Вы тут

Адкрылася выстаўка «Транспарт і лагістыка — 2016»


Учора пачаўся Х Беларускі транспартна-лагістычны кангрэс і адкрылася выстаўка «Транспарт і лагістыка — 2016». Да гэтага сёлетнія замежныя госці адкрыцця — міністры з Польшчы — паспелі правесці шэраг двухбаковых сустрэч, па выніку якіх дамовіліся развіваць беларуска-польскае супрацоўніцтва ў суднаходстве і прымежнай інфраструктуры.


На выставе.

Па словах Анатоля КАЛІНІНА, намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, беларускі транспартны тыдзень стаў міжнароднай пляцоўкай, на якой адбываецца абмен вопытам, абмяркоўваюцца планы на будучыню і ствараюцца новыя стратэгіі развіцця лагістыкі. «Наша рэспубліка знаходзіцца на мяжы двух найбольш буйных інтэграцыйных аб'яднанняў — Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў, з'яўляецца скрыжаваннем міжнародных транспартных шляхоў. Таму для нас важна выкарыстанне найлепшых сусветных практык нарошчвання міжнародных пасажырскіх і грузавых патокаў», — адзначыў ён.

Анатоль Калінін выказаў надзею, што па выніках кангрэсу будуць знойдзены новыя метады кіравання транспартам і лагістыкай, а галоўнае — працягнуць фарміравацца партнёрскія адносіны паміж бізнесам і дзяржавай. «Транспарт з'яўляецца найважнейшым складнікам росту эканомікі, таму ўрадам нашай краіны дадзенай сферы ўдзяляецца значная ўвага», — сказаў віцэ-прэм'ер.

Выстаўка «Транспарт і лагістыка — 2016» размясцілася ў мінскім Футбольным манежы. У ёй узялі ўдзел каля 70 арганізацый з 9 краін свету. Сярод задзейнічаных — транспартна-лагістычныя цэнтры, вытворцы і дылеры аўтатэхнікі, пастаўшчыкі абсталявання для аснашчэння лагістычных цэнтраў, страхавыя кампаніі, адміністрацыі марскіх партоў і кіравання чыгунак з СНД, блізкага і далёкага замежжа.

Ад разнастайнасці стэндаў на выстаўцы разбягаюцца вочы, аднак адразу прыцягвае ўвагу пляцоўка, арганізаваная Беларускай чыгункай. Ігар АДЛІГА, начальнік службы інфармацыйных тэхналогій чыгункі, трымае ў руках мадэль электроннай пломбы. «Наша інавацыя, — тлумачыць ён, — гэта новая тэхналогія электроннай пломбы. Яе выкарыстанне дапамагае як паскараць працэс камерцыйнага агляду грузу, так і спрашчаць працэдуры, звязаныя з праходжаннем мытні. Зараз яна праходзіць тэсціраванне». Па яго словах, такая электронная пломба можа выкарыстоўвацца перавозчыкамі ці ўладальнікамі грузаў. Яе аналагі існуюць і ў іншых краінах свету. Распрацоўка беларускай кампаніі «Наваком» каштуе ў дзесяць разоў танней за імпартныя, але не саступае па якасных характарыстыках.

На адкрыцці мерапрыемства таксама прысутнічалі і замежныя госці: міністр зносін Латвійскай Рэспублікі Улдзіс Аўгуліс, а таксама міністры з Польшчы, які паспелі правесці перамовы з айчынным міністэрствам транспарту і камунікацый. Па яго выніках было вырашана развіваць суднаходства паміж Беларуссю і Польшчай. Адпаведны мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне аднаўлення воднага шляху Е40 на ўчастку Днепр-Вісла падпісалі міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль СІВАК і міністр марской гаспадаркі і рачнога суднаходства Польшчы Марэк ГРУБАРЧЫК.

«Польшча і польская транспартная сістэма, транспартнае ведамства — нашы асноўныя партнёры ў плане развіцця транзіту», — заявіў Анатоль Сівак. Па яго словах, рост транзітных перавозак за восем месяцаў гэтага года склаў 13%. Пры гэтым найбольш актыўна развіваюцца кантэйнерныя перавозкі. Яны выраслі амаль у два разы ў параўнанні з мінулым годам у перыяд са студзеня па жнівень (напрамак з Кітая ў Еўропу і з Еўропы ў Кітай) — да 75 тысяч кантэйнераў.

Таксама бакі абмеркавалі пытанні развіцця пагранпераходаў, утрымання, рэканструкцыі аўтамабільных, чыгуначных мастоў. Быў падпісаны адпаведны мемарандум аб узаемаразуменні і паглыбленні супрацоўніцтва ў галіне чыгуначнага, аўтамабільнага і авіятранспарту. У хуткім часе плануецца падпісаць пагадненне аб будаўніцтве новага аўтадарожнага моста. «Мы ўзгаднілі свае планы развіцця інфраструктуры ІІ Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора (Берлін — Познань — Варшава — Брэст — Мінск — Смаленск — Масква — Ніжні Ноўгарад. — «Звязда»). Таксама было расказана аб інтарэсе беларускіх экспартных прадпрыемстваў да польскіх партоў. Былі выказаны элементы, якія дазваляюць далей аб'ядноўваць інфраструктуру з гэтым праектам. Гэта палепшыць сувязь з поўднем Еўропы», — дадаў міністр транспарту і камунікацый.

Міністр інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы Анджэй Адамчык адзначыў, што развіццё транспартнай інфраструктуры ўсіх тыпаў — авія-, аўтадарожнай, чыгуначнай — вельмі важнае для абедзвюх краін, і назваў яе «рухавіком прагрэсу». «Мы хочам быць канкурэнтаздольнымі ў Еўропе, а для гэтага неабходна супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю», — падкрэсліў ён. У сваю чаргу, Марэк Грубарчык заявіў, што «пачаўся новы этап адносін паміж Беларуссю і Польшчай». Перш за ўсё — гэта пытанне ўз'яднання Варшавы і Брэста (Е-40) водным шляхам і выкарыстання польскіх партоў. Ужо створана спецыяльная працоўная група. «І дадатковы аргумент у развіцці гэтага кірунку: з пункту гледжання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе гэта найбольш экалагічны від транспарту», — лічыць міністр марской гаспадаркі і рачнога суднаходства Польшчы.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Суднаходства разам з Польшчай

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.