Вы тут

Мікола Ермаловіч. Чалавек з «каметнай арбіты»


Чалавек-легенда, маладзечанская знакамітасць, гарадскі «дзівак»… Ён нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навасёлкі Мінскага павета (цяпер гэта Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у 1921 г., але ў 1950-х — 1990-х гг. жыў у горадзе Маладзечна, адкуль родам і я. Апошнія колькі гадоў свайго нязвыклага (на погляд звычайнага гарадскога абывацеля) жыцця, жыцця — як пралёт каметы! — Мікола Ермаловіч, атрымаўшы нарэшце прызнанне плёну самаадданай працы па старажытнай гісторыі Беларусі, жыў у Мінску.


Тут ён атрымаў кватэру, меў магчымасць больш працаваць у бібліятэках, найперш — у любімай нацыянальнай, а таксама сустракацца з шырокім колам чытачоў сваіх кніг і палемічных артыкулаў: у 1990-я, тыя першыя гады атрымання незалежнасці нашай краінай, загадкавай гісторыяй паўсталай Беларусі-Фенікса цікавіліся многія: ад вадзіцеля аўтобуса да цырульніцы... На жаль, вясной 2000 г. у Мінску, пераходзячы дарогу і ў выніку трагічнага сутыкнення з аўтамабілем, «народны гісторык», як яго, хто з усмешкай, хто з любоўю, называлі, быў збіты з ног (са сваёй «каметнай арбіты») і праз дзень памёр ад ран у сталічнай бальніцы.

Камета (у перакладзе з грэчаскай мовы — літаральна «доўгавалосы») — нябеснае цела, якое рухаецца не па круглай планетарнай арбіце, а па моцна выцягнутай у эліпс, удалечыні ад Сонца. Хоць і з’яўляюца складнікамі Сонечнай сістэмы, яны маюць цвёрдую «галаву» і доўгі светлавы «хвост», які падаўжаецца па меры набліжэння да Сонца і можа быць да дзясяткаў мільёнаў кіламетраў... Чым не «астранамічны партрэт» нашага героя — Міколы Ермаловіча? А «сонцаў», або цэнтраў прыцягнення, у Сусвеце можа быць шмат. На ўсіх хопіць. Гэта проста Сусвет сонечнага сяйва!..

Пра яго гаварылі падчас навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Летапісец нашай славы: да 95-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча», якую сёлета праводзіла дзяржаўная ўстанова культуры «Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча». Сярод дакладчыкаў і выступоўцаў былі Вячаслаў Рагойша, Уладзімір Мароз, Навум Гальпяровіч, Міхась Казлоўскі і іншыя шаноўныя госці і маладзечанцы.

Ермаловіч меў з маладосці вельмі дрэнны зрок (фізічна), але, падмацаваны пукатымі акулярамі, вельмі зорка, праніклівым позіркам углядаўся ў цёмныя стагоддзі беларускай гісторыі (духоўна). Недзе нават інтуітыўна, углядаючыся ў геаграфічную карту сучаснай Беларусі, Беларускай ССР. Хадзіў па тратуарах і драўляных насцілах невялікіх вуліц 1960-х, шырокім крокам, крыху хістаючыся, як марак па палубе... Можа, нават крыху п’яны; але не ад алкаголю, а ад сваіх смелых ідэй, падазрэнняў, гіпотэз, азарэнняў! Гэткі Шэрлак Холмс мясцовага маштабу, пераапрануты ў гарадскога абывацеля ці іншага персанажа дзеля сваёй «дэдукцыйнай методы». Падобна было на тое, што ў яго зрэнках, надзейна схаваных за масіўнымі лінзамі акуляраў, надоўга заставаліся нібы «ўдрукаванымі» (адваротнымі: белымі літарамі!) такія тапанімічныя назвы як: Літва (вёска), Літвінкі (вёска), Ліцвінавічы (вёска), Ліцвяны (вёска) і іншыя... Такая была фантастычная акамадацыя Ермаловічавых вачэй — прыстасаванне ўзбуджальных тканак для бачання яркіх прадметаў. Хто глядзеў на сонца і пасля адводзіў вочы ўбок, доўга яшчэ, 5 ці 10 хвілін, «бачыць» чорны дыск між вейкамі. Ці на аголеную лямпачку напальвання — такі чорны графічны ўзор адбіваецца!.. Беларусь была для Ермаловіча такім Сонцам.

