Вы тут

Прыгажосць не па правілах


Памятаеце добрую амерыканскую стужку «Гісторыя рыцара» з узыходзячай на той момант «зоркай» Хітам Леджэрам? У самым канцы галоўны герой разам з сябрамі схіляецца над пераможаным ворагам і вымаўляе: «Ты быў узважаны, ты быў вымераны і быў прызнаны ні да чаго не прыдатным!» Гаворка не толькі пра перамогу ў турніры, але і ў больш шырокім сэнсе — дабра над злом. У акцёра, які сыграў ліхадзея, — правільныя рысы твару, яго нават можна назваць абаяльным. Гэта тое, што заўсёды прыцягвае нас да іншых. («Падчас усяго балю прынц не мог адарваць вачэй ад Папялушкі...» — «Тата, а навошта прынцу вочы Папялушкі?») Аднак ёсць у вобразе праціўніка галоўнага героя нешта такое... Карацей кажучы, гэта тыпаж патэнцыяльных «радысак», нягледзячы на знешнюю прыгажосць. Да чаго я хілю?


Патрапіла на вочы чарговае даследаванне на тэму залатога сячэння. Вядомы пластычны хірург з Вялікабрытаніі Джыліян Дэ Сільва стварыў камп'ютарную праграму, якая можа паказаць, наколькі той ці іншы чалавек блізкі да старажытнагрэчаскіх мерак дасканаласці — таго самага залатога сячэння. Іншымі словамі, калі мы лічым, што твар чалавека непрапарцыянальны, значыць, ён выбіваецца з тых самых правілаў. І вось што цікава: у спісе з «ідэальнымі» тварамі першымі аказаліся асобы, чые імёны большасці з нас мала што скажуць. («У аўтасалоне жанчына звяртаецца да дылера: «Хачу набыць у вас машыну». — «Мадэль?» — «Не, бухгалтар, але за камплімент дзякуй».) А многія прызнаныя прыгажуні свету з ліку актрыс і спявачак або займаюць у ім далёка не рэйтынгавыя месцы, або ўвогуле адсутнічаюць. Адны кажуць, што так атрымалася з прычыны прафесійнай зацікаўленасці самога пластычнага хірурга, які стварыў партрэт ідэальнай жанчыны па «замове» кліентаў.

(«Дачка пытаецца ў маці: «А як гэта — быць маці самай прыгожай дзяўчыны?» — «Не ведаю, спытай у бабулі».)

Іншыя слушна заўважаюць, што нашы ўяўленні пра прыгажосць далёкія ад матэматычных формул. («Я да вас наконт работы?» — «90х60х90?» — «486 тысяч!» — «Увогуле не гэта мелася на ўвазе, але добры бухгалтар нам у мадэльным агенцтве таксама патрэбны!»)

Колькі людзей, столькі і меркаванняў. Па версіі People, 47-гадовая Джэніфер Эністан была названая нядаўна самай прыгожай жанчынай свету. Сама актрыса сказала, што гэта было для яе нечаканасцю. На яе думку, прыгажосць — гэта мір, дабрыня, упэўненасць у сабе і годна пражытае жыццё. Яшчэ дадала, што лічыць прыгожым не саромецца і не папракаць сябе, калі ў жыцці нешта пайшло не па вызначаным сцэнарыі. Слушная парада, праўда?.. Навукоўцы з інстытута Тэхаса назвалі дзяўчыну з ідэальнай фігурай, хоць яе параметры далёкія ад мадэльных. Рост 34-гадовай Кэлі Брук (брытанскай актрысы і насамрэч мадэлі) —168 сантыметраў, астатняе — 99-63-91. Спецыялісты ўлічылі вагу, рост, форму твару, даўжыню валасоў, узрост і прыйшлі да высновы, што «гэтая дзяўчына па-сапраўднаму натуральная і дасканалая паводле ўсіх параметраў»... Фінскія навукоўцы з універсітэта Турку правялі апытанне сярод больш чым 10 тысяч мужчын з мэтай вызначыць ідэальныя параметры жанчыны. Абагульнены вынік: паненкі ва ўзросце ад 23 да 28 гадоў, што займаюцца інтэлектуальнай працай, з'яўляюцца добрымі суразмоўцамі і даглядаюць сябе... Можа, усё гэта — таксама прыклады «залатога сячэння»? Памятаеце савецкі фільм, назва якога гаворыць у нашу тэму — «Формула кахання»?

...Пакуль адны захапляюцца чужымі ідэальнымі прапорцыямі, іншыя не толькі не пакутуюць ад іх адсутнасці, але, як той казаў, адчуваюць смак жыцця напоўніцу: пакідаюць у захапленні ад саміх сябе іншых і нават зарабляюць на гэтым грошы. Як, напрыклад, 24-гадовая «зорка» «Інстаграма» — амерыканка з непрапарцыянальнымі клубамі. Пры росце 152 сантыметры абхват апошніх у яе складае 177 сантыметраў! Амерыканка не толькі не саромеецца сваёй фігуры, але, наадварот, здолела зрабіць з клубоў трэнд і манетызаваць свой акаўнт. Дзяўчына рэгулярна публікуе свае здымкі ў «Інстаграме», дзе ў яе 166 тысяч падпісчыкаў. Пасля абвінавачвання ў выкарыстанні фоташопу «зорка» выклала і відэа, маўляў, памер сапраўдны. Затое потым фанаты атрымалі магчымасць падпісацца на яе здымкі і відэа па цане 12 долараў у месяц. Добрая падпрацоўка, як той казаў, на роўным месцы. Хоць якое ж яно роўнае?..

А бываюць і ўвогуле анекдатычныя сітуацыі кшталту «каханне злое». Хто не ведае волата-зубра? Дык вось нядаўна пісалі, што адзін такі малады прыгажун вымушаны быў у Кобрынскім раёне шукаць сабе сяброўку сярод... кароў. Нейкае ліха занесла яго далёка ад Белавежскай пушчы і, апынуўшыся ў адзіноце, ён пацягнуўся да рагуль, не засмуціўшыся адсутнасцю родавага «залатога сячэння». («Ты будзеш маім». — «Ну, нават не ведаю, што сказаць...» — «Гэта было не пытанне!») Трэба сказаць, па словах відавочцаў, апошнія прынялі ляснога волата прыхільна. Можа, яны лепш разбіраюцца ў прыгажосці?.. Такая ж гісторыя паўтарылася неўзабаве і ў Рэчыцкім раёне.

Усе мы прыгожыя, і кожны па-свойму. Апроч знешняй прывабнасці, ёсць яшчэ спагадлівасць, здольнасць да нечага, пачуццё гумару і шмат чаго іншага, што ў выніку робіць чалавека ідэальным у нашых вачах. Таму самыя прыгожыя — побач, так? («Кожная з нас — жанчына чыёйсьці мары... Справа толькі за малым — знайсці гэтага летуценніка!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».