Вы тут

Філуменіст з Ушачаў сабраў каля 6 тысяч этыкетак


Міхаіла Багдановіча можна прадставіць як кіраўніка Ушацкага дома рамёстваў. А можна — як мастака. Ён — аўтар партрэтаў Васіля Быкава, Петруся Броўкі, Рыгора Барадуліна і іншых знакамітых беларусаў, малая радзіма якіх Ушаччына. Ён быў асабіста знаёмы з Васілём Быкавым. Акрамя таго, гэты чалавек — вопытны рыбак, які не толькі ведае ўсе хітрасці лоўлі, але і сам прыдумвае снасці. Да таго ж Міхаіл Аляксандравіч — даўні падпісчык «Звязды». Але мяне ён больш за ўсё ўразіў іншай сваёй іпастассю. Міхаіл Багдановіч — калекцыянер этыкетак ад запалак. Іх у яго больш за 6 тысяч. Збірае каля 60 гадоў, пачынаючы з 1957 года.


Мі­ха­іл Баг­да­но­віч па­каз­вае свае аква­рэ­лі.

Яшчэ ў школу не хадзіў

Калекцыянераў запалкавых карабкоў і этыкетак называюць філуменістамі. У перакладзе гэта значыць тыя, хто «любіць святло». Суразмоўца захапіўся калекцыяніраваннем, калі яму было каля 6 гадоў.

— Тата аднойчы вырашыў не выкідваць карабок з прыгожай этыкеткай. І мне сказаў, каб паклаў куды-небудзь. Адзін, другі, трэці... І ўзнікла такім чынам маё захапленне. Родныя, перад тым як выкінуць карабок, абавязкова паказвалі мне. Калі пападаліся аднолькавыя, пакідаў, каб абмяняцца з равеснікамі. Калі вучыцца пачаў у школе, перапісваўся з хлопчыкамі з Польшчы і Чэхіі. Іх адрасы дала мне настаўніца. Тады было модна падтрымліваць кантакты паміж вучнямі краін сацыялістычнага лагера. Педагогі ведалі пра маё хобі і дапамаглі знайсці аднадумцаў за мяжой. Адрас чэшскага калекцыянера і зараз магу агучыць. Для перапіскі выкарыстоўвалі слоўнікі, — успамінае Міхаіл Аляксандравіч.

Ён з настальгіяй расказвае пра «райскія часы», калі філуменісты маглі купіць калекцыі этыкетак нават у кіёсках «Саюздруку». І каштавалі яны нядорага. Напрыклад, 70 штук прадавалі за 70 капеек.

— Калі стаў студэнтам знакамітага мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута, часта наведваў краму «Філатэлія» на плошчы Перамогі ў Віцебску. Мяне там добра ведалі і пакідалі навінкі, — з гонарам расказвае калекцыянер.

Калі адпраўлялі на практыку ў іншыя гарады або ў студэнцкія атрады, прыехаўшы, абавязкова заходзіў у найбліжэйшы гастраном. У чарзе адразу звярталі ўвагу на хлопца, які просіць паказаць яму запалкі. І цяпер ён падчас камандзіровак першай справай у крамы...

Гісторыя на этыкетках

У савецкія часы этыкеткі былі адлюстраваннем многіх падзей. І, як сёння модна гаварыць, трэндаў.

— Напрыклад, у канцы 1950-х гадоў каларадскі жук стаў праблемай для пасеваў. І, канешне ж, гэта не маглі не адлюстраваць на этыкетках. Рэкламавалі кукурузу. Заклікалі на цаліну, потым на БАМ. На этыкетках забаранялі заплываць за буйкі. Дарэчы, вельмі шмат карыснага было надрукавана для таго, каб людзі чамусьці вучыліся. А сёння што? Супрацьпажарная агітацыя — так, добра. Але ўпэўнены, што ёсць жа не менш актуальныя тэмы... Ды і якасць этыкетак цяпер, на жаль, не таго ўзроўню, што была калісьці, — працягвае Міхаіл Аляксандравіч.

Ён адпаведнымі прапановамі падзяліўся з прадстаўніком адной з беларускіх фабрык, дзе робяць запалкі. Выказаў гатоўнасць прапанаваць свае паслугі ў якасці мастака. Прасіў, каб прысылалі новыя этыкеткі. Але плённага супрацоўніцтва не атрымалася. Хоць мяркуе, што пасля яго званка якасць этыкетак значна палепшылася.

— А расіяне малайцы. У іх ёсць чаму павучыцца. У прыватнасці, мне вельмі падабаецца калекцыя, прысвечаная традыцыйнаму вяселлю. Чаму нашым вытворцам, напрыклад, не расказаць пра беларускія абрады, міфы, традыцыі, дасягненні? Гэта ж фарміраванне станоўчага іміджу краіны! У свеце нямала калекцыянераў... На жаль, большасць моладзі адносіцца да калекцыяніравання, як да «глупства».

Або, напрыклад, ёсць серыя з выявай гербаў беларускіх гарадоў. А ў мяне, не паверыце, няма этыкеткі, прысвечанай Ушачам. А ці ёсць такая? — задаецца пытаннем калекцыянер.

