Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з парламентарыямі пятага і шостага скліканняў


Такая сустрэча — першая за 20-гадовую гісторыю Нацыянальнага сходу. Кіраўнік дзяржавы падсумаваў працу парламентарыяў мінулага склікання і паставіў задачы перад новымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў парламентарыяў пятага склікання, што яны лічаць найбольшым сваім дасягненнем, і ў парламентарыяў шостага склікання — пра планы заканадаўчай работы.


Віктар ГУМІНСКІ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога, трэцяга, чацвёртага, пятага скліканняў:

— Па розных кірунках міжнароднай дзейнасці мы вельмі шмат зрабілі. Сёння па-іншаму сталі глядзець на нашу краіну. Думаю, летняя сесія (26 сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. — Аўт.), якая пройдзе ў Мінску і якая атрымала падтрымку з боку кіраўніка дзяржавы, пакажа тым, хто да нас прыедзе, якая насамрэч Беларусь. У Скоп'і падчас сесіі ПА АБСЕ да мяне падыходзілі вельмі многія кіраўнікі дэлегацый і казалі пра тое, што яны б хацелі пазнаёміцца з нашай краінай. Думаю, мы зробім усё для таго, каб яны ўбачылі сапраўдную Беларусь: што ў нас добрыя людзі, што мы хочам міру і супрацоўніцтва.


Валянціна РАЖАНЕЦ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання:

— Сёння было вельмі хвалюючае мерапрыемства, пачуццяў шмат. У нас, дэпутатаў, многа абавязкаў і вялікая адказнасць. Мы яе яшчэ больш адчулі, паслухаўшы выступленне Прэзідэнта. Прыкладзём максімум намаганняў у сваёй дэпутацкай рабоце, каб ажыццявіць усе задачы, пастаўленыя на пятым Усебеларускім народным сходзе, а таксама тыя мэты, якія мы вызначалі падчас выбарчай кампаніі. Будзем працаваць сур'ёзна, адказна і на вынік!


Сяргей КАНОПЛІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў чацвёртага і пятага скліканняў:

— Мы разумеем увесь цяжар адказнасці, які кладзецца на парламент. Будучаму скліканню, можа, у нейкай ступені будзе нават больш складана працаваць. У той жа час глыбокае, эмацыянальнае выступленне Прэзідэнта і агучаныя пытанні, абазначаныя задачы натхняюць. Праца парламента — гэта праца агульная, не аднаго чалавека. Гэта месца для дыскусіі, для рашэння найважнейшых пытанняў.


Віталь БУСЬКО, дэпутат Палаты прадстаўнікоў чацвёртага і пятага скліканняў:

— Заканчваецца вельмі ёмісты, даволі вялікі этап у маім жыцці. Успамінаецца далекі 2008 год, калі я ўпершыню прыйшоў у гэтую залу... Сёння, аглядаючыся назад, ацэньваю, што было зроблена. Мне ёсць, што ўспомніць, што ацаніць.

Падчас работы ў чацвёртым скліканні мы атрымалі статус назіральніка ў парламенцкай асамблеі АСЕАН. Гэты рэгіён увогуле стаў адным са стратэгічных для нашай краіны. За апошнія некалькі гадоў усе спікеры або намеснікі спікераў парламентаў АСЕАН пабывалі ў Беларусі. Не так даўно мы атрымалі пацвярджэнне статусу назіральніка ў Лацінаамерыканскім парламенце.

Ёсць у нас прарыў і ў еўрапейскім кірунку. Зусім нядаўна я вярнуўся з юбілейнай канферэнцыі Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора, куды ўваходзяць усе краіны гэтага рэгіёна. Практычна мы ўжо шчыльна падышлі да атрымання статусу назіральніка ў гэтай арганізацыі.

Натуральна, трэба працягнуць работу ў інтэграцыйных аб'яднаннях на постсавецкай прасторы. Мы тут многага дабіліся, але, на жаль, на сёння мы не маем парламенцкага складальніка ў Еўразійскім эканамічным саюзе. І гэта вельмі хутка ўсе адчуюць, бо працаваць, не маючы парламента, будзе вельмі складана.


