Вы тут

У машынабудавання адкрываецца другое дыханне?


У рамках наведвання беларускай дэлегацыяй на чале з Прэзідэнтам Кітая і Пакістана было падпісана нямала важных для Беларусі дакументаў. Шэраг з іх пазітыўна паўплывалі на прамысловы комплекс нашай краіны. Паводле слоў міністра прамысловасці Віталя Воўка, у Паднябеснай былі падпісаны дакументы, якія ўжо ў хуткай будучыні дазволяць сур'ёзна нарасціць вытворчыя магутнасці па новых кірунках.


Згодна з адным з такіх пагадненняў з карпарацыяй Weіchaі Power Co.Ltd, плануецца рэалізаваць праект па стварэнні ў Беларусі вытворчасці дызельных рухавікоў. Рабочыя групы для аналізу праекта вызначаны, а будаўніцтва завода запланавана ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». Кітайскія рухавікі ўжо выкарыстоўваюцца на МАЗе. Яны сертыфікаваны па экалагічных класах Еўра-4 і Еўра-5, ёсць і мадэлі Еўра-6. Іх магутнасць складае ад 10 да некалькіх тысяч конскіх сіл. Па разліках Міністэрства прамысловасці, кааперацыя з кітайскімі партнёрамі дазволіць Беларусі мець закончаны цыкл па стварэнні сілавога агрэгата — рухавіка, счаплення, каробкі перадач. Такім чынам, у машынабудаўнікоў не будзе неабходнасці закупляць рухавікі за мяжой, як гэта робіцца цяпер.

Па словах Віталя Воўка, Мінпрам і кітайская кампанія Zoomlіon таксама намераны рэалізаваць шэраг сумесных праектаў у машынабудаванні. Падчас візіту два бакі падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на доўгатэрміновую перспектыву. У яе ўключаны МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», магілёўскі завод «Строммашына». Кампанія плануе адкрыць у Беларусі вытворчасць пажарных вышак з падачай вады на 50 м і вышэй і пажарных машын. Акрамя таго, «Гомсельмаш» і кітайская кампанія абмяняюцца тэхналогіямі. Малыя камбайны, якіх у нас у лінейцы няма, будуць асвойвацца ў Беларусі. У сваю чаргу нашы вялікія камбайны, як, напрыклад, 1218, 1624, а таксама кормаўборачная тэхніка будуць пастаўляцца для кітайскага рынку.

Таксама падпісаны мемарандумы аб намерах паміж Мінпрамам і Усекітайскай аэракасмічнай карпарацыяй навукі і прамысловасці, паміж БелАЗам і кітайскай кампаніяй «Санцзян». Вынікам павінна стаць вытворчасць цяжкіх самазвалаў на тэрыторыі Кітая. Акрамя таго, міністр прамысловасці адзначыў, што з кітайскімі партнёрамі абмяркоўваецца магчымасць супрацоўніцтва па стварэнні водных скутараў, установак па транспарціроўцы звадкаванага газу.

Як адзначыў дырэктар па інавацыях і інвестыцыйных праектах кіруючай кампаніі холдынга «Амкадор» Ігар Каюда, на прадпрыемстве плануецца да канца гэтага года пачаць рэалізацыю трох буйных кантрактаў з карпарацыямі CІTІC Group і Sіnomach. Гаворка ідзе пра будаўніцтва завода «Амкадор-Маш» у пасёлку Калодзішчы Мінскага раёна па вытворчасці спецтэхнікі — франтальных пагрузчыкаў, энерганасычаных трактароў магутнасцю ад 300 да 500 конскіх сіл з выкарыстаннем кітайскага крэдыту ў памеры 230 млн долараў. Астатнія кантракты датычацца мадэрнізацыі двух заводаў кампаніі-партнёра холдынга «Салеа» ў Кобрыне і Гомелі на агульную суму ў 170 млн долараў. Таксама на «Амкадоры» акрамя гэтага плануюць рэалізацыю праекта па выпуску экскаватараў. Калі перамовы з кампаніяй Sіnomach, якія вяліся на працягу года, будуць паспяховымі, партнёры пачнуць стварэнне сумеснага завода па выпуску экскаватараў на базе «Амкадор — Коханаўскі экскаватарны завод».

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?