Вы тут

Заза Урушадзэ: «Кіно — чарадзейная рэч, якая можа ажывіць нашы сны»


«Мандарыны» сталі першым грузінскім фільмам, намінаваным на Оскар, — у 2015 годзе ён прэтэндаваў на статуэтку ў катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове». На кароткім спісе намінантаў, можна сказаць, канцэнтруецца ўвесь свет (тады ўзнагарода адышла польскай карціне «Іда» Паўла Паўлікоўскі), таму гарачая тэма канфліктаў паміж Грузіяй і Абхазіяй, адпаведна Грузіяй і Паўднёвай Асетыяй, дзякуючы мастацтву кіно, аказалася ў цэнтры ўвагі. Сюжэт фільма развіваецца ў абхазскім сяле эстонскіх перасяленцаў падчас вайны 1992 года. Карціна здымалася ў капрадукцыі з Эстоніяй, але аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам стаў Заза Урушадзэ — вядомая фігура ў грузінскім кіно. Тут любяць тое, што ён здымае, — фільмы «Тры дамы», «Апякун» і, канешне, «Мандарыны». Рэжысёр таксама быў адным са стваральнікаў Нацыянальнага кінацэнтра, які фінансуе кіно. Сёлета Заза Урушадзэ будзе старшынёй журы асноўнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад», што стала нагодай задаць яму некалькі пытанняў.


— Героі вашых фільмаў часта аказваюцца перад выбарам — у экзістэнцыяльнай, так званай «памежнай сітуацыі», якая вызначае развіццё персанажа і накіроўвае сюжэт. Адзін эпізод, размова, момант — і ўсё ўжо інакш; чалавек, дыспазіцыя і адносіны змяніліся. Як драматургічны элемент у кіно, рэальнасць якога існуе па сваіх законах, гэта добра спрацоўвае. Па вашых назіраннях, ці здольны «памежныя сітуацыі» вызначаць чалавека, накіроўваць ход падзей у рэальным жыцці?

— Безумоўна, яны здараюцца і ўздзейнічаюць на чалавека, толькі ў жыцці мы гэты пераломны момант не заўважаем, дакладней, можа быць, вельмі рэдка разумеем яго наступствы. А падчас стварэння кіно на гэтым можна зрабіць фокус.

— Ці можна сказаць, што вайна ў Абхазіі ў смутны час пасля распаду Савецкага Саюза, а тым больш узброены канфлікт 2008 года сталі для Грузіі такой жа «памежнай сітуацыяй»? Тады як яны паўплывалі на ход падзей? Гэта пытанне да вас хутчэй як да грамадзяніна.

— У нашай гісторыі было шмат такіх момантаў, пакуль магу толькі сказаць, што мы фактычна страцілі дваццаць працэнтаў тэрыторыі, а мая краіна і так вельмі маленькая. Толькі гэта хачу сказаць у дадзены момант.

— У вашых карцінах ідзе гаворка пра канфлікт у Абхазіі, згадваюцца Карабахскі канфлікт і Балканскі крызіс. На ваш погляд, якую функцыю выконвае мастацтва, у прыватнасці кіно, у складаных палітычных сітуацыях, ці здольна яно паспрыяць вырашэнню праблем?

— Думаю, кіно, на жаль, не здольна спыніць канфлікты. Але мастацтва вельмі моцна ўздзейнічае на чалавека, асабліва кіно як яго самы папулярны від. І калі мець на ўвазе добрае кіно, а не прапагандысцкае, таму што прапагандысцкія фільмы маюць мала шанцаў быць добрымі (маю на ўвазе, калі яны такімі задуманыя), то ёсць шанс, што людзі, якія прымаюць важныя рашэнні, пасля прагляду фільма крыху задумаюцца над сваімі намерамі.

— У фільме «Тры дамы» тры часткі і адпаведна тры эпохі, якія звязвае адзін элемент — карціна. Адэкватную ацэнку ёй даў толькі персанаж з апошняга эпізоду, калі сказаў «Гэта што за хрэнь?» Якім сэнсам або сімвалам вы як сцэнарыст і рэжысёр надзялілі палатно?

— Я не хацеў, каб яна была класічнай, стандартнай, добрай карцінай. На ёй адлюстраваны дзве савы — бацька і, па-мойму, сын. Я бачу, як бацька-сава любіць і абараняе маленькага сына-саву. Ад гэтага малюнка ідзе нейкі спакой і сіла любові.

