Вы тут

Важна не толькі захаваць


Архівы беларусаў замежжа маюць вялікае значэнне для камплектавання фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Найбольш актыўна дакументы дзеячаў культуры, навукі і мастацтва, якія воляй лёсу апынуліся за мяжой, сталі паступаць з сярэдзіны 1990-х гадоў, і працэс не спыняецца да сёння. На вялікі жаль, з розных прычын гэтыя фонды часта няпоўныя. Але спадзяёмся на іх папаўненне: патрэбна шмат часу, каб сабраць гэтае багацце па ўсім свеце.


Фонды замежных беларусаў сталі трапляць у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва яшчэ ў савецкі час — на пачатку 1980-х гг. Першыя дакументы прыходзілі з Польшчы ад Сакрата Яновіча. Ён меў характар архівіста, здольнасць ацаніць дакумент як гістарычную крыніцу, уключыць яе ў пэўную сістэму. Таму яго фонд у нас сёння дастаткова багаты. Нягледзечы на тое, што спачатку пісьменнік перадаваў некаторыя свае дакументы ў лонданскую Скарынаўскую бібліятэку і ў сховішчы бібліятэк Польшчы, у пэўны час усё ж прыняў рашэнне перадаваць усё, што мае, у БДАМЛМ. Ён казаў: «Каб пасля не шукаць свайго ў чужых», бо разумеў, што самы актыўны даследчык беларускай літаратуры будзе жыць тут, у Беларусі. Сапраўды, у дзейнасці архіва ёсць адзін аспект, які часта не ўлічваецца: важна не толькі захаваць, важна яшчэ служыць даследчыку, быць часткай нацыянальнай гісторыі і культуры.

Ёсць у сховішчах архіва-музея дакументы іншых дзеячаў з Польшчы — Базыля Белаказовіча, Антонія Мірановіча. Варта ўзгадаць таксама і пра дакументы, прывезеныя з Літвы, Латвіі, Расіі, якія ў савецкі час непрынята было называць замежжам. Напрыклад, унікальныя зборы Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія перш за ўсё былі створаныя на аснове дакументаў, прывезеных з маскоўскіх кватэр перакладчыкаў П. Сямыніна і С. Гарадзецкага.

Варта згадаць і фонд Лукаша Бэндэ, архіў якога неўзабаве пасля ягонай смерці ў 1961 г. быў перавезены з Санкт-Пецярбурга ў Мінск. Старэйшыя супрацоўнікі памятаюць, што гэта была своеасаблівая «аптымістычная катастрофа» — настолькі фонд быў вялікі.

З прывезеных з Расіі можна згадаць яшчэ архівы перакладчыка Паўла Кабзарэўскага з Санкт-Пецярбурга, Язэпа Дылы з Саратава. У Пяцігорску жыў паэт з трагічным лёсам Вісарыён Гарбук, якому здароўе не дазволіла жыць на беларускай зямлі. Удава пісьменніка перадала яго архіў у БДАМЛМ. З Яраслаўля трапіў да нас архіў і музейны фонд сям’і Багдановічаў, якія ўдалося сабраць у першую чаргу дзякуючы Алесю Бачылу. З Якуцка нашмат пазней, ужо ў 1990-я гады, асабістае знаёмства з Алесем Баркоўскім паспрыяла паступленню дакументаў паэта Івана Ласкова.

З Новасібірска, напрыклад, поштаю пераслаў нам дакументы сын Міколы Каспяровіча — Аляксандр Каспяровіч. У Самаркандзе праз, светлай памяці, Віталя Скалабана мы знайшлі сям’ю сябра Каруся Каганца і атрымалі ўнікальны падарунак — дзве рэдкія працы мастака і пісьменніка.

За апошняе дваццацігоддзе ў архіў-музей паступілі дакументы, выданні, музейныя рэліквіі з Беларускага інстытута навукі і мастацтва, ад Вітаўта Кіпеля і Янкі Запрудніка, якія, акрамя сваіх уласных матэрыялаў, перадалі часткі асабістых архіваў Наталлі Арсенневай, Юркі Віцьбіча, Міколы Куліковіча-Шчаглова, Антона Адамовіча і многіх іншых. Значнае месца займаюць фонды Алеся Алехніка (Аўстралія), Міхася Швэдзюка (Вялікабрытанія), Масея Сяднёва (ЗША), Данчыка (Багдана Андрусішына, ЗША) ды інш. Кожны з гэтых фондаў утрымлівае дакументы як пра жыццё і дзейнасць сваіх стваральнікаў, так і пра гісторыю беларускага замежжа.

