Вы тут

Як выконваецца праграма жыллёвага будаўніцтва?


Якія сумесныя праекты ажыццяўляюцца з кітайскімі партнёрамі? Што робіцца, каб скарыстацца новымі магчымасцямі для наведвання рэгіёна турыстамі? На гэтыя і іншыя пытанні журналістаў адказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.


Новы погляд на адходы

На Гродзенскім заводзе па ўтылізацыі і механічным сартаванні адходаў, пабудаваным за сродкі Сусветнага банка, з'явіцца больш за 200 рабочых месцаў. Чакаецца, што ён будзе перапрацоўваць да 120 тысяч тон смецця ў год. Плануецца сартаваць і накіроўваць на перапрацоўку амаль усе адходы абласнога цэнтра. Цяпер каля жылых дамоў будуюцца новыя і прыводзяцца ў належны стан існуючыя пляцоўкі, дзе ўстанаўліваюцца сучасныя кантэйнеры для пластыку, паперы, шкла і іншых адходаў, набываецца неабходная тэхніка. Дарэчы, дзеля павышэння дасведчанасці гродзенцаў у пытаннях раздзельнага збору смецця для іх арганізуюць экскурсіі на перапрацоўчае прадпрыемства. Аб гэтым даведаліся журналісты, пабываўшы перад пачаткам прэс-канферэнцыі на заводзе, які неўзабаве будзе ўведзены ў эксплуатацыю.

Дзякуючы інвестарам на Гродзеншчыне будуюцца і іншыя важныя аб'екты. У прыватнасці, у памежнай вобласці імкнуцца скарыстацца сваім транзітным патэнцыялам і актыўна развіваюць транспартна-лагістычныя паслугі з укараненнем сучасных тэхналогій, якія паскараюць афармленне грузаў. Уладзімір Краўцоў паведаміў, што буйны лагістычны цэнтр неўзабаве распачне работу ў раёне пункта пропуска «Брузгі», а ў наступным годзе такія цэнтры павінны з'явіцца каля пунктаў пропуску «Бераставіца» і «Каменны Лог».

У рэчышчы сумесных спраў

Уладзімір Краўцоў зазначыў, што ўсё больш плённымі становяцца партнёрскія сувязі з кітайскімі партнёрамі. Шэраг сумесных праектаў абмеркавалі нядаўна з дэлегацыяй правінцыі Ганьсу, якая ўдзельнічала ў выстаўцы-кірмашы «Еўрарэгіён «Нёман». А ўжо зараз з удзелам інвестыцый КНР у Гродне ствараецца цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны, «другое жыццё» атрымае гасцініца, а таксама пабудуюць тры жылыя дамы, адзін з якіх, дзевяціпавярховік, намечана здаць «пад ключ» у першым паўгоддзі 2017-га. Акрамя таго, за сродкі кітайскай крэдытнай лініі плануецца ажыццявіць вельмі важную для абласнога цэнтра задачу з пункту гледжання транспартнай лагістыкі і скарачэння нагрузкі на цэнтральную частку горада — рэканструяваць чыгуначны мост цераз Нёман пад аўтадарожны.

Разам з тым кітайцы ўжо зацікавіліся некаторымі таварамі прадпрыемстваў Гродзеншчыны, і трэба падмацаваць гэта канкрэтнымі кантрактамі. На думку Уладзіміра Краўцова, прарыўным тут можа стаць буйны кантракт Беллакта на пастаўку ў Паднябесную дзіцячага харчавання. Цяпер на завяршальнай стадыі знаходзіцца яго ацэнка адпаведнымі кітайскімі службамі.

Жыллёвая праграма будзе выканана

Сярод прыярытэтных задач і экспарт будаўнічых паслуг. Нашы будаўнічыя арганізацыі зараз узводзяць жыллё ў Калузе, Падмаскоўі, ёсць перспектывы і ў іншых расійскіх рэгіёнах. Што не перашкодзіць выканаць усё запланаванае на гэты год па жыллёвым будаўніцтве на тэрыторыі Гродзеншчыны. Да таго ж на нядаўнім пасяджэнні аблвыканкама, дзе абмяркоўвалі сітуацыю ў гэтай сферы, паставілі задачу зрабіць усё магчымае, каб захаваць адносна невысокі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі кошт будаўніцтва шматкватэрнага жылля з дзяржаўнай падтрымкай, чаго можна дасягнуць скарачэннем затрат, у прыватнасці, аптымізацыяй закупак і паставак на аб'екты матэрыялаў, маршрутаў руху тэхнікі, недапушчэннем браку і, канешне, не зацягваючы тэрміны будаўніцтва.

— Варта таксама сур'ёзна вывучыць пытанне будаўніцтва жылля прадпрыемствамі і арганізацыямі для сваіх работнікаў, — лічыць Уладзімір Краўцоў. — У свой час такая практыка сябе апраўдала, а цяпер падобных прыкладаў няшмат. Мажліва, да гэтага трэба вярнуцца.

Новыя перспектывы адкрываюцца на Гродзеншчыне ў турыстычнай сферы, што звязана з бязвізавым уездам замежных гасцей на тэрыторыю турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», планаванымі мерамі па бязвізавым наведванні нашай краіны праз паветраныя вароты, а таксама з рэканструкцыяй аўтадарогі М6 Мінск-Гродна.

— Усё гэта дазволіць турыстам хутка, зручна і бесперашкодна наведваць турыстычныя аб'екты рэгіёна, — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

Цяпер вядзецца работа па развіцці авіязносін праз гродзенскі аэрапорт — пералётаў лаўкостамі. Шмат трэба зрабіць да адкрыцця наступнага турыстычнага сезона і па ўдасканаленні інфраструктуры ў раёне Аўгустоўскага канала.

Уладзімір Краўцоў паведаміў, што польскі бок станоўча ацаніў рашэнне аб бязвізавым уездзе турыстаў у зону Аўгустоўскага канала. Кіраўнік Падляскага ваяводства выказаў жаданне стаць першым турыстам, які скарыстаецца такой магчымасцю.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Фо­та Яра­сла­ва ВА­НЮ­КЕ­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Інвестарам — зялёная вуліца

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.