пра беларускую мову. Яна будзе ўключаць партрэты, кароткія біяграфіі 250 айчынных паэтаў і ўрыўкі з іх твораў, у якіх паказваецца прыгажосць і асвятляюцца пытанні беларускай мовы. Самы першы верш у ёй — аўтарства Францыска Скарыны. Гэты паэтычны летапіс ахоплівае 500-гадовы перыяд развіцця беларускай мовы. Кніга ў двух тамах выйдзе ў Выдавецкім доме «Звязда». Яна адрасуецца вучням старэйшых класаў і настаўнікам сярэдніх агульнаадукацыйных школ, навучэнцам гімназій і каледжаў, студэнтам ВНУ, выкладчыкам, вучоным і ўсім прыхільнікам беларускай мовы. Акрамя таго, у суаўтарстве з Уладзімірам Пашуком падыходзіць да завяршэння праца над «Беларускім слоўнікам па эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай геаграфіі», які ўтрымлівае больш чым 1300 адпаведных тэрмінаў. «Вялікі практычны беларуска-рускі агульнаэканамічны слоўнік», які плануецца выдаць налета, утрымлівае больш чым 160 тысяч пар найбольш ужывальных у эканоміцы слоў, словазлучэнняў і тэрмінаў сучасных беларускай і рускай літаратурных моў. Ён можа стаць своеасаблівай базай для пераводу дзяржаўнага справаводства на беларускую мову і наогул для дзейнасці дзяржаўнага апарату на беларускай мове.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Справа Скарыны жыве ў «Скарыне»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?