Але самым першым фондам, які паступіў цэласным, быў асабісты архіў аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў беларускага замежжа — Міхася Забэйды-Суміцкага. Гісторыя паступлення ў Беларусь асабістага архіва спевака налічвае больш за дваццаць гадоў. Пра першыя захады Міхася Забэйды перадаць сваю спадчыну на радзіму сведчыць ліст загадчыка аддзела камплектавання Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў СССР да яго ад 10 чэрвеня 1964 г.:

«ЧССР, Прага 2-Винограда Польска 12 тов. М. Забейде-Сумицкому.

Уважаемый товарищ Забейда, по сообщению Архивного управления Белорусской ССР во время своих гастролей в Минске в 1963 году Вы выразили желание передать свой личный архив Центральному государственному архиву литературы и искусства Белоруссии. Учитывая это, мы были бы признательны за присылку нам подробной описи материалов архива и сообщение условий, на которых Вы согласны передать его в Государственный архив СССР. С уважением начальник отдела Коленкина» (БДАМЛМ. Ф. 293. Воп. 1. Адз. захавання 356. Арк. 13).

Ці адказаў Міхась Забэйда на ліст чыноўніцы Галоўархіва СССР, цяпер сказаць цяжка. Але, мяркую, што тым самым было надоўга стрымана памкненне спевака перадаць свой архіў: па-першае яго магла бянтэжыць прапанова скласці падрабязны вопіс, па-другое, просьба сыходзіла з Масквы, а не ад тых, каму ён выказаў сваё жаданне патрыёта-беларуса. Відавочна, што беларусы былі пазбаўленыя права вырашаць гэта пытанне самастойна, нават наўпрост ліставацца з уласнікам архіва за мяжой.

Тым не менш Міхася Забэйду не пакідала думка перадаць сваю архіўную спадчыну на радзіму. Можна сказаць, што ў нейкім сэнсе для яго гэта было раўназначным фізічнаму вяртанню. І ён прыняў адзінае правільнае на той час рашэнне: 22 лістапада 1965 г. склаў завяшчанне, у якім адным са спадчыннікаў пазначыў «Дзяржаўны беларускі мастацкі архіў» (так у афіцыйным пасведчанні на чэшскай мове), што атрымліваў у спадчыну «мастацкія прадметы-ноты, кружэлкі, магнітафонныя стужкі, кнігі, карэспандэнцыю, магнітафон, піяніна» (БДАМЛМ. Фонд 293. Воп. 1. Адз. захавання 359. Арк. 4).

Забэйда-Суміцкі памёр 21 снежня 1981 г. Неўзабаве інюркалегія ЧССР пачала росшук пазначанага ў завяшчанні архіва. У сувязі з тым, што назва была пададзеная не зусім дакладна, узніклі пэўныя праблемы, і першы ліст з Прагі ад 18 лютага 1982 г. адрасат проста не атрымаў. Наступны ліст прадстаўніком інюркалегіі д-рам Бартавай быў напісаны 2 ліпеня таго ж года. У выніку афармленне правоў наследавання заняло больш за паўтара года, а праца па арганізацыі дастаўкі архіўнай спадчыны Забэйды-Суміцкага ў Беларусь была завершаная толькі ў чэрвені 1985 г.

Зразумела, што з’яўленне ў архіве-музеі асабістага архіва Міхася Забэйды прыцягнула ўвагу многіх даследчыкаў. Але першым, хто ўзяў на сябе абавязак «вывучыць» змест спадчыны спевака, быў Аддзел прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. Справа даручалася «товарищу Н. С. Сташкевичу» і на падставе пасведчання, выдадзенага яму ЦК КПБ 1 чэрвеня 1987 г., ён прыступіў да працы. Заўважу, што адбылося гэта толькі праз два гады пасля атрымання архіва. Гэта азначае, што спецыялісты архіва-музея не маглі распачаць працу навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў раней, чым пачне і завершыць сваё «вывучэнне» аддзел прапаганды.

У красавіку 1992 г. была пастаўлена апошняя кропка ў справе апрацоўкі архіўнай спадчыны Міхася Забэйды-Суміцкага. І хаця праца так моцна расцягнулася ў часе, трэба прызнаць, што якраз гэта выратавала фонд ад складання двух вопісаў, справы ў адным з якіх былі б з паметай «сакрэтна» і закрытыя для шырокага доступу. Калі апрацоўваўся архіў спевака, мы жылі ўжо ў іншай краіне, і ранейшыя абавязковыя правілы страцілі сваю актуальнасць.

