Вы тут

Як адрамантаваць кватэру і не трапіць на падманшчыкаў?


Нядаўна мне патэлефанавалi суседзi: тэрмiнова прыязджай! На трэцiм паверсе прарвала трубу з гарачай вадой. Гаспадароў не могуць знайсцi. Вада дайшла да першага паверха. Выклiкала таксi i праз мiнут дваццаць была на месцы. Аднак карцiна, якую я ўбачыла, калi адчынiла дзверы ўласнай кватэры, пераўзышла ўсе мае страхi. Уся мэбля ў пакоi плавала, шпалеры адсталi ад сцяны, а вада са столi працягвала лiцца.Першая думка: а дзе ж кот? Ад жаху мой любiмец забраўся на секцыю.


Ну што ж, абы здароўе. А рамонт пацiху зраблю. Тым больш, што пакой невялiкi — 17 квадратных метраў. Гэтай справай я займалася неаднойчы, але цяпер вырашыла даверыцца прафесiяналам. Як толькi падлога i сцены высахлi, пачала шукаць будаўнiкоў. Газеты, iнтэрнэт стракацяць аб'явамi: зробiм рамонт якасна, у тэрмiн, нядорага. Спынiлася на двух хлопцах. Прыляцелi яны хутка, нiбы на крылах. Усё замералi, сказалi, якiя матэрыялы купiць. Маўляў, каб не зацягвала, бо заўтра вечарам возьмуцца за справу i ўсё зробяць за два днi. А за работу запрасiлi ўсяго каля двух мiльёнаў рублёў. Кiнулася ў краму, прадаўцы-кансультанты дапамаглi выбраць усё неабходнае. Вечарам тэлефаную па ўжо знаёмым нумары. Званок спачатку скiдваюць, а затым наогул мабiльнiк адключаюць. На наступны дзень паўтараецца тое ж самае. Я ў роспачы. Знаёмая параiла мне жанчыну, якая працуе ў ЖЭСе: «Справiлася з рамонтам маёй двухпакаёўкi за тры днi». Новая работнiца прыехала таксама хутка. Агледзела жыллё i загнула за работу кошт амаль утрая большы, чым папярэднiкi.

Затым быў iндывiдуальны прадпрымальнiк Дзмiтрый, якi параiў: «Столь лепш паклеiць шпалерамi, бо фарбаванне акрылам абыдзецца даражэй». Ударылi па руках.

I сапраўды, руплiвы работнiк да непазнавальнасцi змянiў памяшканне. Разлiчылася з iм i нават стол накрыла з гэтай нагоды. А праз колькi часу шпалеры пачалi адклейвацца, хоць я выконвала ўсе яго парады: не адчыняла акно, фортку.

Зразумела, якi ў мяне быў эмацыянальны стан. Не было шкада грошай: справа нажыўная. Было крыўдна, што мяне падманулi як дзiця i што падобнае можа здарыцца не толькi са мной. Дзмiтрый нiбы ў ваду кануў — тэлефон маўчаў. Пачалiся спрэчкi з мужам, якi абвiнавацiў мяне ў залiшняй даверлiвасцi да людзей. Таму, маўляў, усё жыццё i пакутуеш ад гэтай рысы характару. Больш за тое, прачытаў цэлую лекцыю: «У савецкiя часы сцвярджалi, што ў заходнiх краiнах моляцца на грошы, а ў нашага чалавека ўсё-такi была духоўнасць i прыстойнасць. Цяпер жа ўсё перавярнулася з ног на галаву. На першы план выходзяць «бабкi», якiм спосабам iх зарабiць для большасцi не мае значэння. А сорам? Гэта не дым — вочы не выесць».

«Шукаць будаўнiкоў i кантраляваць iх работу з гэтага моманту буду сам», — сказаў як адрэзаў.

I ўсё пачалося спачатку. Гэтым разам прыйшлi Iван i Генадзь, якiя жывуць у Брэсцкай вобласцi, а ў Мiнск прыехалi на заробкi. Мужчыны ледзьве не са слязамi на вачах запэўнiвалi, што дома не могуць уладкавацца нават вартаўнiкамi: няма вакансiй. Разам з тым, трэба кармiць сям'ю, вучыць дзяцей. Таму ў iх iнтарэсах выканаць усе работы якасна, у кароткi тэрмiн, i атрымаць разлiк. Пасля гэтага яны знiклi. I аб'явiлiся толькi праз чатыры днi. Рамонт працягваецца амаль два тыднi. Хлопцы аказалiся не надта ўвiшнымi работнiкамi. То пакураць, то падсiлкуюцца, то грошай папросяць на цыгарэты, пляшку «чарнiла»... Перад намi паўстала дылема: выгнаць iх або набрацца сiл i яшчэ крыху пацярпець. Цi варта спадзявацца, што чарговы раз трапiцца iдэальны будаўнiк, якi ўсё зробiць па мiнiмальным кошце, якасна, у тэрмiн, без падману, якога не трэба ўвесь час штурхаць у плечы. Канешне, такiя ёсць, але дзе iх знайсцi, каб зноў не памылiцца.

Як сказаў знаёмы, якi сутыкнуўся з аналагiчнымi праблемамi, падман у будаўнiчай сферы не рэдкасць.

Каб навучыцца выяўляць нядобрасумленных падрадчыкаў, трэба крыху разбiрацца ў нюансах рамонту. Калi чалавек будзе бачыць дасведчанасць заказчыка, то ў яго не ўзнiкне жадання падманваць.

Акрамя таго, як разумею цяпер, не трэба наймаць брыгады «з вулiцы», якiя працуюць за наяўныя грошы. Без дакументаў цяжка зразумець, што павiнен выканаць падрадчык i па якой цане. Прыстойныя фiрмы або iндывiдуальныя прадпрымальнiкi перш чым брацца за справу, складаюць каштарыс, дзе дакладна ўказваюцца ўсе вiды работ, iх цана. У гэтым выпадку, калi не задавальняе якасць рамонту, можна звярнуцца ў суд. I яшчэ, перш, чым брацца за справу, нядрэнна прааналiзаваць рыначны кошт работ i нi ў якiм выпадку не плацiць наперад. Гэта дасць хоць невялiкую гарантыю кантролю за будаўнiкамi.

Таццяна ГЕОРГIЕВА

Загаловак у газеце: Не сыпце столь на раны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».