Вы тут

«Звязда» пацікавілася, як улады рэагуюць на зварот жыхароў у газету


Праблемы ў жыцці прыватнага сектара на Падгорнай у Магілёве некалькі месяцаў таму сталі тэмай для крытычнай публікацыі ў «Звяздзе» («SOS з Падгорнай», 10 жніўня 2016 года). Жыхары даслалі скаргу з-за паўразбуранага ліўневага калектара, хліпкага мастка цераз раку Дзебру, ненадзейных умацаванняў свавольнай рачулкі і шмат чаго іншага. Усе гэтыя няшчасці зваліліся на іх не раптоўна, некаторыя не вырашаліся гадамі. Публікацыя не засталася без увагі з боку ўлад. Нядаўна мы разам са старшынёй вулічкама прайшліся па знаёмых мясцінах, паглядзелі, што было зроблена, а да чаго яшчэ рукі не дайшлі.


Аляк­сандр Ва­сіл­е­віч за­пра­шае Та­ма­ру Іва­наў­ну прай­сці­ся па маст­ку.

Калектару прыбудавалі латок

Аляксандр Пікуля першым чынам вядзе да ліўневага калектара, пра крытычны стан якога прасігналізавалі жыхары некалькі месяцаў таму. Пасля моцных дажджоў ён пачаў разбурацца, а пешаходная сцежка спаўзаць у яму. Старшыня вулічкама абураўся, што ніхто на звароты жыхароў не рэагуе, а сітуацыя з кожным днём пагаршаецца. Публікацыя ў «Звяздзе» суправаджалася каментарыямі адказных асоб. Яны абяцалі прыняць меры, і сапраўды хутка адрэагавалі. Аляксандр Пікуля кажа, што тэхніка Дарожна-маставога прадпрыемства (ДМП) была на месцы ўжо праз тыдзень. Вось толькі ёсць заўвагі да якасці гэтых работ.

З аднаго боку, праблема вырашана: выразаны хмызняк, пакладзены бетонны латок, зроблена спецыяльная сценка, каб вада не размывала сцежку. Але той самы зрэзаны хмызняк не вывезены, валяецца за метр ад сцежкі, насупраць яго ляжыць нікому не патрэбны кавалак трубы, унізе, дзе з латка сцякае вада, сабралася смецце. Пікуля сведчыць, што стаміўся нагадваць камунальнікам, каб усё прывялі ў належны выгляд. «Зусім сорам страцілі, я ж іх папярэджваў, што прывяду карэспандэнта, — злуецца ён і дастае мабільны тэлефон. — Трэба паставіць перад фактам камунальную службу». Старшыня вулічкама настроены па-баявому. Ён не любіць безгаспадарчасці і нікому не дае спуску. «ДМП працуе праз пень-калоду, — абураецца ён. — Неяк рамантавалі ў нас на Падгорнай драўляную лесвіцу. Новую зрабілі, а зламаную старую пад ёй схавалі».

Па сцяжынцы да нас накіроўваецца жанчына. Знаёмімся. Любоў Касценіч жыве на вуліцы Грышына, а гэтай дарогай ходзіць да сына на Падгорную. Праблему, як той казаў, ведае знутры.

— Нават страшна ўспамінаць, як было, — кажа яна. — Усё абвальвалася, разбуралася. Прайсці было немагчыма. Зараз хоць не страшна хадзіць. Але адразу бачна, што рабілі справу як не для сябе. Вунь колькі смецця пакінулі.

Масток цяпер з парэнчамі

Аляксандр Пікуля паклапаціўся зрабіць 140 (!) копій старонкі «Звязды» з SOS-публікацыяй. Развесіў іх на ўсіх прыпынках і ў магазіне. І зараз, калі мы ідзем з ім па мікрараёне, ён кожны раз звяртае ўвагу на тое, што побач з ім — карэспандэнт «Звязды». Людзі ўсміхаюцца і дзякуюць. Дробязь, а прыемна.

Аляксандр Васілевіч узгадвае, як 10 год таму «Звязда» дапамагала зрабіць на Падгорнай дарогу.

— З-за яе адсутнасці аўтобус не хадзіў і людзі былі вельмі незадаволены, — расказвае ён. — Мы сабралі сход і запрасілі прадстаўнікоў гарвыканкама, камунальнікаў, дэпутатаў. Ніхто не прыйшоў. І мы з жыхарамі падрыхтавалі ліст у газету «Звязда». Адрас падказала адна жанчына, якой газета дапамагла з асабістым пытаннем. Толькі пасля гэтага справа зрушылася з месца.

Не засталася газета ўбаку і на гэты раз. Дапамагла не толькі з калектарам. Прымаюцца меры і па замене пешаходнага мастка цераз Дзебру насупраць дзіцячага садка № 39. Зараз на ім усталяваны парэнчы. Але мост ужо аджыў сваё, на ім дзіркі, увесь хістаецца. Пікуля спадзяецца, што недахопы хутка выправяць. Ён ужо пабываў у дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і заручыўся абяцаннем, што драўляны мост зменяць на бетонны. Неабходная для гэтага пліта ўжо ляжыць побач. Засталося яе ўстанавіць і прымацаваць больш сур'ёзныя парэнчы. Пакуль мы абмяркоўваем, калі гэта адбудзецца, да нас далучаецца жыхарка, якой таксама цікавы лёс мастка: яна карыстаецца ім пастаянна.

Прыклад для дэпутатаў

На жаль, пакуль няма ніякіх зрухаў па добраўпарадкаванні самой Дзебры і непрацуючых ліхтароў. Пікуля збіраецца пісаць ліст у КДК у Мінск. Час ідзе, а абяцанні застаюцца толькі на паперы. Тое, што жыхары Падгорнай масава яго падтрымаюць, можна не сумнявацца. Ён тут карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам.

Людзі прыветліва махаюць яму, падыходзяць падзякаваць або спытаць нешта.

З якім пытаннем да яго ні звярніся — усе вырашае. На 9-м Падгорным завулку зараснікі кустоў толькі дзякуючы яму прыбралі, — кажа тутэйшы жыхар Віктар Аляксандравіч.

— Лепшага старшыні вулічкама не знойдзеш, — падтрымлівае яго Мікалай Міхайлавіч. — Ён у нас тут такі парадак навёў. На веласіпедзе аб'язджае ўсю тэрыторыю, глядзіць дзе што не так.

Зараз Пікуля заклапочаны тым, каб асфальт паклалі на вуліцы Ламаносава, замянілі лямпачкі ў завулку Бетховена... Гэты працэс, на жаль, бесперапынны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Работа над памылкамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?