Вы тут

Работа над памылкамi: як правільна вырошчваць кавуны


Паверце, на Беларусi цалкам рэальна займець іх на сваiм участку, прычым нават такiя, што пацягнуць кiлаграмаў на дзесяць. Вось толькi трэба ведаць некаторыя сакрэты.


У аграсядзібе «Багамазаў двор», што ў вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна, кавуны пачалі вырошчваць ужо ў 2011 годзе.

— Кавуны прасцей вырошчваць, чым агуркi, — упэўнены загадчык лабараторыi аграхiмii i харчавання раслiн Iнстытута агароднiцтва Мячаслаў Сцяпура. — Так, агуркi за сезон трэба збiраць разоў 17, а кавуны адзiн-два. Калi раслiна атрымлiвала добрае харчаванне, яна можа даваць 2-3 плады буйных памераў. Акрамя таго, беларуская прадукцыя атрымлiваецца лепшая, чым завазная.

Адна справа, калi на наш стол трапляе свежая прадукцыя, iншая — калi яе везлi з-за свету. У час падарожжа плады пачынаюць расходаваць цукры на фармiраванне насення. Акрамя таго, каб кавуны не сапсавалiся ў дарозе, iх збiраюць недаспелымi. Не дзiва, што па цукровасцi беларускiя кавуны могуць нават выйграваць у астраханскiх.

Заўважым, што культура гэта для нашых зямель не такое ўжо дзiва, яе садзiлi яшчэ да вайны. А ў 1946 годзе пытаннi, звязаныя з вырошчваннем на Беларусi кавуноў i дынь, разглядалiся нават на пленуме ЦК КПБ. Дарэчы, у той час кавуноў у нас збiралi па 45—48 тон з гектара. I гэта пры тым, што нi плёнкi, нi раннiх гiбрыдаў тады не было. Але агароднiкам трэба ведаць такое правiла: не рэальна атрымаць добры паласаты ўраджай, калi не папрацаваць з глебай.

— У Беларусi дастаткова святла i цяпла для вырошчвання кавуноў. А вось глебы ў нас бедныя. Напрыклад, кавуны ў Расii, ва Украiне растуць на высокаўрадлiвых глебах, на чарназёмах, поймах рэк. Таму «дачныя» людзi, якiя гэта не ўлiчваюць i не ўносяць угнаеннi, не могуць вырасцiць кавуны, — тлумачыць вучоны. — У iнстытуце мы распрацавалi сiстэму харчавання для гэтай культуры (дарэчы, да нас яе нiхто не прадумваў, у паўднёвых краiнах, дзе высокая ўрадлiвасць глебы, яна непатрэбная). I калi прытрымлiвацца тэхналогiй, ураджай можна атрымаць нават на бедных глебах. Як чалавеку неабходна збалансаванае харчаванне, так i раслiнам.

Пад кавуны трэба ўносiць мiкраэлементы, вясной яны будуць комплексныя: азот, фосфар, калiй. Паласатыя ягады каштоўныя тым, што ўтрымлiваюць шмат магнiю. Натуральна, гэтай раслiне вельмi неабходны падкормкi такiм элементам. Але рыхтаваць глебу пад будучы паласаты ўраджай трэба з восенi. Беларускiя вучоныя ўзнялi пытанне пра тое, што пад кавуны трэба абавязкова вапнаваць глебу.

— Нiдзе не было iнфармацыi, што гэта трэба рабiць для вырошчвання кавуноў, — расказвае вучоны, — звычайна так рыхтуюць глебу пад капусту, сталовыя буракi, шматгадовыя травы. Я вырашыў рызыкнуць i рызыка апраўдалася. Дарэчы, калi мы вырошчваем расаду, уносiм жа мел, даламiтку, чаму гэта не даваць раслiнам, якiм па 30—40 дзён? У нашай краiне глебы кiслыя, i на такой зямлi карысныя элементы не будуць працаваць. Калi раслiна не атрымае патрэбнае сiлкаванне, яна не сфармiруе свой «шкiлет», не набярэ зялёную масу. Нашы лёгкiя глебы мала ўтрымлiваюць такiх элементаў, як цынк, жалеза, марганец — iх таксама трэба ўносiць.

