Вы тут

Студэнты БДУІР адкрылі ІT-кампанію «Хмарка»


«Хмарцы» — бязвоблачнай будучыні!

Займець уласны бізнес марыць ледзь не кожны малады чалавек. Сапраўды, хто не хацеў бы такое месца работы, дзе ўсё залежала б толькі ад яго рашэнняў, а пры добрым супадзенні абставін яшчэ і прыносіла добры прыбытак? Але рызыкнуць уласнымі грашыма і стварыць працоўнае месца для саміх сябе рашаюцца адзінкі. Сярод іх — чацвёртакурснікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Мікіта ПУШНОЎ з факультэта камп'ютарных сістэм і сетак і Ганна ЛОСЬ з інжынерна-эканамічнага факультэта. Паўтара года таму яны адкрылі ІT-кампанію з рамантычнай назвай «Хмарка». Сёння фірма займае цэлы офіс у цэнтры сталіцы, а ў яе штаце — каля дзесяці чалавек.


Пытання са стартавым капіталам перад кампаньёнамі не стаяла. Прыцягальнасць сферы ІT у тым, што для старту патрэбныя толькі камп'ютар, інтэрнэт і вольны час, лічыць Мікіта. Выдаткі студэнты пакрывалі з уласных зберажэнняў, потым кампанія пачала зарабляць на сябе сама.

— Зразумела, увайсці на ІT-рынак, дзе хапае моцных гульцоў, не так проста, — расказвае Мікіта. — Нам на першым этапе было цяжка сябе пазіцыянаваць, таму мы хапаліся за любыя праекты, якія знаходзілі: за стварэнне вэб-сайтаў, мабільных праграм... Гэта, пэўна, было нашай памылкай — мы так пашырылі кола паслуг, што не маглі сябе лаканічна прадставіць кліентам. Цяпер вось мэтанакіравана шукаем тыя сферы, у якіх мы мацнейшыя. Галоўнай «фішкай», якая вылучае нас сярод іншых, сталі маркетынгавыя даследаванні, якія праводзім перад тым, як нешта ствараць. Аналагічную паслугу аказваюць усяго некалькі беларускіх кампаній.

Першым праектам для «Хмаркі» стала стварэнне вялікай карпаратыўнай сістэмы для расійскай кампаніі, якая прадае квіткі на масавыя мерапрыемствы. Фактычна яго рэалізацыя працягваецца і сёння. Каманда стварала мабільныя праграмы, вэб-сайт, распрацоўвала дызайн — па сутнасці, аказвала поўны спектр ІT-паслуг.

Мікіта расказвае, што заказчыкі знайшліся праз так званыя фрыланс-біржы — сайты, дзе праграмісты без пастаяннага месца работы прапаноўваюць свае паслугі. Вырашальным для расіян момантам стала тое, што ім спадабалася манера размовы айцішнікаў-пачаткоўцаў. Такая, здавалася б, дробная дэталь вырашыла лёс кампаніі...

— Заказы і дагэтуль з'яўляюцца для нас праблемай, — прызнаецца Ганна. — Большасць хочуць наймаць вядомыя кампаніі, якія ўжо добра сябе зарэкамендавалі, маюць вопыт не менш як пяць гадоў, партфоліа ў тысячу праектаў, штат у паўтары сотні чалавек... Таму мы робім стаўку на персанальную работу — самі шукаем кліентаў, вядзём з імі перамовы.

Цяпер у скарбонцы «Хмаркі» ўжо дзясяткі праектаў. Сярод галоўных стваральнікі вылучаюць, напрыклад, сэрвіс па заказе грузавога таксі накшталт сусветна вядомага Uber для адной з французскіх кампаній. Ёсць таксама праект, які выконваюць для адной з прыватных стаматалагічных клінік, — ім патрэбны сайт з магчымасцю заказу квіткоў праз інтэрнэт, наяўнасцю віртуальнай карткі пацыента і іншымі «наваротамі». Смеючыся, стваральнікі кампаніі называюць адным з галоўных праектаў і свой уласны сайт — ён перарабляўся ўжо дзевяць разоў, пакуль вынік не задаволіў усіх.

Ці не замінае ўласны бізнес вучобе? Юныя прадпрымальнікі сцвярджаюць, што не. У Ганны, напрыклад, сярэдні бал за сесіі пачынаецца з 9,8. Мікіта кажа, што ў яго ўсё не так бязвоблачна, але хлопец першапачаткова аддаваў прыярытэт рабоце, а не вучобе. Вядома, часам прыходзіцца выбіраць, расклад не заўсёды зручны, каб паспяваць на работу. Але некаторыя выкладчыкі, наадварот, рады, калі студэнты могуць прывесці ў прыклад свой уласны вопыт.

— Цяпер мы трохі застылі ў сваім развіцці, — канстатуе Мікіта. — Гэта як з дзіцем — спачатку яно расце хутка, але калі становіцца старэйшым, рост запавольваецца. Таму нам трэба шукаць новыя варыянты для развіцця, напрыклад выходзіць на заходнееўрапейскі ці амерыканскі рынкі, шукаць заказчыкаў там. Гэта вельмі важны досвед, які можа прынесці шмат новага.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея Нікановіча

Загаловак у газеце: Самі для сябе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.