Вы тут

У Маладзечна з'явіліся сем кампазіцый з прыроднага каменю


Маладзечна мае шмат эпітэтаў — горад сонца, горад фестываляў, культурная сталіца Міншчыны... У хуткім часе да іх можа далучыцца яшчэ адзін, звязаны з наступнай акалічнасцю: нядаўна ў скверы каля Палаца культуры з'явілася ажно сем кампазіцый з прыроднага каменю.


Ра­сій­скі скульп­тар, аў­тар кам­па­зі­цыі «Ва­лын­ка» Юрый КАН­ДРА­ШОЎ (у цэнт­ры з ду­дой) ра­зам з ма­ла­дзе­чан­скім му­зы­кам Сяр­ге­ем ЯРУ­КОМ і ўдзель­ні­ца­мі ва­каль­на­га гур­ту «Аса­ло­да» Ра­еў­шчын­ска­га До­ма куль­ту­ры.

Сімвалічна, што «рассыпаны» кампазіцыі побач са скульптурай «Дрэва жыцця». Апошняя была ўстаноўлена ў 2012 годзе, калі горад прымаў Х Рэспубліканскі экалагічны форум, і заклікае беражліва і з любоўю ставіцца да прыроды. Да ўсяго, што знаходзіцца вакол нас, побач з намі, у нас саміх. Нават да камянёў, якія ва ўмелых руках майстра маюць уласцівасць... ажываць.

— У горадзе, які сёлета названы культурнай сталіцай Беларусі, праводзіцца мноства самых разнастайных мерапрыемстваў. Пленэр — адно з іх. Гэтыя валуны спрадвеку ляжалі ў маладзечанскай зямлі, чакалі свайго часу, — выказаўся старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец пры адкрыцці парку каменных скульптур. — Мы прапанавалі вам, мастакам, матэрыял, стварылі ўсе ўмовы для работы, а вы сваім талентам ажывілі нежывое, ператварылі ў шэдэўры. І жыхары горада, і госці будуць любавацца плёнам вашых рук. Дзякуй вялікі за работу!

Кіраўніка раёна падтрымаў скульптар, народны мастак Беларусі Іван Місько. Іван Якімавіч быў ініцыятарам творчага мерапрыемства, не адзін год марыў аб ім, садзейнічаў яго правядзенню.

— Я проста не мог не прыехаць у Маладзечна, прапусціць такую падзею. Выдатныя творы застануцца на доўгія гады, нададуць гораду своеасаблівую аўру. Мару аб тым, каб падобныя пленэры сталі традыцыйнымі, а таксама набылі міжнародны размах.

Цэлы месяц скульптары працавалі на тэрыторыі зелянгаса: тут стаяў характэрны гул піл і звон шліфавальных машынак. Гараджане, задоўга да гэтага папярэджаныя аб мерапрыемстве, прэтэнзій не выказвалі, хутчэй чакалі той момант, калі надыдзе час «збіраць камяні» і аўтары вынесуць свае работы на грамадскае абмеркаванне.

Асаблівая роля ў правядзенні творчага спаборніцтва «на адкрытым паветры» належала гарадскому Палацу культуры і музычнаму каледжу імя Міхала Клеафаса Агінскага. Дарэчы, гэтыя ўстановы ўзначальваюць Святлана і Рыгор Сарокі — вядомыя ў беларускім мастацтве людзі, творчыя асобы і няўрымслівыя прапагандысты нацыянальнай культуры.

Можа таму, што ўсе працавалі на адзін вынік, ставілі перад сабой высакародную мэту, у работах прасочвалася музычная тэма. Так, сталічны скульптар Вадзім Мацкевіч, аўтар знакамітай і любімай бронзавай «Пасажыркі», якая стала сімвалам маладзечанскага чыгуначнага вакзала, на гэты раз прапанаваў скульптуру «Фрагмент» — вытанчаныя лініі скрыпкі нібы вырываюцца з каменю на паверхню. Падаецца: дакраніся смычком да струн — і загучыць інструмент, пальюцца незвычайныя гукі, што нарадзіліся ў сівых вяках.

«Гаму» Сяргея Ермаловіча дапаўняе «Антычная рэпліка» Аляксандра Шомава. Валянцін Борзды, які нарадзіўся і вырас у Маладзечне, а цяпер жыве ў сталіцы, падарыў гораду «Жалейку». Скульптурная кампазіцыя, па словах аўтара, увабрала лепшыя ўспаміны пра горад дзяцінства. «Калі пойдзе дождж, — запэўніў аўтар, — яна ператворыцца ў арыгінальны фантан, вада загучыць».

На першы погляд падалося, што асабліва пашанцавала скульптару Спартаку Аруцюняну: яму для работы дастаўся вельмі арыгінальны камень. Сама прырода апрацавала яго, асобныя грані ўтвараюць профіль чалавечага твару. Аўтар надаў валуну канкрэтную тэматыку — і вось ужо «Невядомы партрэт» называюць партрэтам славутага кампазітара, дыпламата і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага.

Кульмінацыяй адкрыцця парку каменных скульптур стала прэзентацыя, можна сказаць, грандыёзнага помніка валынцы. Над ім працаваў маскоўскі скульптар Юрый Кандрашоў. Маладзечанскі дудар Сяргей Ярук, які суправаджаў усё мерапрыемства ігрой на гэтым інструменце, з захапленнем адрэагаваў на падзею: «Наколькі ведаю, больш нідзе ў Беларусі няма помніка валынцы. Мы будзем першымі».

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ

Фота Аляксея ПЛАТКО

Загаловак у газеце: Прыгожая мелодыя камянёў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.