Тамара КРАСОЎСКАЯ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў:

— Пятаму скліканню дэпутатаў ёсць чым ганарыцца. Вельмі шмат прынята законапраектаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у многія законы нашай краіны, якія сапраўды палепшылі, спрасцілі жыццё нашых грамадзян. Гэта вельмі важна. Таксама было вырашана вельмі шмат пытанняў эканамічнага блока, пытанняў з сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны людзей. Быў прыняты вялікі блок законапраектаў, што тычацца міжнароднай сферы. Яны спрасцілі візавы рэжым паміж краінамі, садзейнічалі эканамічнаму, палітычнаму, гандлёваму ўзаемадзеянню.

Работа ў парламенце — гэта не толькі работа з людзьмі. Самае галоўнае — гэта, натуральна, работа з заканадаўствам. Чым больш асэнсавана да яго падыходзіш, тым больш дасканалымі будуць законы. Зараз мы прынялі галоўны фінансавы дакумент краіны на наступны год. Ён вельмі рэальны. Калі будуць выкананы ўсе яго параметры, то нашы сацыяльна-эканамічныя паказчыкі палепшацца і жыццё нашых людзей таксама.


Галіна ФІЛІПОВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў:

— Думаю, што галоўную ацэнку нашай дэпутацкай работы далі выбаршчыкі — па выніках справаздач у выбарчых акругах. Мне другі раз давер аказаў Светлагорскі раён. Мы ўсе разам: і мясцовыя органы ўлады, і дэпутацкі корпус у маёй асобе, і дэпутаты мясцовых саветаў справіліся з тымі задачамі, якія перад намі ставілі жыхары нашых рэгіёнаў. Павінна сказаць, што мы сур'ёзна папрацавалі над вырашэннем пытанняў газіфікацыі на Светлагоршчыне населеных пунктаў — гэта тое, чаго чакалі, на што спадзяваліся нашы людзі. Пачуты пажаданні жыхароў нашага раёна ў плане ўдасканалення пенсійнай сістэмы. Тое, што сёння зроблены першыя спробы па дыферэнцыяцыі працоўных пенсій па выніках максімальна выпрацаванага працоўнага стажу, гэта таксама было адным з пажаданняў выбаршчыкаў па выніках папярэдняй перадвыбарнай кампаніі.

Калі казаць ужо напярэдадні новай работы, то, натуральна, задачы стаяць не менш сур'ёзныя. З улікам таго, што актыўна перабудоўваецца наша эканоміка, на першым месцы стаяць пытанні эканамічнай занятасці насельніцтва, рост даходаў.


Ігар МАРЗАЛЮК, член Савета Рэспублікі пятага склікання, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання:

— Я ганаруся некалькімі рэчамі. Па-першае, мы палепшылі заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у першую чаргу археалагічнай. Мы зараз маніторым, як працуе закон, як працуе прэзідэнцкі ўказ. Ёсць моманты, якія неабходна карэктаваць.

Другая рэч — ганаруся тым, што працаваў у Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі. Я ганаруся сваімі камандзіроўкамі... Асабліва ў мяне выклікае пачуцце задаволенасці за добрасумленна выкананую работу візіт у Султанат Аман, тады я быў кіраўніком парламенцкай дэлегацыі. Мы ўжо бачым вынікі гэтага візіту: Аман вельмі хоча супрацоўнічаць з Беларуссю. У адказ на наш візіт у Мінск прыехалі 40 бізнесменаў, і гэта толькі пачатак. Вельмі шмат рэчаў ёсць у Беларусі, якія ім спадабаліся. Яны жадаюць супрацоўнічаць  у эканоміцы, культуры, хочуць, каб нашы зборачныя прадпрыемствы з'явіліся ў Амане. Гасцям з Амана вельмі спадабалася наша Нацыянальная бібліятэка, загарэліся пабудаваць у сябе такую ж.

Калі аналізаваць нашу работу ў Міжпарламенцкай асамблеі СНД, то ганаруся тым, што рабочая група пад маім кіраўніцтвам распрацавала мадэльны закон аб ушанаванні, увекавечванні памяці загінулых за Айчыну. Гэты мадэльны закон быў узгоднены з усімі краінамі СНД, у тым ліку з Украінай.

Што да будучай працы, то я — прафесійны вучоны. Лічу, што нам вельмі сур'ёзна трэба разабрацца з тым, чаго мы хочам ад сістэмы сярэдняй адукацыі і ад вышэйшай школы, як мы збіраемся інтэгравацца ў еўрапейскую прастору. Усе далёка не так проста.


Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ёсць чым ганарыцца і ёсць над чым працаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?