Бывае, яму прывозяць з-за мяжы карабкі. І знаёмыя ведаюць, што ён за такі падарунак будзе вельмі ўдзячны. Не абыходзіцца без казусаў. Калега пазнаёмілася з фінам і папрасіла прывесці запалкі. Той спачатку падумаў, што гэта жарт. Маўляў, грошай не хапае на запалкі. А потым шчыра смяяўся над сабой.

У ка­лек­цыі Мі­ха­і­ла Баг­да­но­ві­ча ёсць і бліз­кія для кож­на­га су­пра­цоў­ні­ка і чы­та­ча «Звяз­ды» эты­кет­кі за 1961 год.

Запалкі як дошка аб'яў

Калекцыянер сабраў шмат серый па розных тэмах. Ёсць прысвечаная гісторыі савецкага кіно, юбілеям Перамогі, пакарэнню космасу, народнай творчасці, навагодняму святу...

— Ды многа іх. Ёсць этыкеткі з выявай прадстаўнікоў флоры і фаўны, танцавальных ансамбляў. Існуюць і серыі, прысвечаныя зброі мінулых вякоў. На іншых — партрэты пісьменнікаў, паэтаў, нават літаратурных крытыкаў. Зацікаўленым паказваю і твары вучоных. У 1986-м надрукавалі выявы галубоў. І ўважлівы чалавек зможа навучыцца адрозніваць іх...

Як мастак і калекцыянер, Міхаіл Аляксандравіч ведае, што малюнак для этыкеткі — вышэйшы пілатаж майстэрства. Яе ствараюць з мінімумам колераў і дробных дэталяў. Гэта — калектыўная праца мастакоў і друкароў.

Этыкеткі бываюць вельмі арыгінальнымі і могуць прыносіць рэальную карысць. Напрыклад, калі ў Расіі знікненне людзей стала вялікай праблемай, пачалі друкаваць фота тых, каго шукаюць. І людзей пачалі знаходзіць.

Першая выстаўка калекцыі этыкетак Багдановіча адбылася ў 1990 годзе ва Ушачах. Потым у Наваполацку і Мінску. Некаторыя серыі былі прадстаўлены на выстаўцы «Аматарства Беларусі» — у сталіцы. Яна была прысвечаная 500-годдзю з дня нараджэння Ф. Скарыны, праводзілася пад эгідай ЮНЕСКА. Этыкеткі былі адзначаныя памятным медалём.

Быкаў чытаў лекцыі

Міхаіл Багдановіч напісаў партрэты Уладзіміра Мулявіна, Рыгора Барадуліна і Еўдакіі Лось па фота. А ў партрэце Быкава пастараўся перадаць уласнае ўражанне ад знаёмства. Пісьменнік на курсах павышэння кваліфікацыі чытаў лекцыі па літаратуры. Пашанцавала кіраўніку раённага Дома рамёстваў пачуць і Пятра Машэрава — у Доме ўрада. Ён выступаў на першым рэспубліканскім злёце студэнтаў у 1972 годзе. Тады старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Фёдар Сурганаў уручыў Міхаілу Багдановічу грамату Вярхоўнага Савета за выдатную вучобу і ўдзел у студэнцкіх будаўнічых атрадах.

Дарэчы, Дом рамёстваў ва Ушачах справіў наваселле ў новым памяшканні два гады таму. Раней гэты будынак з гаражамі ў двары належаў Дэпартаменту аховы. Кіраўніцтва раёна вырашыла, што тут будзе «правіць баль» культура. Сярод канкурэнтаў былі кавярня і аўтасэрвіс. Да пераезду Дом рамёстваў нейкім цудам размяшчаўся на карыснай плошчы каля 25 «квадратаў».

Сярод экспанатаў музея народных майстроў раёна ў Доме рамёстваў — творы з дрэва Сяргея Аляксеевіча Роўбы. На жаль, майстра ўжо няма з намі. Але яго памятаюць не толькі землякі.

— Калі ён упершыню пабываў на «Славянскім базары ў Віцебску», адразу стаў «героем». Журналісты, артысты, турысты здзіўляліся яго цудоўным кіям, люлькам, бюстам. А ён і скрыпкі рабіў! Пры гэтым не меў прафесійнай адукацыі. Быў вельмі незвычайным. Уявіце сабе: браў інструменты і фарбы і ў лесе рабіў нешта, а потым пакідаў... Каб мінакі ўбачылі і здзівіліся. Сястра ўмельца перадала нам у дар нямала экспанатаў. Магла б і больш, але злодзеі ўкралі з дома шмат чаго, — расказаў Міхаіл Багдановіч.

Дырэктар Ушацкага дома рамёстваў — аўтар брэнда раёна «З крыніц спрадвечных», які стаў пераможцам абласнога конкурсу на «Славянскім базары — 2015». Міхаіл Аляксандравіч намаляваў эскізы для партызанскіх зямлянак на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў». Некаторыя канструкцыі ўжо можна ўбачыць.

У планах Багдановіча і яго калег стварэнне казачнага дворыка каля Дома рамёстваў. Пастараюцца, каб напярэдадні навагодніх свят дзятва ўбачыла розныя «дзівы». Так што завітаеце ва Ушачы, абавязкова зірніце, што ў Багдановіча і яго каманды атрымалася. Ну і запалкі можаце прывезці, філуменіст будзе ўдзячны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Ушачы — Віцебск

Загаловак у газеце: Улюбёны ў святло

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».