Вы тут

Неабходна захаваць гранічна нізкія тарыфы для насельніцтва


На XXІ Беларускім энергетычным і экалагічным форуме вызначаліся прыярытэты ў развіцці энергасістэмы да 2020 года Апошнія дамоўленасці з Расіяй па газе дапамогуць у далейшым зніжаць тарыфы для рэальнага сектара эканомікі, паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык на пленарным пасяджэнні Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму.


У прыватнасці ён адзначыў, што «з улікам прынятага рашэння і падпісанага пратакола адкрываюцца выдатныя перспектывы па далейшым зніжэнні выдаткаў і тарыфаў для рэальнага сектара эканомікі». Паводле разлікаў Мінэнерга, пры кошце газу 117 долараў за 1 тысячу кубічных метраў можна забяспечыць прымальныя тарыфы для рэальнага сектара эканомікі пры захаванні гранічна нізкіх тарыфаў на цеплавую і электрычную энергію для насельніцтва. «Пры гэтым 117 долараў за 1 тысячу кубаметраў — гэта ў 2 разы вышэй, чым цана газу для расійскіх энергетыкаў, што сведчыць аб велізарным запасе трываласці беларускай энергасістэмы», — падкрэсліў Уладзімір Патупчык.

Выключна ўласная электрычнасць

Больш таго, міністр паведаміў, што наша краіна з 2019 года цалкам адмовіцца ад імпарту ў балансе электраэнергіі. Яшчэ зусім нядаўна мы імпартавалі да 7 млрд кВт·гадз, што складала значную долю ў спажыванні электраэнергіі ўнутры краіны. Энергетыкі адзначаюць, што за апошнія гады імпарт электраэнергіі зніжаны амаль у тры разы — з 7,9 млрд кВт·гадз у 2012 годзе да 2,8 млрд кВт·гадз у 2015 годзе.

Паводле слоў міністра, праведзеная мадэрнізацыя беларускай энергасістэмы дае магчымасць штогод эканоміць каля 150 млн кубаметраў імпартуемага прыроднага газу, што эквівалентна 24 млн долараў. Вынікам рэалізацыі энергаэфектыўных праектаў таксама стала зніжэнне выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу, у тым ліку дыяксіду серы больш чым у два разы і аксіду азоту амаль у 1,5 раза.

Мясцовыя віды паліва і «ветракі»

Уладзімір Патупчык таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі расце доля выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. Калі ў 2011 годзе сумарная ўстаноўленая магутнасць ветраэнергетычных установак складала 1,6 МВт, то ў 2016 годзе эксплуатуецца 68 такіх установак магутнасцю 59,3 МВт. Летась гэтымі ўстаноўкамі пастаўлена ў агульную энергасетку краіны 38,4 млн кВт·гадз электраэнергіі, што дазволіла замясціць 8,7 млн «кубоў» прыроднага газу і скараціць выкіды забруджвальных рэчываў на 19,2 тысячы тон.

Ужо сёлета ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці запушчана адна з найбуйнейшых у краіне ветраэнергетычных станцый. Яе работа дапаможа энергасістэме штогод эканоміць каля 5 млн «кубоў» газу і скараціць выкіды забруджвальных рэчываў дадаткова на 10,9 тысячы тон у год.

Міністр адзначыў, што паспяхова развіваецца ў краіне і тарфяная галіна. Запланавана, што да 2020 года торфапрадпрыемствы значна павялічаць здабычу торфу для вытворчасці брыкетаў і тарфяной сушанкі (фрэзерны торф). Цяпер прапрацоўваецца магчымасць стварэння энергакрыніц з выкарыстаннем тарфянога паліва на аб'ектах ЖКГ Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Запуск АЭС скароціць імпарт газу

«Пасля рэалізацыі ў 2016—2020 гадах дзяржаўных праектаў у структуры вызначанай магутнасці аб'яднанай энергасістэмы доля энергакрыніц, якія працуюць на прыродным газе, знізіцца да 2021 года з 97% да 70-75%», — паведаміў Уладзімір Патупчык. Энергетычная палітыка ў найбліжэйшай перспектыве будзе накіравана на зніжэнне тарыфаў і ўдзельных выдаткаў на выпрацоўку энергіі.

Галоўнымі прыярытэтамі ў развіцці энергасістэмы да 2020 года будзе запуск Беларускай АЭС магутнасцю 2400 МВт, увод высокаэфектыўных генерыруючых магутнасцяў каля 350 МВт, рэалізацыя мерапрыемстваў па інтэграцыі атамнай станцыі ў баланс энергасістэмы і развіццё электрасетак. У найбліжэйшай пяцігодцы прадугледжаны праекты па выкарыстанні мясцовых відаў паліва. Напрыклад, на Мазырскай ЦЭЦ прапрацоўваецца ўстаноўка катлаагрэгата магутнасцю 150 МВт з выкарыстаннем тарфянога паліва, завяршаецца будаўніцтва Полацкай і Віцебскай ГЭС сумарнай магутнасцю больш за 60 МВт. Рэалізацыя праектаў, прадугледжаных галіновай праграмай развіцця электраэнергетыкі на 2016—2020 гады, дасць магчымасць дасягнуць эканоміі паліўных рэсурсаў да 850 тысяч тон умоўнага паліва.

Гаворачы аб будаўніцтве АЭС, Уладзімір Патупчык звярнуў увагу, што вытворчасць электраэнергіі на станцыі ў базавым рэжыме складзе каля 18 млрд кВт·гадз у год. Уласная атамная электрастанцыя дасць магчымасць штогод замяшчаць каля 5 млрд «кубоў» прыроднага газу. Выкіды парніковых газаў знізяцца на 7—10 млн тон у год. «Развіццё атамнай энергетыкі — гэта новы інтэлектуальны і тэхналагічны імпульс у развіцці краіны і забеспячэнні дадатковых гарантый умацавання незалежнасці і эканамічнай самастойнасці», — упэўнены міністр.

XXІ Беларускі энергетычны і экалагічны форум працаваў у Мінску 11—14 кастрычніка. Праграма форуму ўключала пленарнае пасяджэнне, міжнародныя канферэнцыі, навукова-практычныя семінары і прэзентацыі кампаній-удзельнікаў выставы.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».