Вы тут

Бюджэтны пакет дакументаў на 2017 год разглядаецца ў другім чытанні


Парламентарыі глядзяць у будучыню з аптымізмам, нягледзячы на тое, што бюджэт фарміруюць па кансерватыўным, гэта значыць, песімістычным, сцэнарыі. Прадугледжваецца рост ВУП, хоць і невялікі — 100,2%, цана на нафту закладзена ў памеры 35 долараў за барэль, курс расійскага рубля — 75 рублёў за долар. Ці прыдзецца зноў падцягваць паясы? Аналізуем бюджэт на наступны год.


Эканоміка будзе расці

У праекце рэспубліканскага бюджэту стаўка рэфінансавання закладзена ў памеры 15-17%. У той жа час плануецца яе паступова памяншаць — гэта прадугледжвае Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2016—2020 гады. Згодна з ёю, да канца 2020 года яна павінна скласці
9—11% гадавых.

Чым ніжэй працэнтная стаўка, тым больш надзейнай выглядае фінансавая сітуацыя ў краіне і тым больш даступныя грошы, чытай, крэдыты. Чым больш яны даступныя, тым больш іх укладваецца ў эканоміку, як вынік — яна развіваецца.

Нагадаем, што ў пачатку бягучага года стаўка рэфінансавання складала 25%, яна была зніжана 1 красавіка да 24%, 1 мая — да 22% і першага ліпеня да 20%. З 17 жніўня ў краіне дзейнічае 18%-ая стаўка рэфінансавання. А на днях намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц паведаміў, што ўжо да канца 2017 года стаўку рэфінансавання плануецца знізіць да 14—16%.

Добры рэйтынг у вачах крэдытораў

Прафіцыт бюджэту ў 2017 годзе складзе 1 496,2 млн рублёў. У праекце бюджэту на бягучы год ён планаваўся ў памеры 1 570 мільёнаў — гэта значыць, сумы прыкладна роўныя.

Цікава, што ў большасці краін свету бюджэт увогуле фарміруецца з невялікім дэфіцытам, а ў суседняй Расіі ёсць нават адпаведная норма ў заканадаўстве, згодна з якой бюджэт вярстаецца без прафіцыту. Тым не менш у наяўнасці апошняга ёсць шэраг плюсаў. Па-першае, у бюджэце ёсць запас, што называецца, на «чорны дзень». Па-другое, краіне, у бюджэце якой ёсць прафіцыт, больш давяраюць у свеце — яна мае добры рэйтынг у вачах і крэдытораў, і кампаній-інвестараў. Па-трэцяе, лішак у «фінансавым плане» дае магчымасць больш свабодна развівацца бізнесу, бо ў дзяржавы няма рэзону рабіць больш жорсткай падатковую палітыку.

Такім чынам, прафіцыт у бюджэце — гэта гарантыя стабільнасці дзяржавы. Плануючы яго, урад абараняе краіну ад незапланаваных фінансавых праблем.

У прыярытэце — сацыяльная накіраванасць

Кожны раз пры абмеркаванні бюджэту ўрад робіць акцэнт на тым, што фінансавы план на наступны год заснаваны ў першую чаргу на сацыяльных патрэбах. Гэта адпавядае замацаванаму ў Канстытуцыі азначэнню Беларусі як сацыяльнай дзяржавы. Сёлета ў прыярытэце — фінансаванне аховы здароўя і адукацыі. Прадугледжана таксама фарміраванне сямейнага капіталу ў суме 457,8 млн рублёў. Акрамя гэтага, значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Даходы дзяржавы

Згодна з праектам бюджэту на наступны год яны прадугледжваюцца ў суме 18 235,2 млн рублёў, або з ростам да чаканага выканання 2016 года на 6,1%. Асноўныя крыніцы падатковых даходаў: падатак на даданую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Выдаткі прадугледжваюцца ў памеры
16 739,1 млн рублёў, або 98,9% да чаканага выканання 2016 года.

Нягледзячы на тое, што дагэтуль невызначана цана расійскага газу для нашай краіны, вялікіх рызык у сувязі з гэтым для беларускай эканомікі няма. Бюджэт не залежыць напрамую ад гэтага паказчыка, і, як растлумачыў міністр фінансаў Уладзімір Амарын журналістам, цана на газ — «гэта камунальныя паслугі, якія аплачваюць бюджэтныя арганізацыі». Урад заклаў іх на ўзроўні інфляцыі, таму ў любым выпадку для бюджэту тут вялікіх рызык няма.

Абарона насельніцтва

Традыцыйна напярэдадні прыняцця галоўнага фінансавага дакумента на наступны год прымаецца бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Даходы фонду ў наступным годзе складуць 12,9 млрд рублёў. У адносінах да ВУП гэта — 1,8%. Выдаткі пазабюджэтнага фонду разлічаны ў суме 12,6 млрд рублёў, такім чынам, прафіцыт пазабюджэтнага фонду складзе прыкладна 270 мільёнаў. Асноўная сума выдаткаў — 9,6 млрд рублёў — накіроўваецца на пенсійнае забеспячэнне. На выплату дапамог па часовай непрацаздольнасці па догляду дзіцяці, дапамог па догляду інваліда першай групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, на пахаванне накіравана 2,8 мільярда.

«Як бы ні развівалася сітуацыя (а сёння ў нас 2 млн 605 тыс. пенсіянераў), мы павінны з боку дзяржавы гарантаваць узровень пенсій не ніжэйшы за 40% сярэдняй заработнай платы, — заявіла падчас разгляду бюджэтнага пакета ў першым чытанні Марыяна Шчоткіна, міністр працы і сацыяльнай абароны. — Менавіта для гэтага сёння зроблены пэўны запас і ў рэспубліканскім бюджэце».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Спадзяёмся на лепшае, але і да горшага гатовы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.