Вы тут

Культурна — значыць творча і сістэмна


Міністэрства культуры Беларусі падзеліцца з краінамі СНД вопытам кодэкснага мыслення і работы па арганізацыі адмысловага года.

Пра гэта напярэдадні Дня работнікаў культуры (які святкуецца ў нядзелю) паведаміў Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Цырымонія віншавання і ўрачыстасці прайшлі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі. Вядома, на ўздыме.


Па-першае: у Год культуры галіна жыла чаканнямі, думкамі, праектамі. Ідэй назапасілі нават больш, чым на год:

— Мы нават падышлі да гэтага сістэмна і фармалізавалі такі падыход. Мы абвясцілі своеасаблівы конкурс ці пошук ініцыятыў для сферы культуры, — сказаў міністр. — Прапановы пададзены ў пісьмовым выглядзе, іх больш за 100. Ёсць нават прапановы вельмі шчырыя, але крыху наіўныя — ад людзей, якія не ведаюць шырыні і глыбіні таго, чым займаецца Міністэрства культуры. Але ніводную ідэю мы не адкідваем. Мы зыходзілі з патрабавання, якое было сфармулявана спачатку года кіраўніком дзяржавы: прадставіць культуру ў больш шырокім разуменні, чым культура мастацкая. Таму што культура праяўляе сябе ва ўсіх сферах жыццядзейнасці людзей. Але і мастацкая культура цікавая, таму што ў ёй найбольш яскрава відаць творчы падыход — той узор, які ў чыстым выглядзе прысутнічае менавіта ў мастацтве. Гэта ўзор, які могуць узяць за прыклад іншыя сферы: менавіта творчы, ці інавацыйны падыход, калі казаць эканамічнай мовай, які можна выкарыстоўваць у розных сферах. А калі казаць пра тое, як ён быў выкарыстаны ў нашай сферы, то акрамя таго, што ёсць знакавыя мерапрыемствы, як той жа «Славянскі базар», «Тэатральныя сустрэчы», «Тэарт» ды шмат іншых фестываляў, мы маем безліч мерапрыемстваў у рэгіёнах. Цягам гэтага года я кожныя выхадныя наведваў раённыя і абласныя фестывалі, і мяне вельмі парадавала, што там быў менавіта творчы падыход, было нешта новае, вельмі высокага ўзроўню.

Па-другое, напярэдадні свята міністр культуры Беларусі прымаў удзел у пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД, якое адбылося ў Астане. Вынікам стала рашэнне пра тое, што з наступнага года і на працягу трох гадоў Беларусь будзе старшынстваваць у гэтым Савеце. Гэта своеасаблівая павага да краіны — міністру было пра што расказаць сваім калегам:

— Мы з вышыні свайго вопыту можам падзяліцца, як праводзіць Год культуры і распаўсюдзім яго на ўсе краіны СНД. Акрамя таго, у нас ёсць таксама каштоўны вопыт па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы культуры. Я рабіў даклад, у якім разгорнута расказаў пра работу над «Кодэксам аб культуры», што вельмі зацікавіла прадстаўнікоў іншых краін. Усіх зачапіў сам факт з'яўлення такога дакумента, таму што гэта не проста прыклад кадыфікаванага мыслення, а зусім іншы ўзровень, сістэмны падыход да работы ўсёй галіны. Я ведаю, што зараз вядуцца работы ў іншых краінах у кірунку паляпшэння заканадаўчай базы: у Казахстане працуюць над законам аб кіно, тое ж актуальна для Арменіі, іншыя краіны таксама працуюць над заканадаўствам. Наш Кодэкс выклікаў вялікую цікавасць. Таксама як і аповед пра работу Нясвіжскага музея-запаведніка ў Год культуры, які быў падмацаваны адмысловым фільмам.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?