Вы тут

Выбраць прафесію, хобі дапамогуць у новым сямейным цэнтры


Стары двухпавярховік, што дажываў апошнія дні, ператварыўся ў мадэрновы будынак з часткова шклянымі сценамі, трыма паверхамі і выхадам на летнюю тэрасу. На рэалізацыю праекта спатрэбілася 14 гадоў. І цяпер будынак перададзены Мінскаму гарадскому цэнтру сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей.


Урачыстае адкрыццё сямейнага цэнтра  і песенна-танцавальныя віншаванні.

Сямейны цэнтр, як ласкава пачалі называць яго ўсе, хто меў дачыненне да праекта, — вынік сумеснай работы рэспубліканскага дабрачыннага грамадскага аб'яднання (РДГА) «Клуб ільвоў», спонсарскіх Лайанз-клубаў каралеўстваў Нарвегіі, Даніі, Швецыі, рэспублік Ісландыі і Фінляндыі пры актыўным удзеле Цэнтра і камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

— Работа тут будзе перш за ўсё скіравана на дзяцей і тых мінчан, якім спатрэбіцца падтрымка. Думаю, што нашы намаганні і дапамога замежных сяброў праявяцца і ў іншых сумесных праектах, — выказала надзею Жанна РАМАНОВІЧ, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама падчас урачыстага адкрыцця.

— Стварэнне новага будынка сямейнага цэнтра — гэта сапраўды знакавая з'ява. Аказанне дапамогі і падтрымкі сем'ям у нашай дзяржаве — гэта будучыя сур'ёзныя дывідэнды, бо моцная і здаровая сям'я — гэта паспяховая сям'я, дзе кожны можа раскрыць свае творчыя магчымасці, — выказаўся Вячаслаў ШЧЭРБА, старшыня РДГА «Клуб ільвоў» (LC «Mіnsk-Central»), паабяцаўшы далейшую міжнародную падтрымку з боку клубаў ільвоў.

Каб справай падтрымаць абяцанне не пакідаць рэалізаваны праект, прадстаўнікі міжнародных клубаў ільвоў, або як яны самі называюць сябе — сям'і Лайанз, пасадзілі каля агароджы сямейнага цэнтра алею Клуба ільвоў.

— Гэта вельмі важны праект, значны і адметны будынак, выдатны прыклад таго, як аб'ядналіся валанцёры, афіцыйныя ўлады, неабыякавыя людзі з многіх краін. Ён, спадзяюся, будзе доўгія гады прыносіць карысць беларускім сем'ям, — выказалася Гудрун ІНГВАДОЦЦІР, другі міжнародны віцэ-прэзідэнт «Лайанз Клабс Інтэрнэшнл».

У хуткім часе ў сямейны цэнтр давязецца абсталяванне і мэбля і распачнецца паўнавартасная работа. Пакуль жа тут дзейнічаюць толькі некалькі гурткоў. У тым ліку гурток «Крэатыўны малеча», дзе мамы сумесна з дзецьмі займаюцца арт-тэрапіяй. «У нас няма катэгорый і адзнак, няма шаблонаў работы. Дзіця можа выразіць сябе, і наша задача, каб маці ўбачыла моцныя бакі малога, яго патэнцыял», — расказалі супрацоўнікі цэнтра.

Кацярына МАЛЬЦАВА і Гудрун ІНГВАДОЦЦІР у пакоі аргатэрапіі.

Адна з паслуг цэнтра — кансультаванне па прафесійнай арыентацыі. Тут можна вызначыцца, кім стаць, прайшоўшы тэсціраванне на спецыяльнай праграме і атрымаўшы прафесіяграмы, а таксама прайсці прафдыягностыку на спецыяльныя здольнасці. Падлеткі могуць прыйсці сюды з бацькамі, а псіхолаг дасць пэўныя рэкамендацыі. «Людзі больш сталага ўзросту таксама могуць наведаць нас, каб вызначыцца з хобі», — дадала спецыяліст цэнтра.

— У нас таксама будзе рэалізавана такая запатрабаваная паслуга, як «нянька на гадзіну». Сярод дзяржаўных устаноў мы першыя зможам цяпер паўнавартасна аказваць яе, — расказала Кацярына МАЛЬЦАВА, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. — Здараецца, што маці проста няма з кім пакінуць дзіця, калі ёй неабходна адысці па сваіх справах, нават у тую ж паліклініку. З нашай дапамогай яна зможа атрымаць да трох вольных гадзін, падчас якіх з малым будзе працаваць спецыяліст. Час, праведзены з нянькай, разлічаны не толькі на гульню, але і на работу з псіхолагам і, па жаданні мамы, на дыягностыку дзіцяці.

Для паслугі «нянька на гадзіну» абсталяваны два пакоі для малых 2-4 гадоў і 4-6-гадовых малых. Паслуга каштуе 6,6 рубля за гадзіну. Дзіця павінна быць накормленае (харчаванне тут не прадугледжана) і не хацець спаць.

У зоне рэлаксацыі на другім паверсе цэнтра за шклом арганізаваны вадаспадзік і хутка з'явіцца экран з магчымасцю 3D-трансляцыі.

Прадугледжаны ў цэнтры і пакой для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. Часта ў такіх выпадках сем'і распадаюцца, таму ў кабінеце эргатэрапіі з імі будуць працаваць псіхолагі, каб прадухіліць гэта. Дзеці таксама змогуць правесці тут час у адным з чатырох пакояў.

З калідора трэцяга паверха можна трапіць на адкрытую тэрасу, дзе з часам усталююць утульныя лаўкі і арганізуюць зялёны сад. Ад гасцей прагучала нават ідэя арганізоўваць тут шашлыкі. Пэўна, што сямейны цэнтр чакае яшчэ шмат новаўвядзенняў і пачынанняў.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.