Мікола Ермаловіч, якога называюць летуценным гісторыкам-аматарам і філолагам, які зацікавіўся гісторыяй (гісторыяй Літвы; аднак не сучаснай яму Літоўскай ССР, а Літвы гістарычнай), значны перыяд жыцця жыў са мной у адным горадзе Маладзечна. Гэта былі 1950-я — 1970-я гг. Толькі я жыла на вуліцы Дзяржынскага, у двухпавярховым доме, пабудаваным, як казалі, «пленнымі немцамі». А Мікола Ермаловіч жыў у тыя самыя гады амаль непадалёку ад мяне — з іншага боку гарадскога парку, на горцы, праз дарогу ад знакамітага рынку з каменнымі «склепамі». Пра яго тады мала хто ведаў. З-за слабага зроку ў Вялікай Айчыннай вайне ён не ўдзельнічаў. Вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце (факультэт беларускай мовы і літаратуры), працаваў школьным настаўнікам у далёкай Мардоўскай АССР, а ў 1943 г. вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Віцебскай вобласці, у Дзяржынску. Але скончыў Мінскі педагагічны інстытут толькі ў 1947 г. і адразу стаў працаваць старшым выкладчыкам у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце. У сярэдзіне 1950-х М. І. Ермаловіч быў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Але значная страта зроку вымусіла яго рана пакінуць сталую працу і жыць з сям’ёй на невялікую пенсію. У сям’і працавала жонка (дарэчы, настаўніцай гісторыі), а пасля і дачка Алена. Жыць можна было, але вельмі «нестандартна», па-свойму. Вольны час падарыў яму вялікі свет і вялікія стагоддзі, вялікіх асоб і вялікія здагадкі. А таксама, як сказалі бы мы сёння, шмат віртуальных сяброў і знаёмых.

Юнай дзяўчынай я «віртуальна» пазнаёмілася з яго жытлом. Жыў ён тады ў тыповай двухпакаёвай кватэры, з прахадным пакоем, заваленым стосамі («егіпецкімі пірамідамі»!) кніг на прысунутым да сцяны стале, маленькай кухняй, цеснай вітальняй. Можна сказаць, што, як аточаны нябачнымі шклянымі сценамі, у самым цэнтры кватэры, там, дзе месціўся гэты недатыкальны рабочы стол даследчыка, і быў яго ўласны «рабочы кабінет». І я яго такім убачыла аднойчы! У сярэдзіне 1970-х гг. з дачкой Ермаловіча Аленай мы нейкі нядоўгі час працавалі на Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў «Народная творчасць», сядзелі побач, выраблялі сувенірныя лялькі з ільну («Гусляр», «Жняя», «Паўлінка» і іншыя), і я, бывала, заходзіла да яе падчас нашых суботніх вечаровых прагулак па горадзе... Свой дзявочы пакойчык яна дзяліла з братам-інвалідам, які падчас майго візіту часта проста спаў за квяцістай заслонай («Ай! Не звяртай увагі!» — гаварыла сяброўка), як тайнае вялікае дзіця аднаго з вучоных у фільме «Салярыс» Андрэя Канчалоўскага паводле рамана польскага пісьменніка Станіслава Лема... Яна была на некалькі гадоў старэйшая за мяне. Цяжкасцей не баялася, часта гаварыла і жартавала па-беларуску (у адрозненні ад іншых работніц).

Тады я не ведала, што бацька маёй Алены — філолаг, і яшчэ які: Філолаг з вялікай літары! Праўда, я ніколі яго не бачыла, яго заўсёды не было ў кватэры падчас маіх легкадумных візітаў. Хутчэй за ўсё, ён зранку быў у Мінску, у бібліятэцы, найверагодней у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна (а цяпер Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе я працую).

Крыху пазней, калі я закончыла філфак, мы з Аленай выпадкова сустрэліся, і я была запрошана на агледзіны і на гартанне фотаальбомаў у новую кватэру Ермаловічаў. Адразу кінуліся ў вочы важныя перамены: у яе легендарнага тады ўжо Бацькі (Бацькі ідэі несупадзення межаў сучаснай і гістарычнай Літвы, нават паводле тапанімічных назваў з коранем «Літв-» і іншых яго «філалагічных назіранняў») быў свой асобны пакой-кабінет.

Можна сказаць, што і мае лірычныя ўспаміны пра Міколу Ермаловіча — гэта таксама «філалагічныя назіранні». Калі ўпаўвока, калі ў два вокі, а калі «шырока закрытымі вачыма» (ад страху за яго жыццё, лёс і лёс яго кніг; за яго зрок, які, як навокал казалі і пісалі, усё больш і больш пагаршаецца, а аперацыя наўрад ці дапаможа...)

