Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра выступленне хакейных «зуброў» у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, гандбольнага БГК у Лізе чэмпіёнаў і разам радуемся рэкордам беларускіх плыўцоў.


1. Хакеісты мінскага «Дынама» атрымалі буйную перамогу над сапернікамі з «Сочы» — 5:2. Хет-трыкам у сустрэчы адзначыўся Роб Клінкхамер. Пасля гэтай вікторыі мінскія дынамаўцы перамясціліся на шостае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. На іх рахунку 40 ачкоў пасля 22 гульняў. Чарговы матч у КХЛ мінскае «Дынама» правядзе 27 кастрычніка ў гасцях супраць яраслаўскага «Лакаматыва».


2. На этапе Кубка свету па плаванні ў 25-метровым басейне, які завяршыўся ў Сінгапуры, лідар нашай мужчынскай зборнай Павел Санковіч абнавіў нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 50 м на спіне — 23,01 секунды. Такі час дазволіў Паўлу заняць першае месца.

Ранейшы рэкорд Беларусі на 50 м на спіне таксама належаў Паўлу Санковічу (25,05 сек.) і быў усталяваны ў пачатку кастрычніка ў Досе.

Лідар жаночай зборнай Аляксандра Герасіменя ў Сінгапуры ўдала выступіла на дыстанцыі 50 м вольным стылем, заваяваўшы бронзавую ўзнагароду (24,40 сек.).

Наступны этап пройдзе 25-26 кастрычніка ў Токіа.


3. Адбыліся ўсе матчы 26-га тура чэмпіянату краіны ў вышэйшай лізе. У Мінску «Крумкачы» спынілі серыю няўдач, абгуляўшы «Граніт» — 2:1. «Віцебск» на сваім полі адолеў «Нафтан» з Наваполацка — 2:0, а футбалісты «Іслачы» з мінімальнай перавагай перайгралі «Тарпеда»-БелАЗ — 3:2. Гродзенскі «Нёман» у хатняй сустрэчы перайграў «Гарадзею» — 3:0. У нядзелю ў сталічным дэрбі «Мінск» і «Дынама» згулялі ўнічыю — 0:0, а «Шахцёр» абыграў «Белшыну» і ўмацаваў свае пазіцыі на другім месцы — 1:0. Яшчэ два матчы завяршыліся без забітых мячоў — БАТЭ — «Славія» — 0:0 і «Дынама-Брэст» — «Слуцк» — 0:0.


4. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў выязным матчы Лігі чэмпіёнаў прайграў венгерскаму «Піку» — 22:24.

Гандбалісты «Піка» з першых хвілін захапілі ініцыятыву, на перапынак каманды пайшлі з мінімальнай розніцай у ліку — 11:10 на карысць венгерскай дружыны. У другой палове матча БГК так і не ўдалося пераламіць ход сустрэчы.

— Улічваючы, што гулялі трэці матч на выездзе, было няпроста. Тым не менш я задаволены, што каманда змагалася, гуляла на перамогу. Зараз паўза. Ёсць тры тыдні для падрыхтоўкі да наступных гульняў. Самыя асноўныя з іх наперадзе. Калі правядзём іх паспяхова, то задача на сезон будзе вырашана на 80%, — адзначыў пасля гульні галоўны трэнер брэсцкага клуба Сяргей Бябешка.

Такім чынам, у групе В, дзе выступае беларускі клуб, па-ранейшаму лідзіруюць «Віве» і «Вардар», якія набралі па 8 ачкоў. У гандбалістаў «Райн Лявена» — 7 балаў, «Піка» — 5, БГК — 4. Па тры ачкі зарабілі «Крысціянстад» і «Цэле». Замыкае табліцу з двума баламі «Заграб».

Загаловак у газеце: Нашы б'юць рэкорды

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.