Вы тут

Пра генетычную памяць i вяртанне з небыцця


Не за адзiн дзень пiшацца гiсторыя. Таму i даследуецца яна не хутка. «Гербоўнiк беларускай шляхты. Том 4» — работа над гэтай кнiгай, выдадзенай нядаўна ў Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi, вялася некалькi гадоў. У выданнi змяшчаюцца радаводныя роспiсы толькi на адну лiтару — 4-ю. Таму многiя, чыё прозвiшча пачынаецца з лiтары «Г», цяпер маюць надзею больш даведацца пра свой род. Але i для ўсiх iншых гэта кнiга можа быць надзвычай цiкавай...


Ге­не­а­ла­гiч­ная таб­лi­ца ро­ду Га­дзеб­скiх. 22 ве­рас­ня 1835 г.

У Гербоўнiку распiсаны гiсторыi родаў — хто чыiм сынам з'яўляецца, з указаннем звестак пра кожнага чалавека (месца працы, пасады i iншае). Для таго каб карыстацца ёй, нiякiх спецыяльных ведаў не патрэбна.

— Той, хто ўваходзiць у гiсторыю, застаецца на вякi, — адзначае дырэктар Дэпартамента па архiвах i справаводстве Мiнiстэрства юстыцыi Уладзiмiр АДАМУШКА. — Архiўная галiна пайшла па шляху публiкацыi зборнiкаў дакументаў, якiя сведчаць пра гiсторыю Беларусi. Ёсць тыя «чыстыя гiсторыкi», якiм мы даём такую падпiтку нашымi выданнямi — людзям не трэба хадзiць у архiўныя схроны, а можна проста скарыстацца зборнiкамi дакументаў... Мяне нiхто не пераканае, што выданне каштоўных запiсаў у выглядзе кнiгi — гэта архаiчны спосаб перадачы iнфармацыi ў XXI стагоддзi. Кнiга застанецца назаўсёды!

Асновай для напiсання зборнiка (як i папярэднiх трох тамоў) з'яўляецца толькi адзiн фонд — Мiнскага дваранскага дэпутацкага сходу. Таму нельга разлiчваць, што жыхар любога кутка Беларусi, чыё прозвiшча пачынаецца на «г», знойдзе тут iнфармацыю пра свой род. Аднак некаторым шчаслiўчыкам можа сапраўды пашанцаваць. У фондзе захоўваюцца ўнiкальныя генеалагiчныя таблiцы, iншыя каштоўныя дакументы.

Зборнiкi на папярэднiя лiтары — «А», «Б» i «В» — выходзiлi ў 2002-м, 2007-м, 2014-м гадах адпаведна. Можна адзначыць, што новы зборнiк выйшаў усяго праз два гады пасля папярэдняга — вiдавочна, што праца iстотна паскорылася. Таму ўкладальнiкi жартуюць: можна разлiчваць, што зборнiк на лiтару «Я»... убачаць нашы ўнукi.

— Апошнiя 15 гадоў назiраецца вялiкая цiкавасць да генеалогii, — адзначае адзiн з аўтараў выдання, кандыдат гiстарычных навук Дзмiтрый МАЦВЕЙЧЫК. — Наш архiў займаецца выкананнем генеалагiчных запытаў ад грамадзян або ад натарыяльных кантор. Менавiта ў апошнi час колькасць гэтых запытаў iстотна павялiчылася — вiдаць iмкненне людзей разабрацца ва ўласных радаводах. Штогод нам прыходзiць больш за 100 запытаў. У той час як раней было ўсяго 5—10 запытаў на год.

Паслугу па даследаваннi асабiстага радаводу ў архiве выконваюць за грошы. Аванс — 270 рублёў, поўныя кошты для беларусаў — 800 рублёў, для замежных грамадзян — неабмежаваны.

Распачынаючы даследаванне радаводу, варта пачаць з пошукаў ва ўласных сямейных крынiцах, распытаць сваякоў. Перад тым як звярнуцца да архiўных фондаў, вельмi важна ведаць некаторыя факты — месца нараджэння продка i дату, калi ён з'явiўся на свет, да 1917 года.

— Мы павiнны больш глыбока пераасэнсаваць свой гiстарычны шлях, зразумець, што зрабiлi за 25 гадоў незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь, што робiм цяпер i што павiнны зрабiць, — заўважае рэцэнзент Гербоўнiка, кандыдат гiстарычных навук Вiталь Макарэвiч. — Работа над такiм зборнiкам — рэальны прыклад укладання ў нашу iдэнтычнасць кампанентаў, якiя былi выкiнуты па тых цi iншых прычынах на доўгi прамежак часу. Народ аказаўся дэфрагментаваным — выкраслiлi цэлы пласт мiнулага. Нас лiчылi сялянскай нацыяй. Дзякуючы такой працы аўтараў зборнiка мы вяртаем з небыцця беларускую шляхту, якой доўгi час не было ў нашай гiсторыi.

Пра тое, чаму менавiта сёння так узрасла цiкавасць беларусаў да гiсторыi свайго роду, на прэзентацыi зборнiка разважаў галоўны архiвiст Нацыянальнага гiстарычнага архiва Уладзiмiр ДЗЯНIСАЎ:

— У савецкiя часы «зазiраць» у свае каранi было небяспечна. Такая генетычная памяць захоўвалася ў нас шмат гадоў. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны, у 1970—80-я гады, гаварыць пра гэта ўжо было можна, але людзi баялiся. Многiя знiшчылi свае асабiстыя архiвы, фотаздымкi, дакументы — каб яны выпадкова не трапiлi ў «кампетэнтныя органы»... Гэта работа над архiўнымi зборнiкамi, якая распачыналася вельмi цяжка — трэба было вынайсцi пэўную методыку, — цяпер прывяла да выдатных вынiкаў. Варта дадаць, што фонд Мiнскага дваранскага дэпутацкага сходу — сам па сабе ўнiкальная з'ява ў гiсторыi архiвiстыкi не толькi нашай краiны, але i сумежных. Такога няма нi ў Польшчы, нi ў Лiтве, нi ў Расii. У свой час архiвiсты гэтага фонду прыйшлi да высновы, што трэба яго ўпарадкаваць — i склалi менавiта персанальныя асабовыя справы, на кожную лiтару ад «А» да «Я». У iншых архiвах усё расфармiравана па гадах — каб знайсцi iнфармацыю пра пэўнага чалавека, трэба прагартаць процьму дакументаў. А тут усё было сiстэматызавана, добра апрацавана, размешчана пад адмысловымi вокладкамi — дарэчы, нават па iх колерах можна арыентавацца ў статусе шляхцiчаў... Таксама гэты фонд уратавала тое, што ён меў 3-ю катэгорыю: фонды 1-й катэгорыi забiралi на ўдасканальванне... Захавалiся ўнiкальныя генеалагiчныя таблiцы, выкананыя на высокiм мастацкiм узроўнi. Ёсць калекцыя патэнтаў, зробленая на пергаменце. Натуральна, такi матэрыял нельга згубiць. Яго трэба берагчы i шанаваць.

Варта дадаць, што яшчэ адзiн аўтар Гербоўнiка, архiвiст Вадзiм Урублеўскi, абсалютна бясплатна праводзiць заняткi па генеалогii пры праваслаўным прыходзе свяцiцеля Мiкалая Японскага ў Мiнску. Там кожны ахвотны можа навучыцца i скласцi ўласны радавод.

Нiна ШЧАРБАЧЭВIЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто вашы продкі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».