Дэкрэт, першыя дыпломы i чарнiлiцу рэктара можна будзе пабачыць на выстаўцы «БДУ: гiсторыя i сучаснасць», прымеркаванай да 95-годдзя ўнiверсiтэта. Выстаўка адкрыецца 25 кастрычнiка ў Нацыянальным гiстарычным музеi.
У ёй будзе прадстаўлена каля 300 экспанатаў, якiя адлюстроўваюць два асноўныя перыяды з гiсторыi Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта: 20—30-я гады мiнулага стагоддзя i сучаснасць. Аснову экспазiцыi складуць прадметы з фондаў Нацыянальнага гiстарычнага музея, музеяў БДУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта, аддзела рэдкай i каштоўнай кнiгi Фундаментальнай бiблiятэкi БДУ.
У першы кампазiцыйны раздзел увойдуць тэматычныя матэрыялы, звязаныя з гiсторыяй станаўлення ўнiверсiтэта i фармiраваннем у 1930-я гады новых iнстытутаў на базе БДУ. У прыватнасцi, тут можна будзе азнаёмiцца з копiяй Дэкрэта аб утварэннi першага ў Беларусi ўнiверсiтэта, першымi арыгiнальнымi навуковымi выданнямi БДУ, а таксама ўбачыць дыпломы яго першых выпускнiкоў.
У гэтым жа раздзеле будуць прадстаўлены асабiстыя рэчы славутых вучоных, прафесiйная дзейнасць якiх цесна звязана з БДУ. Гэта ручка, чарнiлiца, фотаальбом першага рэктара БДУ Уладзiмiра Пiчэты; пасведчанне, нататнiк народнага камiсара асветы, першага прэзiдэнта Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Усевалада Iгнатоўскага i iншыя.
Сучасны перыяд пакажуць праз распрацоўкi спецыялiстаў Белдзяржунiверсiтэта i навукова-тэхнiчную прадукцыю, якая выпускаецца яго структурнымi падраздзяленнямi. Гэта шырокi пласт навуковых дасягненняў вучоных у такiх галiнах, як бiятэхналогiя, касмiчныя тэхналогii, медыцына, фiзiка, хiмiя, прыборабудаванне, энергазберажэнне, ахова навакольнага асяроддзя i iншых.
Арганiзатарамi выстаўкі выступiлi БДУ i Нацыянальны гiстарычны музей Беларусi. Экспазiцыя будзе працаваць да 3 лiстапада ўключна.
Надзея НIКАЛАЕВА
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.