Вы тут

Сур’ёзныя адносіны


Ігар Чышчэня і яго дакументалістыка


Кіно, па якім нас могуць ведаць за межамі, здымаюць у краінечасам не дзякуючы, а насуперак. Беларуская дакументалістыка ідзе сваім няпростым шляхам да фестываляў, да гледача і яго разумення. Рэжысёры, якія «занатоўваюць» для нас жыццё, вартыя ўзнагарод, а галоўная з іх — каб кіно глядзелі.

Дзе ты, глядач?

Беларускае дакументальнае кіно — далёка не самае цікавае для айчыннага гледача. На жаль, яго амаль не папулярызуюць, у кінатэатрах таксама стужкі круцяць рэдка, а калі штосьці сёння не рэкламуецца, то, значыць, наўпрост не існуе. На беларускія дакументалкі можна патрапіць, калі глядзець тэлебачанне, але інтэрнэт і кінатэатры таксама ніхто не адмяняў, распавядае Ігар Чышчэня: «Аднойчы мне на ТБ трапіла стужка Галіны Адамовіч, але паказвалі яе, канечне, не ў праймтайм, і калі б не выпадковасць, то стужку можна і не ўбачыць. Затое нядаўна ў інтэрнэце завяршыўся фестываль BELARUSDOCS. Часцей бы такое праводзілі, хоць бы штогод. У кінатэатрах мяне здзіўляе такая рэч: калі ў Беларусь прывозілі амерыканскія дакументальныя стужкі, народ імкнуўся. Магчыма, гэта звязана з бясплатнымі квіткамі. А можа, людзям цікава, як там, у Амерыцы, але чамусьці яны не задаюцца пытаннем: “А што тут, у нас?”».

Як зацікавіць айчыннага гледача, каб пабачыў фільм? Толькі распавядаць пра тое, на якіх фестывалях кіно атрымала прызы і як выдатна яно знята. А што тычыцца выпадку з амерыканскімі дакументалкамі, то «людзі тут ішлі, мне здаецца, глядзець не амерыканскае дакументальнае кіно, а амерыканскае дакументальнае жыццё. А чаму беларускае не ідуць глядзець? Можа, таму, што мы самі ў гэтым дакументальным жыцці існуем. Тады трэба паказваць у фільме штосьці выключнае, што можа адбыцца толькі тут», — кажа Ігар.

Дакументальнае кіно — вельмі рознае. У тым сэнсе, што кіно, знятае для тэлебачання, і аўтарскія стужкі могуць кардынальна адрознівацца. Ігар Чышчэня здымае і першыя, і другія: «Мне часам падаецца, што глядач наогул не лічыць аўтарскае дакументальнае за кіно, — хутчэй гэта для яго нейкі эксперымент, экзерсіс, такое глядзяць толькі апантаныя. У прынцыпе так і ёсць. Калі раптам гледачы прыходзяць на нейкі фестываль і бачаць гэтыя фільмы, то з іншага боку адкрываюць і людзей, і гісторыі. У аўтарскім кіно значна больш важная пазіцыя аўтара і мастацкае рашэнне, а не наратыў і інфарматыўнасць, як на тэлебачанні».

Калі паглядзець тэлевізійную дакументалістыку магчымасць ёсць амаль у кожнага, то кіно аўтарскага трэба дамагчыся — пашукаць у інтэрнэце ці схадзіць у кінатэатр. Да апошняга, лічыць Ігар, наш глядач пакуль не надта гатовы: «Думаю, людзі ў кіно на дакументалкі не пойдуць. Для гэтага трэба штосьці моцна змяняць. Я лічу, спачатку гледача трэба пазнаёміць з кіно найбольш лёгкім спосабам, а зараз гэта інтэрнэт. Чым больш будзе ініцыятыў кшталту BELARUSDOCS, тым вышэй стане цікавасць, а адпаведна і глядач зможа здзейсніць подзвіг і схадзіць у кінатэатр, а можа, нават заплаціць за гэта грошы. Публіка павінна ведаць, што яна набывае, а на дадзены момант дакументальнае кіно для яе — кот у торбе».

