Вы тут

Справы, якiя трэба зрабiць да маразоў у садзе i на агародзе


Днi ўсё карацейшыя, ночы халаднейшыя, i час задумацца пра тое, што хутка наступiць самая сапраўдная зiма. Хоць клопатаў у садзе i на агародзе ў гэты час менш, чым у iншыя, заняцца ўсё роўна ёсць чым.


  • Зямлю вакол дрэў i кустоў трэба прарыхлiць, але не пры дапамозе рыдлёўкi, а вiламi.
  • Малiну пасля санiтарнай абрэзкi i рыхлення трэба прыхiлiць i зафiксаваць. Падчас абрэзкi выдаляйце старыя i слабыя, а таксама i новыя парасткi, якiя не паспелi выспець.
  • Сунiцу трэба прыкрыць лапкамi.
  • Усе дрэвы маюць патрэбу ў вiльгацi перад зiмоўкай. У залежнасцi ад тыпу глебы, у прыствольных колах дрэў яе трэба прамачыць на 60—80 см. Калi грунт лёгкi, то палiваннi трэба праводзiць больш частыя, але менш багатыя. «Цяжкая» глеба — наадварот. Калi кастрычнiк-лiстапад дажджлiвыя, то палiваць не трэба.
  • Прыствольныя кругi трэба добра замульчыраваць, каб захаваць вiльгаць i ўцяплiць каранi. Добра падыдзе апалае лiсце, пры ўмове, што яно сухое i здаровае.
  • Пасадку саджанцаў завяршаюць у кастрычнiку. Пасля гэтага трэба падумаць пра пасадкi вясной. Проста выкапайце пасадачныя ямы i «ўпрыгожце» iх угнаеннямi.
  • У агародзе заканчваюць збор ураджаю, прыбраўшы позняспелыя сарты белакачаннай капусты, холадаўстойлiвыя караняплоды: рэпу, бручку, рэдзьку, цыбулю-парэй, а таксама астатнюю зелянiну.
  • З градак прыбiраюць усе раслiнныя рэшткi, адправiўшы iх у кампост. Затым агарод перакопваюць, а градкi — мульчыруюць.
  • Да замаразкаў трэба падрыхтаваць глебу пад сяўбу на зiму, хоць самi пасадкi праводзяць ва ўжо крыху падмерзлую глебу.
  • Рыхтуючы агарод да зiмы, не забудзьцеся «запазычыць» крыху зямлi для расады i кветак. Звычайна для гэтых мэт змешваюць па дзве часткi зямлi, перагною i торфу з адной часткай пяску. Пры празмерна кiслай глебе можна дадаць вапну.
  • У кветнiках трэба правесцi «генеральную ўборку», прыбраўшы рэшткi засохлых сцёблаў i адцвiлых аднагадовых раслiн. Шматгадовыя раслiны абразаюць да зiмы, апошнiмi пад секатар павiнны пайсцi тыя, што яшчэ дацвiталi. А асобныя — напрыклад, хрызантэмы, i ўвогуле можна перасадзiць у гаршкi i адправiць упрыгожваць дом.
  • Травы можна не абразаць — пакрыўшыся снегам, яны ўпрыгожаць участак зiмой.
  • У шматгадовых кветнiках трэба акуратна прарыхлiць i замульчыраваць глебу. Цыбульныя, высаджаныя восенню, таксама лепш замульчыраваць — у нашых шыротах зiма любiць наступаць без снегу, прамарозiўшы ўсё.
  • Пад зiму самы час пасеяць аднагадовыя кветкi, якiя размнажаюцца самасевам. Яны будуць радаваць вока наступнай вясной. Ружы трэба абрэзаць i выдалiць парасткi, якiя не адраўнелi. Не забудзьцеся прыбраць лiсце, што засталося, i акучыць да месца кушчэння.
  • Лiяны, ружы i iншыя цеплалюбiвыя кусты хаваюць з першымi замаразкамi — калi загадзя паклапацiлiся пра тое, каб было чым хаваць. Лепш за ўсё — сухая здаровая лiстота i iншыя вiды мульчы. Iдэальна — лапкамi, яны ўскладняць задачу грызунам i затрымаюць снег.
  • Iглiчныя захочуць абарону ад сонца i абломвання пад цяжкiм мокрым снегам. Прыгатуйце вяровачкi i шчыты для хованкi ад сонца.
  • Газон апошнi раз стрыгуць у пачатку кастрычнiка i праколваюць яго, каб падрыхтаваць да перыяду дажджоў. Пасля гэтага яго чапаць ужо небяспечна, па iм лепш нават не хадзiць i ўжо дакладна не ладзiць пiкнiкi з вялiкай колькасцю гасцей.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.