Безумоўна, неабходна гэтай раслiне i арганiка — перагной цi гной, якi на-палову разлажыўся. Уносiць трэба 2 разы — восенню i вясной. I не толькi для таго, каб падкармiць раслiну, але i каб засцерагчы ад засух. Як правiла, на Беларусi землi з нiзкай вiльгацяёмiстасцю, а пры такiм унясеннi перагною глеба атрымлiваецца як слоены пiрог, у якiм пасля ападкаў затрымлiваецца вада.

Каб атрымаць ураджай, нельга забывацца i на падкормкi, iх можа быць 3-5 за сезон. Так, высадзiлi расаду, i, каб даць старт раслiне, можна «прапанаваць» калiевую салетру цi нiтрат калiю. Не забывайцеся на «магнiй сернакiслы» цi «магнiй сульфат». Пры пазакаранёвых падкормках Мячаслаў Сцяпура раiць дадаваць такi прэпарат, як «Нанаплант». Дарэчы, ён будзе карысным i пры палiвах раслiны пад корань.

Другое правiла пры вырошчваннi кавуноў — абарона ад шкоднiкаў. Чалавек любiць паласатыя ягады, а насякомыя яшчэ больш. I шмат хто гатовы аб'есцi салодкiя карэньчыкi на раслiне — драцянiкi, хрушчы, каларадскiя жукi, дынная i растковая мухi... Адзiн са спосабаў абароны — абмакнуць камяк з карэньчыкамi ў баўтушку з глiны, каравяку i iнсектыцыду. I не забудзьцеся пасля яго крыху падсушыць — атрымаецца своеасаблiвая мяжа, якую шкоднiку не пераадолець. Таксама можна лiнуць раствор з сiстэмным прэпаратам (кантактавы не падыдзе, бо раслiна яго не ўсмокча i ён не трапiць да дробных карэньчыкаў) на сцяблiну, каб ён пайшоў да каранёвай сiстэмы.

— Часам у iнтэрнэце агароднiкi могуць прачытаць парады накшталт таго, што трэба шукаць для пасадкi месцы, дзе няма драцянiка. А дзе вы знойдзеце такую зямлю? — разважае вучоны. — Гэты шкоднiк жыве ўсюды, асаблiва там, дзе ёсць злакавыя культуры, газонныя травы. Трэба прытрымлiвацца тэхналогiй, не абаронiце раслiну — не здзiўляйцеся, што яна не расце, а можа, i падсыхае, вяне. I не спадзявайцеся, што «праскочыце», шкоднiкаў у кавуна вельмi многа i трэба абавязкова ад iх абараняцца.

Кавуны лепш вырошчваць расадай. Ёсць, канешне, i безрассадны спосаб, але ён больш затратны. Пакуль раслiна вырасце — шмат пойдзе на абарону яе ад насякомых i пустазелля. Прычым такiя раслiны трэба абараняць ад птушак, якiя могуць падзяўбаць маладыя парасткi. Насамрэч, раслiны iм не патрэбныя — яны палююць за лiчынкамi, што пад iмi хаваюцца.

А яшчэ кавуны не вырастуць, калi не ўгадаеце з сортам. Беларускiя вучоныя выпрабоўвалi насенне расiйскiх, польскiх, галандскiх кавуноў. Найлепш сябе паказалi галандскiя гiбрыды, а вось сарты з Расii ў нашых умовах даюць ураджаi ў 2 разы меншыя. Найлепшымi ж для вырошчвання на Беларусi з'яўляюцца сарты «Раманза», «Топ-ган» i «Аганёк».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Слоены пiрог» для кавуна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».