З канца 1980-х і па 2005 гг. я працавала ў аддзеле беларускай літаратуры ў Мінску, у найвялікшай кніжнай скарбніцы Беларусі. Сярод супрацоўнікаў у тагачасным аддзеле беларускай літаратуры, якім кіравала Л. М. Рабок, былі і пісьменніцы (напрыклад, захавальніца ведаў па «беларускай Атлантыдзе» Н. Б. Ватацы), і жонкі беларускіх пісьменнікаў (загадчыца сектара абслугоўвання чытачоў Р. Ф. Сіпакова), і жонкі беларускіх даследчыкаў («архівіст» В. У. Баханькова), і здагадлівыя з паўслова, практычныя жонкі вайскоўцаў (Л. І. Турбан), і нават дзіўны чарнявы бібліятэкар — аматар беларушчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стст. (Д. М. Давідоўскі)... Міколу Ермаловіча ўсе вельмі спагадліва абслугоўвалі, дапамагалі, чым маглі, хоць трымаўся ён годна, не дазваляў асабліва шкадаваць. Праўда, аднойчы супрацоўнікі выратавалі яму жыццё: у час нясцерпнага ўжо прыступу апендыцыту паклалі яго на ссунутыя разам свае службовыя сталы з цяжкімі тумбамі і выклікалі хуткую дапамогу, вызванілі радню, знаёмых. Асабліва паклапаціліся пра захаванне легендарнага, патрапанага жыццём, як і яго ўладальнік, партфелю з назапашанымі выпіскамі, матэрыяламі і асабістымі рэчамі гэтага ўнікальнага чытача... Усё тады, дзякуй богу, абышлося. Мяркую, што бібліятэка была для Міколы Ермаловіча «другім домам». А можа, у нечым і першым.

Асобу народнага даследчыка Міколы Ермаловіча дакладна малюе яго ўласны верш, які нібы падсумоўвае зробленае:

Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольшае ў тым шчасце маю,

Што жыць будзеш, Беларусь мая!

Пра знакамітага чытача так напісала ў сваім даследаванні «Беларусы» (зб. «Здабыткі», вып. 16) цяперашняя загадчыца чытальнай залы беларускай літаратуры ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Я. В. Галіеўская: «Гісторыкам ад Бога называлі М. Ермаловіча, аўтара вядомай і ў свой час вельмі папулярнай кнігі “Старажытная Беларусь”, якая выдавалася чытачам у аддзеле пад адказнасць дзяжурнага. Ён кожны дзень ездзіў з Маладзечна ў бібліятэку і працаваў у аддзеле зранку і да позняга вечара. Улічваючы, што М. Ермаловіч меў вельмі дрэнны зрок, яго работу можна назваць подзвігам».

Людка СІЛЬНОВА

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца дзясяткі кніг М. Ермаловіча на тэму беларускай гісторыі: «Па слядах аднаго міфа» (1989, 1-е выд.; і некалькі наступных, апошняе ўжо ў ХХІ ст.), «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды» (1990, 1-е выд.; 2001, 2-е выд.), «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд» (1994), абагульняльная праца «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (2000, 1-е выд.; 2003, 2-е выд.; 2010, перавыданне ў «Выбраным»; 2011, аўдыякніга). Захоўваюцца таксама зборнікі, часопісы і газеты з яго публікацыямі. А яшчэ — рэдкія, унікальныя выданні, перададзеныя ў апошнія гады жыцця на захоўванне самім аўтарам (і яго прыхільнікамі). Напрыклад, пераплеценыя разам «Гутаркі» 1970-х гг. (арыгіналы і іх копіі, зробленыя яшчэ пад сінюю капірку), «Сшытак вершаў» (таксама арыгінал і копія).

Ёсць у фондах і кнігі з аўтографамі Міколы Ермаловіча. Яны ілюструюць і дакументальна пацвярджаюць тыя асабліва цёплыя зносіны, якія за доўгія гады склаліся паміж супрацоўнікамі і Вялікім чытачом. Так, на тытульным лісце выдання «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд» стаіць лаканічны, размашысты дароўны надпіс аўтара тагачаснаму дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі: «Шаноўнай Галіне Мікалаеўне Алейнік М. Ермаловіч. 17.V. 94. Менск». А на тытульным лісце іншай кнігі — «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды» (1990) — стаіць дароўны надпіс аўтара класіку беларускай бібліяграфіі Н. Б. Ватацы ў сувязі з яе 83-м днём народзінаў: «Шматпаважанай Ніне Барысаўне Ватацы з віншаваннем яе ў дзень яе ўгодкаў і з пажаданнем ёй добрага здароўя і плённай творчай працы. М. Ермаловіч. 14.V.91. Менск». Назву нашай сучаснай сталіцы ён пісаў таксама па-свойму — па-старажытнаму, як у летапісах…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».