Алёна Вiхрава — лаўрэат маладзёжнага конкурсу «100 iдэй для Беларусi». Супрацоўнiца Дрыбiнскага раённага гiсторыка-этнаграфiчнага музея перамагла сярод праектаў сацыяльнай сферы з прапановай стварыць «школу юных шапавалаў» (шапавальства — гэта ўменне ўручную валяць валёнкi). Мы пагутарылi з аўтарам унiкальнага праекта i даведалiся, як на Магiлёўшчыне захоўваюць старажытнае майстэрства нашых продкаў.
— Нацыянальныя традыцыi трэба берагчы. На жаль, цяпер для стварэння такой школы не хапае грошай. Але ў нашым гiсторыка-этнаграфiчным музеi не першы год працуе дзiцячы гурток «Катрушнiк». Сёння ў iм займаюцца дзесяць дзетак. Самаму малодшаму ўсяго сем гадоў.
— Калiсьцi катрушнiкаў можна было сустрэць цi не ў кожным доме. Сакрэты свайго рамяства яны трымалi ў таямнiцы, перадаючы iх з пакалення ў пакаленне. У iх нават свая ўмоўная мова была. Напрыклад, iголку яны называлi «бадухай». Грошы — гэта «хоўбы», шапка — «катруха», валёнкi — «шкорнi». Але з часам, каб iх нялёгкая праца не «загiнула», таямнiчую мову прыйшлося рассакрэчваць.
Кажуць, што шапавальства з'явiлася на Дрыбiншчыне ў XIX стагоддзi. Па адной версii, тагачасны ўладальнiк маёнтка Дрыбiн спадар Цiханавецкi паслаў сваiх сялян у Нiжагародскую вобласць для навучання старажытнаму рамяству. Па другой версii, уладальнiк маёнтка, каб павялiчыць насельнiцтва (месца было даволi неабжытае), запрасiў сюды ўсiх ахвотных. Сярод перасяленцаў былi i тыя, хто ўмеў працаваць з аўчынай. Зараз у нашым раёне жыве каля трыццацi майстроў-шапавалаў, самаму старэйшаму — 81 год.
— Рабiць валёнкi складана? — пацiкавiлася я ў Алёны.
— Вельмi. Спачатку трэба падрыхтаваць воўну. Вымыць яе, вычасаць, высушыць. У сярэднiм на мужчынскiя валёнкi iдзе паўтара кiлаграма, на жаночыя — каля аднаго. Пасля робiцца аснова. Майстар рассцiлае на стале або дошках мокрае палатно («плацiк»). На iм выраўноўваецца воўна. Затым усё разам скручваецца ў трубку, i майстар пачынае катаць гэты кулёк. Воўна ўсаджваецца i робiцца больш цвёрдай. Далей вырабу надаецца звыклая нам форма валёнка. Для таго каб у сярэдзiне абутак не «зросся», унутр кладуць газету, альбо «душу» (так называюць кавалачак тугой воўны). Пасля будучыя валёнкi зноў скручваюць у рулон i катаюць. Гэты працэс называецца «снаванне». Зваленую аснову кладуць на рабрыстую дошку, палiваюць гарачай вадой i доўга труць. Затым выраб выварочваюць i запiхваюць унутр калодку для надання формы. Апошнi этап — сушка ў печы i зразанне лiшняй воўны. Валёнкi гатовы. Як бачыце, рамяство складанае, але справа таго вартая: у такiм цёплым абутку i ў самую лютую сцюжу ногi не змерзнуць. I, паверце, насiцца ён будзе доўга-доўга.
— Упэўнена, што мясцовыя сувенiры ахвотна бяруць замежныя госцi, бо для iх гэта экзотыка...
— Так, гэта сапраўдны хэнд-мэйд, якi цэнiцца зараз ва ўсiм свеце. Нашы самабытныя шапкi i лялькi-абярэгi раскуплiваюць на «ўра». У моднiц асаблiвым попытам карыстаюцца валёнкi з кветкамi, арнаментам, бiсерам. Наш абутак не толькi прыгожы, цёплы, але i экалагiчна чысты — пры яго вырабе не выкарыстоўваюцца нi хiмiкаты, нi кiслоты, толькi гарачая вада.
Дарэчы, не так даўно старажытная традыцыя шапавальства ў Дрыбiнскiм раёне атрымала статус нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi Беларусi. Спадзяёмся, што наша рамяство ў хуткiм часе ўключаць i ў спiс нематэрыяльнай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Хрысцiна ХIЛЬКО
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.