Вы тут

Восеньскія імпрэсіі Браслаўшчыны


Гледзячы на мокрую вуліцу, на дождж і вецер, якія гаспадараць за вакном і, сумуючы пра лагоднае надвор’е, якое нядаўна нас пеставала, прыгадаў нядаўняе падарожжа ў край блакітных азёр... 


З пяці дзён, якія я правёў у ваколіцах Браслава, толькі два былі па-сапраўднаму сонечнымі. Але нават і гэтага адрэзку часу хапіла, каб адчуць сябе ў атмасферы вытанчанай прыгажосці, якую дорыць час пад назвай «бабіна лета». Хуткаспелае, зменлівае, непаўторнае — з кожным імгненнем, з кожным праменьчыкам сонца, бабіна лета ў краі азёр і пагоркаў пакінула ўва мне пачуцці сапраўднага свята. Здаецца, што ў гэтую пару кожны з нас адчувае сябе знаўцам або прынамсі прыхільнікам вялікага мастацтва, якое стварае прырода. На Браславах гэта пачуццё ўзрастае ўдвая. Менавіта ў такія моманты мы і ўсведамляем, што самы геніяльны мастак на зямлі - прырода. 

Браслаўшчына... Мне пашчасціла ўбачыць яе прыгажосць у незвычайных фарбах, у якіх пераважаюць чырвоныя, ахрыстыя, жоўтыя, зялёныя колеры, якіх не ўбачыш у прыродзе ў іншы час і ў іншых месцах. Убачыць, як малюнкі, быццам кадры кіно, змяняюцца адзін за адным. Тут і бярозы, і клёны на дарогах і ўзгорках у сваіх пазалочаных адзеннях зрабіліся галоўнымі персанажамі пейзажаў. Блакітныя нябёсы раптам зачыняюцца свінцовымі хмарамі, а акварэль туманнай раніцы пераходзіць у графіку ландшафтнай прасторы. Вясёлы люстраны адбітак азёр імгненна ператвараецца ў сумны малюнак, калі раптам падзьме вецер. А як далікатна дацвітаюць не сапсаваныя першым марозам аксаміткі і вяргіні! Як павольна журавы падымаюцца на крыло ў вячэрнім святле і як далёка бачацца над возерам… І нельга не адчуць, як пад сонцам усе колеры і фарбы восені гуляюць, зліваюцца, зліваюцца ў незвычайную вясёлку, нараджаючы непаўторную імпрэсію і гаму пачуццяў! 

На гэтых фатаграфіях - уражанне ад кароткай сустрэчы з «квітнеючай» восенню на зямлі між азёрамі — Браслаўшчыне. Магчыма, бабіна лета да нас яшчэ вернецца — мы верым у гэта! Калі ж не... Тады здымкі дапамогуць вярнуцца ў ранейшую восень.

Анатоль Кляшчук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.