Архіўны фонд Міхася Забэйды-Суміцкага налічвае 452 адзінкі захоўвання. Гэта творчыя дакументы, матэрыялы канцэртнага рэпертуару, фотаздымкі, значная колькасць асабістых дакументаў, якія дазваляюць удакладніць і дэталізаваць многія факты біяграфіі спевака. Асаблівае месца займаюць беларускія народныя песні і песні беларускіх кампазітараў на словы Я. Купалы, М. Багдановіча, А. Русака, М. Танка.

Унікальная частка архіва спевака — ліставанне з дзеячамі мастацтва, літаратуры, культуры многіх краінаў свету. Яму пісалі з Англіі, Балгарыі, Венгрыі, Нямеччыны, Італіі, Канады, Югаславіі. Але найбольшую частку эпісталярыя складаюць лісты з Беларусі і дзечаў беларускай культуры за яе межамі. Захаваліся лісты С. Александровіча, А. Бажко, Зоські Верас, Н. Гілевіча, С. Грахоўскага, У. Караткевіча, А. Карпюка, А. Лойкі, С. Новіка-Пяюна, С. Панізніка, Я. Саламевіча, П. Сергіевіча, М. Танка, Р. Шырмы, Я. Янішчыц ды многіх іншых.

На вялікі жаль, уключаны ў спіс спадчыны раяль «Шолзэ» не дазволілі вывезці.

Наступным паводле часу паступлення ў БДАМЛМ быў архіўны фонд пісьменніка Масея Сяднёва. Першы яго візіт на радзіму пасля амаль пяцідзесяцігадовага перапынку адбыўся ў 1990 г. Далей, як пісьменнік, так і архіў-музей, выкарыстоўвалі любую нагоду, каб перадаць ці пераслаць матэрыялы. Наступнае падарожжа ў Беларусь дзеяч ажыццявіў у верасні 1992 г. Першае спатканне з калектывам БДАМЛМ і першае паступленне дакументаў непасрэдна з рук іх гаспадара адбылося 14 верасня. Гэта былі рукапісы Масея Сяднёва: зборнік вершаў «Ад сына твайго, Беларусь», паэмы «Вечнае выгнаньне», «Забраны Менск», «Цень Янкі Купалы», «Паэма пра бацькаўшчыну», вершы розных гадоў, публіцыстычныя творы, успаміны, а таксама пераклады ягоных твораў на нямецкую, польскую, украінскую мовы. Самую значную частку дадзенага вопісу складае эпісталярый.

Другі вопіс фонду Масея Сяднёва фарміраваўся на працягу 1995 — 2002 гг. У лістападзе 1995 г. пісьменнік выслаў на адрас БДАМЛМ рукапіс кнігі «На споведзі перад Айчынай» і адначасова ліст, у якім тлумачыў: «…сваю новую кнігу, якую вось і высылаю Вам і якую прашу прыняць у Ваш архіў-музей… Ні ў якае з нашых выдавецтваў гэтую кнігу я не пасылаў». Далей дакументы ад Масея Сяднёва паступалі менавіта такім шляхам. Толькі ў 1997 г. мы атрымалі ад пісьменніка чатыры пакункі дакументаў. Апошняй ягонай весткай да аўтара гэтага артыкула была віншавальная паштоўка з Новым 2001 годам, а апошняе паступленне ў фонд адбылося ў 2002 г.: Святлана Сачанка перадала ў архіў-музей трыццаць дзевяць лістоў Масея Сяднёва да яе за 1992 — 2000 гг.

У маі 2014 г. пры архіве-музеі была створана навукова-творчая ініцыятыва «Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа», праца якога заключаецца не толькі ў выяўленні і навуковым апісанні беларускіх дакументаў у замежных архівах, музеях і бібліятэках, прыватных калекцыях, але таксама і ў папулярызацыі ведаў пра дзейнасць беларускіх арганізацый і выдатных асоб беларускага паходжання за мяжой у нашым грамадстве.

Станоўчы досвед фарміравання архіўных фондаў вядомых дзеячаў беларускага замежжа і факт стварэння згаданага цэнтра даюць падставы спадзявацца на актывізацыю супрацоўніцтва як з беларускімі арганізацыямі, так і з уладальнікамі асабістых архіўных збораў беларускага замежжа.

Ганна ЗАПАРТЫКА, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».