Вы тут

Год без Алеся Савіцкага...


Летась 6 кастрычніка перастала біцца сэрца вялікага Патрыёта, Грамадзяніна, палымянага Прамоўцы, Рамантыка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага. Згарэў, як знічка, знянацку...


Асірацелі не толькі яго каханая жонка Людміла Барысаўна, дочкі Наталля і Таццяна з мужамі, унукі Яўген і Аляксандра з сем'ямі. Асірацела і наша сям'я, бо ён быў для нас добрым надзейным Сябрам, Настаўнікам, Дарадцам.

Асірацелі яго любімае Лысагор'е, родны Полацк, ды і ўся Беларусь...

Калі Алесь Ануфрыевіч заходзіў да нас на лецішча, то нават у пахмурны дзень святлела ўсё наўкола ад яго ўсмешак, аптымістычнага настрою, пазітыву, сярэбранай шавялюры. Заўсёды акуратны, стройны, як юнак, у арэале дарагога парфуму.

Колькі вогнішчаў мы распалілі ў доме творчасці «Іслач» і на яго любімым полі з магутнымі дубамі, седзячы на камяні, які дапамог дастаць з-пад зямлі Уладзімір Скарынкін! Камень гэты Алесь Ануфрыевіч называў «каменем працы і натхнення». Каля яго ён вырошчваў бульбу, кабачкі. Сеў адпачыць, любуючыся маляўнічымі краявідамі. Перапёлка падышла і загадала «шыць-палоць». Я папрасіла: «Дай адпачыць чалавеку...»

Апошняе лета і восень Алесь Ануфрыевіч амаль штодня хадзіў на сваё поле з сякерай пад пахай, распальваў партызанскія вогнішчы перад захадам сонца, якое садзілася за зубчастымі дрэвамі. Аказалася, развітваўся, дзякаваў сонцу, як Хвядос са знакамітага фільма «Белыя росы», зняты па сцэнарыі яго земляка Аляксея Ануфрыевіча Дударава.

Часта мы з ім былі побач, слухалі ўспаміны, расказы. Здзіўляла яго бліскучая мова, неверагодная памяць у 91 год.

Апошняе эсэ пра любімае Лысагор'е Алесь Савіцкі надрукаваў у «Звяздзе» 29 жніўня 2015 года з цудоўным здымкам пад дубам-асілкам.

Пакуль мы жывыя, будзем падтрымліваць агонь тых вогнішчаў як памяць пра славутага сына, чалавека-творцу зямлі беларускай. А поле называем полем Савіцкага.

На жаль, развітанне з Алесем Ануфрыевічам прайшло не ў Мемарыяльнай зале Дома літаратара, дзе ён правёў столькі ўрокаў мужнасці з моладдзю, прывіваючы любоў да Бацькаўшчыны, зямлі беларускай.

Сяргей Грахоўскі расказваў, як аднойчы ў Ташкенце групу беларускіх пісьменнікаў сустракалі халаднавата каля трапа самалёта. Казалі: «Мы чакаем Савецкага». Ім адказалі, што мы ўсе «савецкія». Аказваецца, мелі на ўвазе Алеся Савіцкага!

Ён не здрадзіў сваім ідэалам, за якія змагаўся, будучы тры разы параненым. Ордэн Славы знайшоў яго праз 50 гадоў.

Дзякуем, Алесь Ануфрыевіч, што Вы былі ў нашым жыцці!

Спадзяёмся, што на доме №11 па вуліцы Янкі Купалы хутка з'явіцца мемарыяльная дошка, бо Алесь Савіцкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, гэта заслужыў.

Валянціна Луцэвіч-Скарынкіна

Фота Кастуся Дробава

Па дарозе ў Зялёнае

Ідзём дарогай звілістай

Па лесе

На станцыю...

І правая рука

Пісьменніка

Савіцкага Алеся

Сціскае моцна лямку

рукзака.

Па гурбах снегу,

Верасе прымятым,

Па мокраму імшаніку

Праз лес

Хадзіў ён у юнацтве

З аўтаматам

Або з вінтоўкаю

наперавес.

Ля Полацка

Любая баравіна

Дагэтуль помніць

лёгкую хаду.

Дайшоў ён з аўтаматам

Да Берліна...

Я ўслед за ім

з павагаю іду.

Адважны вой

З блакітнымі вачамі

Зрабіў засад

І смелых рэйдаў шмат.

Здаецца,

І сягоння за плячамі

Вісіць не рэчмяшок,

А аўтамат.

Уладзімір Скарынкін

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.