Вы тут

Пад Мінскам выбіралі «Уладароў сяла»


Мінулая пятніца ў Дукораўскім маёнтку, што пад Мінскам, прайшла святочна, з песнямі ды гульнямі. Не бяда, што было хмурнавата ды халаднавата, добрым гаспадарам у любое надвор'е не сорамна запрасіць гасцей у хату. А паглядзець на падворках удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла» сапраўды было на што: шэсць маладых сем'яў ужо даказалі, што яны найлепшыя ў сваёй вобласці і ў фінале таксама спаць у шапку не збіраліся. Загадзя развучылі песні і танцы, нагатавалі прысмакаў па адмысловых рэцэптах, апранулі святочныя ўборы. Зрэшты, суддзі конкурсу таксама падрыхтаваліся і прапанавалі канкурсантам запрэгчы каня, нарыхтаваць дроў і выпрабаваць сябе ў «вясковай эстафеце». 


Конкурс «Вітаем па-беларуску» адкрыў нумар Аляксандра і Таццяны Салатаў з Мінскай вобласці. Сямейная пара зрабіла двух галубкоў адметнай рысай свайго выступлення. Пра свой звычайны дзень гаспадары расказалі ў жартаўлівай песні. «Жабу размалявалі, а да столі не дасталі», — чаго толькі не нагледзяцца бацькі, калі ў сям'і падрастаюць гарэзлівыя дачушкі-блізняткі.

Сяргей і Юлія Адамовічы з Віцебскай вобласці расчулілі гледачоў гісторыяй кахання. Рамантычны верш-аповед, прачулы позірк адзін на аднаго — відаць, у гэтых маладзёнаў адно сэрца на дваіх. Шматдзетная сям'я Людмілы і Дзмітрыя Улогаў з Брэсцкай вобласці ўразіла ведамі па гісторыі ўласнага краю. Пра тое, як жывецца на слыннай Альшанскай зямлі, распавялі Насця і Саша Сінькевічы. Бацькам Алегу і Вользе нават не давялося падказваць маленькім артыстам, што яшчэ цікавага трэба расказаць гледачам. Пара Пятра і Кацярыны Чабатар з Магілёўскай вобласці на сцэне з'явілася з калыскай. Маленькая Эльвіра нарадзілася ўсяго два месяцы таму і пакуль дачушка-немаўля адказна спала за ўсю сям'ю, бацькі і старэйшыя сястрычкі спявалі жартаўлівыя прыпеўкі, якім жа будзе іх сямейнае жыццё праз сорак гадоў. Майстрамі на ўсе рукі аказаліся Сяргей і Людміла Свярдловы з Гомельскай вобласці. Дзень конкурсу якраз прыпаў на імяніны Сяргея, таму да гасцей сям'я выйшла «прыбранымі, нібы паны». Праўда адносіны да працы ў пары зусім не панскія: гаспадар сваімі рукамі сабраў для сямейных патрэб трактар, дома можа ўсё адрамантаваць; гаспадыня шые, вяжа, вышывае, пры гэтым паспявае танцаваць і спяваць, захоўваць сямейныя традыцыі.

Вясковы чалавек не толькі добра весяліцца, але і спраўляецца з работай. Першым выпрабаваннем для ўдзельнікаў стаў «Святочны воз». Гаспадар на хуткасць запрагае каня ў вазок, гаспадыня распрагае — быццам бы ўсё лёгка. Але як аказалася, справіцца з усімі рамянямі, хамутом і лейцамі мог толькі абазнаны чалавек. Зацягнеш няправільна вузел, прымацуеш не так аглоблю — і воз распражэцца на першым жа павароце, а інструктар, кіраўнік коннай школы Ірына Захаранка разам з суддзямі залічыць штрафны бал.

— У рабоце з канём галоўнае — цярпенне, — пераканана Ірына. — Удзельнікі малайцы, відаць, што добра падрыхтаваліся. Асабліва ўразілі жанчыны, якія распрагалі каня так жа спрытна, як і мужчыны. Магу сказаць, што ўсе канкурсанты стараліся, штрафных балаў амаль не было.

На пляцоўцы, дзе трэба нарыхтоўваць дровы, свае правілы. Удзельнікі на хуткасць пілілі бервяно на тры роўныя кавалкі, а потым гаспадар павінен быў раскалоць цурбалак на паленцы, а гаспадыня — скласці іх у дрывотню.

Сапраўдныя жарсці чакалі гледачоў на апошнім і самым складаным конкурсе «Вясковая эстафета». Спачатку гаспадары спаборнічалі, хто хутчэй наносіць вады ў бочку. Не кожны дзень убачыш, як мужчыны навыперадкі бягуць да стаўка з вёдрамі на каромысле. Потым за справу браліся гаспадыні. Жанчынам трэба было сабраць гародніну — бульбу, моркву, цыбулю — у асобныя вёдры, пры гэтым нічога не прапусціць і не пераблытаць. А потым пара разам займалася «дробнымі справамі»: жанчыны забівалі цвікі, мужчыны прышывалі гузікі. Рукі ў гаспадароў паспелі замёрзнуць у халоднай вадзе, а тут трэба папасці ніткаю ў вушка іголкі. Не дзіва, што для дужай палавіны гэты конкурс аказаўся такім складаным. Апошні этап — данесці сваю выбранніцу да става на руках і вярнуцца назад, трымаючыся за рукі — падаецца, быў самым прыемным!

Пераможцаў павіншаваў Першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ.

Апошнім заданнем для ўдзельнікаў стала стварэнне абярэгаў. Упершыню за гісторыю конкурсу гаспадары прымерылі на сябе ролю старажытнага каваля: у кузні разам з майстрам яны чаканілі манетку для сямейнай скарбокі.

Потым гаспадар і гаспадыня завіталі да майстра-свечніка. Тут да дзейства далучыліся нават дзеткі: дапамагалі бацькамі качаць свечку з тонкай васковай пласцінкі, а потым шчодра ўпрыгожвалі выраб бліскаўкамі. Залацістае парушынне заставалася не толькі на свечцы, але і на руках, так што ў канкурсантаў на гэтым этапе яны сапраўды былі залатымі.

— Васковая свечка заўсёды была сімвалам чысціні, — дзеліцца гісторыяй прафесіі свечачны майстар Валянціна Марчанка. — Лічылася, што яе святло беражэ хату ад ліха. Самае галоўнае — рабіць гэты абярэг разам, з любоўю і паразуменнем адно да аднаго. Я вельмі рада была бачыць, што бацькам у рабоце дапамагалі дзеткі. Спадзяюся, што любая справа будзе вырашацца ў гэтых сем'ях гэтак жа лёгка.

Вызначыць найлепшага з шасці сямей аказалася для журы складанай задачай. Трэцяе месца заняла пара Алега і Вольгі Сінькевічаў. Другую прыступку ганаровага звання заваявала сям'я Аляксандра і Таццяны Салата. А пераможцамі і сапраўднымі «Уладарамі сяла-2016» сталі Юлія і Сяргей Адамовічы. Акрамя пачэснага звання ўдзельнікаў конкурсу, усе фіналісты атрымалі ганаровыя дыпломы і грашовую прэмію ў памеры 80 базавых велічынь, а таксама каштоўныя падарункі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Мінск — Пухавіцкі раён — Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Папасці ніткай у вушка іголкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».