Жывыя героі

Калі мастацкія стужкі прывабліваюць разрэкламаванасцю, арыгінальным сюжэтам, вядомымі акцёрамі, то дакументалістыка вабіць выдатнымі рэжысёрамі і рэчаіснасцю на экране: «Папулярызацыя фільмаў і аўтараў у дакументальным кіно звязаныя. У беларускім кінематографе дакументалка — свайго роду каста. Калі кажуць “фільмы Віктара Аслюка ці Галіны Адамовіч”, то асабіста для мяне гэта звязка: калі я іду на фільм, то іду на рэжысёра», — гаворыць Ігар Чышчэня.

Пункт другі — рэчаіснасць. Дакументальнае кіно фіксуе нашае жыццё. Часам не вельмі прыгожае, часам дзіўнае, але заўсёды самабытнае і актуальнае (нягледзячы на тое, што падзеі, пра якія распавядае рэжысёр, сталі гісторыяй): «Кіно павінна быць розным. Ёсць людзі, якія здымаюць пра сёння, пра нас, кшталту стужак Андрэя Куцілы. Ёсць маладая плынь дакументалістаў, якія ідуць у рэальнасць, у эсэістыку. І гэта патрэбна, каб мы потым ведалі, дзе жылі, бо насамрэч для мяне самае цяжкае — атаясаміць, дзе мы жывём цяпер і як гэта правільна паказаць. Кажуць, усё вялікае бачыцца на адлегласці. Тое ж і з часам, і з кіно. Галоўнае — выхапіць дух пакалення».

Летась у конкурсе дакументальнага кіно «Лістапада» перамог польскі фільм Войцеха Староня «Браты». Гэта гісторыя двух ужо старых, знешне вельмі падобных братоў. Рэжысёр здымаў іх на працягу 8-9 гадоў. На фестываль у Мінск прыязджаў галоўны герой і скзазаў штосьці кшталту: «Ну я ж насамрэч не такі сумны чалавек, а рэжысёр мяне паказаў надта задуменным». Ігар узгадвае гэты выпадак і мяркуе: «Усё таму, што нейкія рысы героя, якія рэжысёру патрэбныя, ён падкрэслівае, а іншыя хавае. Тут нават цікавей, чым у мастацкім кіно: ты працуеш з чалавекам і не ведаеш, гэта ён насамрэч такі ці грае на камеру. Герой аддаўся, ён ужо частка фільма. Калі чалавек сябе ў стужцы не прызнае, — што ж зрабіць? — так працуе мастацтва. Важна не нахлусіць пра героя, не хаваць яго галоўныя рысы, не рабіць кіно пра чалавека, якога ты сканструяваў. Трэба данесці думкі — усе любяць, каб іх разумелі».

Ігар кажа, што ў дакументальным кіно важнае не меркаванне гледача, не ацэнкі крытыкаў, нават не ўхваленне героя, а шчырасць з самім сабой, з аўтарам. Але гэта цяжка — рэжысёрам даводзіцца ісці на самакампрамісы. У тым ліку і ў адлюстраванні герояў. Ігар кажа, што ўсе героі, якіх ён здымаў, былі зусім іншымі людзьмі па-за камерай: «Ва ўсіх партрэтах, якія я рабіў падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў, мне здаецца, ні ў адным не разабраўся да канца. Гэта аказваўся зусім іншы чалавек. Цяпер я разумею, што трэба спачатку дасканала вывучыць героя, бо набіў сабе шышак. Бывае, бачыш чалавека, думаеш, які ён круты, але гэта як каханне з першага погляду: не заўсёды бывае ўзаемным. Гэта момант, калі трэба быць асцярожным».

Кінематаграфісту давялося ўдзельнічаць у конкурсе Kinosprint. Для яго ён зняў стужку на экалагічную тэматыку (такія былі ўмовы) «Лічыльнік шчасця». Гэта стужка пра тое, як трагедыя адной краіны можа стаць праблемай усіх, — Чышчэня стварыў кіно пра чарнобыльскую катастрофу, якое атрымалася вельмі асабістым, бо гэтая падзея зачапіла і яго родных: «Мая вёска знаходзіцца недалёка ад мяжы з Украінай, таму на блізкіх гэтая падзея адбілася моцна. У дзяцінстве я гуляў з суседскай дзяўчынкай, хтосьці прывёз дазіметр, і мы бегалі па пакоях і вымяралі ўзровень радыяцыі. Мы ведалі, што робім, але ў фільме я гэты момант пераасэнсаваў: зрабіў так, каб дзеці вымяралі шчасце».

