Вы тут

Рэсурсныя цэнтры адкрыліся ў 12 раёнах краіны


Рэсурсныя цэнтры адкрыліся ў 12 раёнах краіны ў рамках рэалізацыі праекта «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі».

Тут мясцовыя жыхары могуць атрымаць кансультацыю, як весці свой бізнес, і паўдзельнічаць у трэнінгах. Першыя вынікі работы мы падсумавалі разам з інфармацыйна-асветніцкай установай «Новая Еўразія», якая стала ініцыятарам гэтага праекта. Яго таксама падтрымалі Еўрасаюз і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAІD).


Се­мі­нар па ве­ла­ра­мон­це ў Ва­ло­жын­скім ра­ё­не

Пытанне — адказ

Тэрыторыі былі выбраны конкурсам. Адзін з крытэрыяў — наладжанае партнёрства паміж мясцовымі ўладамі, жыхарамі, некамерцыйнымі арганізацыямі і бізнесам. Яны павінны бачыць свае праблемы і мець жаданне іх вырашаць. Так, былі выбраны тыя тэрыторыі, у якіх больш дыферэнцаванае партнёрства, якія акрэслілі свае праблемы і вызначылі прыярытэтныя напрамкі дзейнасці па іх вырашэнні. Тузін «шчасліўчыкаў» склаўся з тэрыторый Гродзенскай вобласці (Дзераўноўскага сельсавета Слонімскага раёна, Крэўскага і Залескага сельсаветаў Смаргонскага раёна, Жалудоцкага і Орлеўскага сельсаветаў Шчучынскага раёна), Брэсцкай (Мотальскага сельсавета Іванаўскага раёна, Спораўскага сельсавета Бярозаўскага раёна, Відамлянскага сельсавета Камянецкага раёна і Чарнаўчыцкага сельсавета Брэсцкага раёна), Гомельскай (Чамярыскага сельсавета Брагінскага раёна), Мінскай (Крывасельскага сельсавета Вілейскага раёна, Валожынскага і Пяршайскага сельсаветаў Валожынскага раёна), Магілёўскай (Ходасаўскага сельсавета Мсціслаўскага раёна) і Віцебскай (Бабініцкага і Мазалаўскага сельсаветаў Віцебскага раёна).

Пасля шэрагу даследаванняў для кожнай тэрыторыі была распрацавана стратэгія ўстойлівага развіцця на 5 гадоў. На першым этапе праекта была створана ініцыятыўная група, якая працавала над дэталізацыяй стратэгіі і пастаноўкай пэўных задач. Паралельна пачаліся кансультацыі для мясцовых жыхароў.

— Часцей за ўсё мы тлумачым мясцоваму насельніцтву, як адкрыць уласны бізнес, як аказваць якасныя агратурыстычныя паслугі, — кажа менеджар праектаў «Новай Еўразіі» Людміла БАТУРА. — Як зарэгістраваць сядзібу, дзе ўзяць танны крэдыт на яе адкрыццё, на вядзенне сваёй справы. Вучым, як аптымізаваць уласныя і арганізацыйныя фінансавыя патокі, як спланаваць бюджэт. Пажылым людзям нашы каардынатары дапамагалі адкрыць карткі для атрымання пенсіі ці для іншых сацыяльных выплат. У кожнай з тэрыторый была спланавана свая інфармацыйная і адукацыйная кампанія, якая найбольш поўна адпавядала патрэбам мясцовага насельніцтва. Бягучы этап рэалізацыі праекта — трэнінгавыя кампаніі. Падчас іх жыхары навучацца новай справе ці ўдасканаляць свае веды. Чакаецца, што за год жыхары кожнай з пілотных тэрыторый праекта атрымаюць не менш за 60 гадзін кансультацый знешніх экспертаў, пры дапамозе каардынатараў рэсурсных цэнтраў падрыхтуюць не менш за тры бізнес-планы па адкрыцці ўласнага бізнеса, пад якія потым атрымаюць фінансаванне ў банках, і напішуць не менш за дзве заяўкі на конкурсы міні-грантаў, каб прыцягнуць дадатковыя рэсурсы для развіцця тэрыторый.

Актыўныя наперадзе

План працы каардынатараў рэсурсных цэнтраў фарміруецца ў залежнасці ад патрэб тэрыторыі і пажаданняў мясцовых жыхароў. Так, напрыклад, у Бабініцкім і Мазалаўскім сельсаветах Віцебскага раёна ёсць аграрны каледж, дзе вучыцца шмат моладзі. Там перспектыўна працаваць з юнакамі і дзяўчатамі, наладжваць сувязі паміж імі і мясцовымі фермерамі, каб супрацоўніцтва давала практычны вопыт для моладзі. А на Мсціслаўшчыне Ходасаўскі сельсавет робіць стаўку на адукацыю дзяцей школьнага ўзросту. Падлеткі ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах, займаюць прызавыя месцы на інтэрнэт-алімпіядах.

