Вы тут

Дзве праграмныя мэты стаяць перад шостым скліканнем Савета Рэспублікі


Учора на першай сесіі верхняй палаты парламента быў выбраны Прэзідыум. Старшынёй стаў Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, намеснікам — Марыяна ШЧОТКІНА. Таксама адбыліся выбары кіраўніцтва пастаянных камісій. Старшыні камісій абазначылі задачы, якія стаяць перад Саветам Рэспублікі.


Статыстычны зрэз

У шостым скліканні 56 чалавек выбраны, а адзін назначаны Прэзідэнтам. Сярод 57 сенатараў 30% — жанчыны. Восем членаў ужо працавалі ў мінулых скліканнях. Традыцыйна ў верхнюю палату прайшлі найбольш аўтарытэтныя прадстаўнікі грамадства. 25 членаў маюць дзяржаўныя ўзнагароды, дзесяць — ганаровыя званні, 15 — вучоную ступень ці вучонае званне, сярод іх ёсць два члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і 8 прафесараў.

Акрамя гэтага, сярод сенатараў — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол, дэпутат Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання, восем кіраўнікоў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, чатыры рэктары ВНУ.

Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, павіншавала выбраных сенатараў і пажадала паспяховай працы на карысць рэспублікі:

— Упэўнена, што ваша актыўнасць будзе садзейнічаць далейшаму ўдасканаленню нацыянальнага заканадаўства, умацаванню суверэнітэту нашай краіны і забеспячэнню дастойных умоў жыцця грамадзян.

Адказнасць заканадаўцаў

Міхаіл Мясніковіч быў выбраны старшынёй Савета Рэспублікі аднагалосна. Ён падзякаваў за давер і адзначыў, што ў заканадаўчай дзейнасці трэба больш увагі аддаваць прагназаванню рэалізацыі законаў.

— Перад Саветам Республікі шостага склікання стаяць вельмі складаныя задачы, — дадаў старшыня Савета Рэспублікі. — Яны могуць быць аб'яднаныя ў дзве вялікія групы. Першая — стварэнне нарматыўна-прававых умоў для дасягнення праграмных мэт, вызначаных пятым Усебеларускім сходам, дакументамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урада і ўласнымі рашэннямі Савета Рэспублікі па іх рэалізацыі. Папярэдняе, пятае, скліканне Савета Рэспублікі ў цесным кантакце з рэспубліканскімі і мясцовымі органамі ўлады адпрацавала прыкладны пералік са 129 нарматыўна-прававых актаў, якія трэба распрацаваць і прыняць. Зроблена гэта было ўпершыню ў парламенцкай практыцы. Цяперашні склад Савета Рэспублікі, мяркую, вывучыць гэтыя палажэнні, якія ўжо накіраваны ў Савет Міністраў, пры неабходнасці ўнясе актуальныя змены і дапаўненні, што дазволіць планаваць нашу работу, выбудоўваць яе сістэмна, імкнуцца да таго, каб законы ўтрымлівалі нормы пераважна прамога дзеяння. Другая група задач — гэта палітычная і арганізацыйная мабілізацыя кадраў.

Марыяна Шчоткіна, былы міністр працы і сацыяльнай абароны, стала намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. За яе таксама прагаласавалі ўсе 57 сенатараў, якія прысутнічалі на пасяджэнніі.

— Сёння вельмі важна сканцэнтраваць намаганні на тым, каб усе заканадаўчыя акты працавалі эфектыўна, і кожны законапраект, які прымаецца, неабходна разглядаць перш за ўсё ў практычнай плоскасці, — заявіла Марыяна Акіндзінаўна. — Інтарэсы грамадзян — гэта наш клопат. І зваротная сувязь з насельніцтвам, з уладай, якая на месцы рэалізуе заканадаўчыя акты, павінна стаць неад'емнай часткай нашай паўсядзённай працы. Яшчэ адна задача, якая стаіць перад намі, — умацаванне аўтарытэту парламента, сувязь са сродкамі масавай інфармацыі, таму што наша работа павінна быць празрыстай і зразумелай для кожнага.

Лібералізацыя і перадавы вопыт

На пасяджэнні таксама былі выбраны старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі. Склад кіраўнікоў камісій абнавіўся на 80%: толькі Уладзімір Панцюхоў застаўся на той жа пасадзе, якую займаў падчас работы мінулага склікання. Кожны старшыня расказаў, якія праблемы плануе вырашаць у бліжэйшай будучыні.

Ала БОДАК, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:

— Вельмі важна захаваць пераемнасць заканатворчай дзейнасці. Лічу неабходнай далейшую лібералізацыю і гуманізацыю нацыянальнага заканадаўства з захоўваннем яго сацыяльнай накіраванасці. Рэгулюючы любыя сферы жыццядзейнасці нашага грамадства, трэба памятаць асноўны пастулат Канстытуцыі — гэта Артыкул 2, паводле якога чалавек, яго правы і свабоды, гарантыя іх рэалізацыі з'яўляецца вышэйшай каштоўнасцю, мэтай грамадства і дзяржавы.

Уладзімір ПАНЦЮХОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

— Плануем рэалізаваць назапашаны патэнцыял для фундаментальнага забеспячэння рашэнняў пятага Усебеларускага народнага сходу, прыняць удзел ва ўдасканаленні гандлёвай базы, паляпшэнні інвестыцыйнага клімату, павышэнні эфектыўнасці ўзаемаадносін дзяржавы і бізнесу, мадэрнізацыі адносін уласнасці і стварэнні ўмоў для развіцця высокатэхналагічных сектараў развіцця эканомікі. Будзем выкарыстоўваць свае веды і вопыт для прасоўвання інтарэсаў нашай краіны ў парламенцкіх органах міждзяржаўных утварэнняў.

Ірына СТАРАВОЙТАВА, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Кола пытанняў, якія разглядаюцца гэтай камісіяй, закранае кожнага жыхара нашай краіны. Першачарговай задачай з'яўляецца ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі інавацыйнай эканомікі, інфармацыйнага грамадства і пытаннямі грамадзян.

Аляксандр ПАПКОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы:

— Праблем у гэтай галіне вельмі шмат. Самая галоўная — наколькі мы ведаем сітуацыю і як працуе наша заканадаўства, тая нарматыўная база, па якой мы жывём сёння. Я мяркую, мы павінны вельмі сур'ёзна маніторыць усё тое, што звязана з праблемамі развіцця мясцовага самакіравання і рэгіянальнай палітыкі.

Сяргей РАХМАНАЎ, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Акрамя ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства з улікам перадавога міжнароднага вопыту, неабходна значна ўзмацніць агульную аналітычную прапрацоўку. Гэта звязана з рэалізацыяй наяўнага ў краіне чалавечага патэнцыялу. У нас ён выкарыстоўваецца, на жаль, не ў поўнай меры. У Беларусі хапае людзей, якія могуць быць экспертамі, валодаюць сур'ёзным інтэлектуальным патэнцыялам. З імі трэба раіцца і прымаць адпаведныя рашэнні.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзве праграмныя мэты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».