Вы тут

Палата прадстаўнікоў абрала віцэ-спікера і старшынь пастаянных камісій


Учора новаабраныя дэпутаты працягнулі вырашэнне арганізацыйных пытанняў. Яны выбралі намесніка старшыні ніжняй палаты — ім стаў дэпутат Баляслаў Пірштук — і кіраўнікоў пастаянных камісій.


Адказны за міжпарламенцкі складнік

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў, прапанаваў на пасаду віцэ-спікера кандыдатуру дэпутата Баляслава Пірштука, экс-намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама.

— Эфектыўнасць работы і аўтарытэт Палаты прадстаўнікоў у многім залежаць ад аператыўнага, якаснага разгляду пытанняў, што адносяцца да кампетэнцыі намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў, — заявіў спікер ніжняй палаты. — Гэта, у першую чаргу, каардынацыя заканатворчай дзейнасці пастаянных камісій, міжпарламенцкае супрацоўніцтва, арганізацыя работы Палаты прадстаўнікоў са сродкамі масавай інфармацыі — гэта ўсё функцыі намесніка старшыні.

Баляслаў Пірштук — дэпутат ад Рэчыцкай выбарчай акругі №44. Ён у свой час быў намеснікам старшыні Светлагорскага райвыканкама, потым — старшынёй Светлагорскага райвыканкама, у апошнія гады курыраваў у Гомельскай вобласці пытанні эканомікі, статыстыкі, навукі і інавацый, банкаўскай дзейнасці і развіцця прамысловасці.

Выбаршчыкі чакаюць эфектыўных дзеянняў

Баляслаў ПІРШТУК, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў, адказваючы на пытанні журналістаў пра прыярытэты ў сваёй новай рабоце, паведаміў, што першая яго мэта як віцэ-спікера — захаваць тыя традыцыі, якія былі ўстаноўлены да яго.

— І, безумоўна, арганізаваць новы дэпутацкі склад на актыўную працу, — дадаў віцэ-спікер. — Цяпер дастаткова напружаны час, рэальны сектар эканомікі і насельніцтва чакаюць ад нас эфектыўных дзеянняў. Перш за ўсё я маю на ўвазе эканоміку, бо ўсё залежыць ад яе. Вельмі важна, каб галоўны заканадаўчы орган аператыўна рэагаваў на сучасныя выклікі, ствараў умовы для развіцця эканомікі і, натуральна, мы проста абавязаны вярнуцца на той узровень, які мела краіна два гады таму.

Пераемнасць і навізна

Пасля таго, як быў абраны віцэ-спікер, пачалася працэдура вылучэння старшынь пастаянных камісій. У выніку дастаткова працяглай працэдуры вылучэння кандыдатур адказныя пасады былі размеркаваны наступным чынам.

Пастаянную камісію па заканадаўстве ўзначаліла Наталля ГУЙВІК, якая была членам гэтай камісіі ў пятым скліканні. Наталля Гуйвік, дэпутат ад Полацкай выбарчай акругі №27, — прафесійны юрыст, больш за 10 гадоў працавала суддзёй. Дэпутат з'яўляецца адным з аўтараў Закона «Аб медыяцыі».

Старшынёй Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце стаў Леанід ЦУПРЫК, дэпутат ад Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі №7, які да свайго абрання займаў пасаду намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Дэпутат Валянцін МІХНЕВІЧ ад Дзятлаўскай выбарчай акругі №56 узначаліў Пастаянную камісію па нацыянальнай бяспецы. У свой час парламентарый прайшоў у органах унутраных спраў літаральна ўсе ступені прафесійнага росту, узначальваў Партызанскі і Маскоўскі РАУС сталіцы, займаў пасаду першага намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка крымінальнай міліцыі.

Пастаянную камісію па эканамічнай палітыцы ўзначаліў дэпутат ад Рагачоўскай выбарчай акругі №45 Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, які ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання працаваў у гэтай жа камісіі намеснікам старшыні.

Людміла ДАБРЫНІНА, дэпутат ад Аршанскай гарадской выбарчай акругі №25, абрана старшынёй Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах — гэтую ж пасаду яна займала ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання.

Старшынёй Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы дэпутаты абралі Яўгена АДАМЕНКУ, які вылучаўся па Калінкавіцкай выбарчай акрузе №41. За гады работы ён прайшоў шлях ад інжынера-электрыка да кіраўніка прадпрыемства. У свой час узначальваў Калінкавіцкі, Мазырскі раённыя выканаўчыя камітэты Гомельскай вобласці.

Пастаянную камісію па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы ўзначаліла дэпутат ад Быхаўскай выбарчай акругі №81 Таццяна КАНАНЧУК, у гэтай жа камісіі дэпутат працавала і ў мінулым скліканні.

Дэпутат па Лідскай выбарчай акрузе №55 Андрэй НАУМОВІЧ другі раз стаў старшынёй Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

Ігар МАРЗАЛЮК, дэпутат ад Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акругі №84 узначаліў Пастаянную камісію па адукацыі, культуры і навуцы. Дагэтуль ён быў членам Савета Рэспублікі пятага склікання, дзе працаваў у Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Ігар Марзалюк — доктар гістарычных навук, прафесар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Старшынёй Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльнай абароне стала дэпутат ад Барысаўскай сельскай выбарчай акругі №63 Тамара КРАСОЎСКАЯ, якая ў Палаце прадстаўнікоў пятага склікання працавала ў Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ.

Людміла МАКАРЫНА-КІБАК, дэпутат ад сталічнай Грушаўскай выбарчай акругі №99, узначаліла Пастаянную камісію па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Дагэтуль яна ўзначальвала Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр оталарынгалогіі, з'яўляецца галоўным оталарынголагам краіны.

Андрэй РЫБАК, дэпутат ад Салігорскай гарадской выбарчай акругі №68, стаў старшынёй Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі. Раней працаваў на «Беларуськаліі», дзе прайшоў шлях ад слесара да намесніка генеральнага дырэктара.

Пастаянную камісію па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве ўзначаліў дэпутат ад Днепра-Бугскай выбарчай акругі №10 Юрый ДАРАГАКУПЕЦ, які ў мінулым скліканні працаваў у гэтай жа камісіі. У свой час парламентарый працаваў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі — быў дырэктарам прадпрыемства ЖКГ горада Іванава.

На пасаду старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах дэпутаты абралі Валерыя ВАРАНЕЦКАГА, які раней займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла нашай краіны ў Аўстрыйскай Рэспубліцы, быў начальнікам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Для плённай работы ўсё гатова

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.