Але ёсць напрамкі дзейнасці, актуальныя амаль для ўсіх тэрыторый. Адзін з іх — турызм. Прычым кожная мясцовасць накіравана на розных спажыўцоў. На захадзе краіны чакаюць найперш еўрапейцаў, а Віцебская вобласць арыентавана на расіян. Паступова развіваецца прыгарадны турызм: блізкія да горада сельсаветы чакаюць гараджан у выхадныя на адпачынак на прыродзе.

— Вельмі цікавыя ідэі ўзніклі на тэрыторыях, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі, — расказвае Людміла. — Яны робяць стаўку на экстрэмальны турызм. Таму што ёсць людзі, якія хочуць наведаць забруджаную зону. Чаму не даць ім гэтую магчымасць, але зрабіць гэта так, каб было бяспечна? Арганізаваць суправаджэнне, каб вёў іх чалавек, які ведае, куды пайсці, колькі часу можна знаходзіцца на гэтай тэрыторыі. Каб было і цікава, і бяспечна.

Працаваць гатовыя

Сельская гаспадарка з'яўляецца другім па папулярнаці напрамкам дзейнасці ў пілотных тэрыторыях. Жыхары хочуць займацца агародніцтвам, пытаюць у кансультантаў, як больш эфектыўна наладзіць супрацоўніцтва з буйнымі спажыўцамі і аптовымі пакупнікамі. Цікавяцца рознымі відамі кааперацый, напрыклад, па зборы і нарыхтоўцы грыбоў і ягад. У шэрагу населеных пунктаў ёсць нагода сумесна працаваць дзеля таго, каб на тэрыторыі з'явіўся свой брэнд, які можа прадстаўляць мясцовасць як мінімум на ўзроўні рэспублікі.

— Як мы і чакалі, ёсць моцны попыт на дапамогу ў арганізацыі дзейнасці рамеснікаў (асабліва па збыце вырабаў), запыт на павышэнне навыкаў прадпрымальніцкай дзейнасці. У некаторых з пілотных сельскіх мясцовасцяў амаль няма зарэгістраваных ІП, адначасова жыхарам часта не хапае вельмі простых паслуг, якія магчыма арганізаваць на
гэтай жа тэрыторыі. У такіх выпадках эксперты будуць расказваць зацікаўленым жыхарам пра тое, як адкрыць уласны бізнес, якія неабходны для гэтага дакументы. Ёсць рэгіёны, дзе хочуць займацца больш «унікальнымі» праектамі, напрыклад, авечкагадоўляй, — працягвае Людміла Батура.

Хацелася б, каб у раёнах было больш інавацыйных ідэй па адкрыцці высокатэхналагічнага бізнесу. Разам з такім бізнесам у тэрыторыі з'явяцца і высокакваліфікаваныя спецыялісты. Калі прыязджаюць такія кадры, гэта вялікі «плюс» для раёна: чалавек, акрамя эканамічнага, робіць інтэлектуальны ўклад у развіццё мясцовасці, прывозіць з сабой ідэі, рэсурсы. І гэта цалкам магчыма: бізнесам у сферы інтэрнэт-тэхналогій неабавязкова размяшчацца ў вялікім горадзе. Яны здольныя працаваць дыстанцыйна. Але, на жаль, зусім няшмат праектаў у гэтай сферы.

Каб спрыяць эканамічнаму развіццю, у сельскай мясцовасці можна стварыць свабодную эканамічную зону са спрыяльнымі ўмовамі для бізнесу, інвеставаць у базавую інфраструктуру. Такія прыклады ёсць у Чэхіі, Славакіі, Славеніі, калі маленькі горад — 1500 жыхароў — стварыў свабодную эканамічную зону, куды прыцягнуў буйныя прадпрыемствы, на якіх цяпер працуюць каля 2500 чалавек. Гэта ж «бум» для тэрыторыі! Калі прыязджае вялікая кампанія, побач з ёй ствараецца яшчэ дзясятак новых, мясцовых: жыхары пачынаюць рабіць запчасткі, абслугоўваць вытворчасць. Такім чынам складаюцца кластары па аўтамабілебудаванні. Мясцовыя жыхары аказваюць паслугі па харчаванні, пражыванні людзей, якія працуюць у кластары. Гэта вялікі патэнцыял для развіцця тэрыторыі. Добра было б, калі б, акрамя лакальных праектаў па турызме і сельскай гаспадарцы, у нас з'явіліся б больш глабальныя праекты ў раёнах, якія прыцягвалі б інвестыцыі, новыя ідэі і чалавечы капітал.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Адзін крок да бізнесу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.