Рэжысёр кажа, што хацеў паказаць ідэалы, якімі жывуць людзі, «і што яны не заўсёды аказваюцца правільнымі». А ці атрымалася гэта зрабіць, кожны зразумее для сябе сам, бо «калі адпускаеш фільм у жыццё, то хтосьці ўбачыць у ім агітку, а хтосьці пачне шукаць іншы сэнс».

Праца/Прызванне

Звычайна тэмы для фільмаў Чышчэні прапаноўваюць на «Беларусьфільме» (рэжысёр працуе ў студыі «Летапіс»). Але аднойчы рэжысёру пашанцавала, і ён зняў кіно пра героя, якога прапанаваў сам. Гэта была стужка «Андрэй Такіданг. Спынюся ў сярэдзіне»: «Мне хацелася зняць кіно пра чалавека, якога я добра ведаў. Тут было шмат неспалучальных рэчаў, «+» і «-», кантрастаў: як жыве чалавек і як яго ўспрымаюць. Але на працы ў мяне не было ні адной тэмы, якая б не падабалася. Я люблю працаваць з культурай і мастацтвам, пра што і здымаю: мы ж выраслі ў гэтай краіне, пра гэта трэба распавядаць, гэта нават не мастацкая, а нацыянальная пазіцыя. Тут ты можаш не выявіць сябе як аўтар, але скардзіцца на тэмы няма чаго».

Каб была магчымасць на «Летапісе», кажа Ігар Чышчэня, хацеў бы здымаць па 3-4 фільмы ў год: «Я хачу здымаць цікавае кіно. Можа, яно не возьме шмат прызоў і не стане шэдэўрам, але гэта будзе добра зроблены фільм, за які мне не сорамна. Я такой працы чакаю, мне прыемна быць часткай гэтага. Ёсць фільмы, якія трэба здымаць. І як ты іх зняў — не так важна. Гэта праблема, пласт, які зафіксаваны жыва, дзе ёсць людзі, якімі варта захапляцца».

Кіно, што ствараецца на «Беларусьфільме», і незалежны кінематограф — два паралельныя сусветы, якія амаль не перасякаюцца. Гэта бачна хаця б па тым, што маладыя рэжысёры на кінастудыю трапіць і не спрабуюць: яны зразумелі, што могуць рабіць кіно і самі. «Кіно становіцца лепшым ад маладых ініцыятыў, бо ў стужкі ўкладаюць шмат намаганняў, і гэтая шчырасць бачная — яна прываблівае», — адзначае Ігар.

Сам Чышчэня паспявае здымаць і сваё кіно (праца працай, а ўласныя ідэі ўвасобіць таксама хочацца). Рэжысёр збіраецца працаваць над новым дакументальным фільмам на «Летапісе» — пра Францішка Скарыну: «Так, мы ведаем, хто ён, але ж трэба капнуць глыбей: які быў час? а чаму ён? чаму ён паехаў у Прагу? як гэта наогул змяніла свет? Над кожнай тэмай можна думаць, аднесціся да яе сур’ёзна, шукаць падыходы і канцэпцыі. А здымаць сучасныя і вострыя фільмы можна і па-за працай».

Ці могуць фільмы змяняць свет? А наша жыццё? Пытанне ў вечнасць. Калі фільм востры ці калі ён не востры, усё адно мае права на жыццё: магчыма, хтосьці з яго дапамогай пераасэнсуе лёс, учынкі, падзеі: «Хтосьці паглядзіць кіно і падумае: “Вось як трэба жыць!”. Але трэба быць вельмі эмацыянальным гледачом ці натрапіць на такі ўражлівы фільм. Кіно можа прымусіць задумацца: ці ўсё робіш правільна, ці не варта рабіць нешта па-іншаму? Я не бачыў такога, каб назаўтра пасля прагляду кіно чалавек ішоў у манахі ці ехаў у Тыбет», — тлумачыць Ігар.

Магчыма, жыццевырашальных стужак у Беларусі яшчэ не знялі. А можа, і не знімуць — хто ведае? Бо што насамрэч важна? Беларуская дакументалістыка — вельмі моцная і прывабная, пагаджаецца рэжысёр: «У нас ёсць імёны, і гэта радуе. Ёсць ніша, якую можна заняць. Зрабіць іншае дакументальнае кіно. Усё ж цяпер у нашых стужках пераважае лагоднасць і дабрыня — гэта і шпілька ў мой бок. Узровень дакументальнага кіно ў нашай краіне значна вышэйшы за ўзровень мастацкага кіно».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.