Вы тут

Адзіная жыхарка в. Вішня выпякае хлеб, робіць традыцыйны беларускі сыр


Карэспандэнт «МС» пабываў у гасцях у адзінай жыхаркі вёскі з прыгожай назвай Вішня. Яна пражыла тут усё жыццё. Бабуля Ганна трымае шэсць коз і курэй. Сама выпякае хлеб па рэцэпце сваіх продкаў і ўмее рабіць традыцыйны беларускі сыр. Сцвярджае, што дзякуючы сваякам і мясцовай уладзе ні ў чым не мае патрэбы.


І нарадзілася тут

Вёска Вішня знаходзіцца каля лесу, ад якога недалёка да балота — аднаго з самых унікальных у Еўропе. Вішня — адзіная вёска на тэрыторыі Обальскага сельсавета, дзе пражывае ўсяго адзін чалавек.

Ганна Сяргееўна Штукіна, бабуля Ганна, просіць сабе не называць па бацьку. Нарадзілася яна 1 ліпеня 1928 года ў гэтай жа вёсцы. Родны дом цудам захаваўся. (Яго пабудаваў яшчэ яе дзед!) І знаходзіцца ён побач з тым, дзе яна жыве цяпер. Цікава, што ў якасці фундамента старога дома выкарысталі пні. Побач — стары калодзеж. Праўда, ваду бабуля бярэ з іншага. Рарытэтныя жорны і ступу выкарыстоўвае, каб зрабіць хлеб.

Ёсць у яе і лазня. Бабуля з болем расказала пра тое, што бацьку і трох яго братоў раскулачылі. І толькі за тое, што мелі добрыя гаспадаркі.

Да вайны, паводле яе слоў, побач з вёскай была вузкакалейная чыгунка. Яе выкарыстоўвалі, каб перавозіць каштоўны торф у іншую вёску для перапрацоўкі.

І пра вайну ўспамінала. Лютавалі, кажа, паліцаі: забіралі ўсё, што на вочы трапіць, нават дзверы здымалі. Вельмі здзівіла расказам: пасля вайны тутэйшыя выкарыстоўвалі парашок з патронаў для ракетніц, каб... фарбаваць тканіны. Рабілі гэта ў балоце. А старэйшаму сыну шыла рубашкі з мешкавіны. (У ёй выдавалі мужчынам узрыўчатку, каб лёд узрывалі.)

Муж яе партызаніў. Пасля перамогі над фашыстамі працаваў у сельсавеце. Чалавек быў з «залатымі рукамі». Памёр гадоў дзесяць таму. Ганна Сяргееўна была рабочай на льняным маленькім прадпрыемстве, даяркай, свінаркай.

З мужам жылі параўнальна багата: каня трымалі, карову. І пчалярствам займаліся. Дамкі пчаліныя і цяпер можна ўбачыць.

Ёсць і газ, і тэлефон...

Не без гонару бабуля Ганна расказала, што ў яе доме ёсць усё, што трэба для жыцця.

— Калі што трэба, тэлефаную ў сельсавет. Старшыня вельмі добры і адносіцца да мяне з павагай. І старшыня райвыканкама прыязджаў. Дык да мяне — адной — аўталаўка прыязджае. Мне сорамна, што хацелі аж 2 разы на тыдзень ездзіць. Сышліся, што хопіць і разу, — кажа пенсіянерка.

З цеплынёй гаворыць пра сыноў-пенсіянераў. Адзін прыязджае з Полацка, другі — жыхар Наваполацка. І ўнукі не забываюць...

— Вы ж бачыце, колькі дроў насеклі! Мне гэтага на некалькі гадоў хопіць. Але кожны пакалоць хоча (усміхаецца). І міліцыянер заходзіць. А галасую на выбарах тут, дома. Калі дрэнна стане, дык «хуткую» выклікаю. Але асабліва на здароўе не скарджуся, — працягвае бабуля Ганна.

Адказная за святло

У Обальскім сельскім Савеце канстатуюць, што Вішня — адзіная сярод 39 населеных пунктаў вёска, дзе жыве адзін жыхар.

— Але ёсць тры вёскі, дзе толькі дачнікі жывуць. Ганна Сяргееўна — чалавек адказны. Напрыклад, мы яе навучылі, як уключаць і выключаць вулічнае асвятленне, і яна ў нас «адказная за святло». Пераязджаць нікуды не хоча, хоць пры мне сыны некалькі разоў яе запрашалі ў свае кватэры, — расказвае Мікалай Будневіч, старшыня Обальскага сельскага Савета.

Для таго, каб у Вішню маглі прыязджаць аўталаўка, міліцыя і гэтак далей, улада сочыць за станам дарогі. Гравійная, але ў добрым стане. І рамантуюць, і ад снегу чысцяць. Да суседняй вёскі кіламетры чатыры. І хай грошы выдаткоўваюцца для зручнасці аднаго чалавека, але ён таксама мае права на ўсе выгоды цывілізацыі.

Такіх, як бабуля Ганна, можна назваць сапраўднымі патрыётамі сваіх малой і вялікай Радзімы.

Слухаць яе расказы пра балота, лес, сустрэчы з мядзведзямі іншымі ляснымі жыхарамі — вялікае задавальненне. Але прызналася, што адна ў лес ужо не ходзіць. Хоць памятае ўсе грыбныя і ягадныя месцы. І на балоце, калі трэба, сарыентуецца, як у роднай вёсцы.

Таму і не дзіўна, што прыезджыя пасля знаёмства з бабуляй з павагай называюць яе «захавальніцай балота».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Шумілінскі раён

Загаловак у газеце: Бабуля з Вішні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.