— Мне падаецца відавочнай аўтарская сімпатыя да галоўнага героя фільма «Апякун» — бандыта пачатку 1990-х Гогліка, які праз шаснаццаць гадоў выходзіць з турмы. Зыходзячы з сюжэта карціны, яму не знайшлося месца ў сучаснай Грузіі. Гэта значыць, Гогліка можна ўспрымаць як увасабленне таго, чаму не месца ў новай краіне. Што ён у такім выпадку ўвасабляе?

— Ведаеце, я заўсёды адчуваю сімпатыю да сваіх галоўных герояў. Што тычыцца Апекуна, для яго сапраўды быццам няма месца ў новай Грузіі, але ён вельмі чалавечны, нягледзячы на сваю біяграфію. Ён стаў ахвярай абставін, дакладней, цяжкага часу, прадстаўніком так званага «страчанага пакалення», але мне ён падаецца больш сімпатычным, чым пластмасавыя новыя грузіны.

— Што вы маеце на ўвазе, кажучы пра пластмасавых грузін?

— Я кажу пра персанажаў майго фільма. Галоўнаму герою быццам не месца ў сучасным жыцці і ён быццам прадстаўнік страчанага пакалення, але мае сімпатыі аддадзены ўсё ж такі яму, таму што ён увасабляе больш чалавечых каштоўнасцяў, чым «правільныя» сучасныя героі.

Лем­біт Уль­фсак у «Ман­да­ры­нах».

— Вы знялі карціну «Мандарыны» пра падзеі 1992 года праз пяць гадоў пасля чарговага вострага канфлікту паміж Грузіяй і Абхазіяй. Змаглі б вы стварыць такі ж «прымірэнчы» фільм у тым жа 2008 ці 2009 годзе? Магчыма, эмоцыі ў той час былі занадта моцнымі, каб працаваць з гэтай тэмай.

— Час не мае значэння, галоўнае, як ты бачыш свет. Безумоўна, эмоцыі тады былі моцнымі, але ўсё ж такі я веру (хачу верыць), што зняў бы тады падобную карціну з тым жа пасылам.

— Менавіта ваша работа стала першым грузінскім фільмам (хай і знятым у капрадукцыі), намінаваным на Оскар. Калі вы паехалі ў Лос-Анджэлес на цырымонію ўзнагароджання, колькі віна выпілі?

— Як ні дзіўна для грузіна, я не люблю віно, у Лос-Анджэлесе мы выпілі крышачку каньяку.

— Як мне ўяўляецца, сучаснае грузінскае кіно, калі можна так выказацца, сябе захавала. Гэта ўнікальнае аблічча, пошук уласнага стылю і мовы, глыбокі погляд на ўнутраныя працэсы... А што вы можаце сказаць пра сучаснае грузінскае кіно? Ці спрацаваў феномен, адпаведна якому мастацтва ў крызісных сітуацыях атрымлівае пэўны штуршок?

— Я не ведаю, ці атрымлівае мастацтва штуршок у крызісных сітуацыях, але факт, што ў грузінскага кіно адкрылася другое дыханне. У нас ствараюцца вельмі цікавыя новыя фільмы — гэта работы Левана Кагуашвілі, Георгія Авашвілі, Наны Эквцімішвілі, Русудана Чканія, Цінацін Кайрышвілі, Нуцы Месхішвілі, Русудана Глурыдзэ. Хачу адзначыць, што без мінулага няма сучаснасці: новае грузінскае кіно заснавана на вельмі таленавітай глебе, толькі ў сучасных грузінскіх аўтараў свой почырк.

— У Беларусі кіно з дзяржаўнага бюджэту фінансуецца з дапамогай конкурсу, які арганізуе Міністэрства культуры. Як удзельнік стварэння Нацыянальнага кінацэнтра ў Грузіі, раскажыце, у чым заключаюцца яго функцыі і які механізм тут выкарыстоўваецца для фінансавання кіно?

— Кожны год Нацыянальны кінацэнтр абвяшчае конкурс кінапраектаў, а спецыяльная прафесійная экспертная камісія выяўляе пераможцаў. Кожны раз кінакамісія, якая прымае рашэнні, мяняе свой склад. Мне не вельмі падабаюцца аднаразовыя камісіі, але думаю, яны працуюць адкрыта. Кінацэнтр фінансуе максімум 75 працэнтаў бюджэту фільма. Праблема толькі ў тым, што ў яго мала грошай, таму наша выратаванне — у капрадукцыі, сумеснай вытворчасці.

— З вышыні свайго досведу і прафесіяналізму скажыце, што такое мастацтва кіно?

— Кіно — гэта чарадзейная рэч, якая дае магчымасць ажывіць нашы сны.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?