Вы тут

Як правільна саджаць часнок восенню


Часнок для пасадкі восенню называецца «азімы». Азімыя гатункі часнаку ў большасці сваёй стралкуюцца. У гэтым выпадку нароўні з падземнай цыбулінай на стрэлцы развіваецца суквецце, у якім маюцца так званыя «паветраныя цыбулінкі». Але бываюць і такія гатункі, якія не даюць стрэлкі.


Падрыхтоўка глебы

Часнок любіць участкі з суглінкавымі ўрадлівымі нейтральнымі глебамі. Самыя лепшыя папярэднікі часнаку — капусныя, гарбузовыя, бабовыя культуры і зеляніна. На тых глебах, дзе раслі цыбуля і часнок, вырошчваць яго можна толькі праз 3—4 гады.

Градку трэба рабіць на сухім, сонечным месцы. Пачынаюць падрыхтоўку градкі ў жніўні, гэта значыць, прыкладна за 1—1,5 месяца да высадкі азімага часнаку.

На 1 квадратны метр суглінкавай глебы неабходна ўнесці вядро кампосту або перагною, па 1 сталовай лыжцы нітрафоскі і суперфасфату,1 шклянку вапны-пушанкі або даламітавай мукі.

Калі глеба бліжэй да гліністай, то яшчэ трэба дадаць вядро торфу на 1 квадратны метр для дасягнення патрэбнай глебавай структуры. Калі глеба тарфяная, то трэба ўнесці дадаткова вядро суглінкавай глебы. У пясчаныя глебы трэба ўнесці 1 вядро гліністай глебы, 1 вядро торфу і ўсё тое, што рэкамендавалася вышэй для суглінкавай глебы. Далей трэба ўсё перакапаць на глыбіню 20 сантыметраў. Потым неабходна выраўнаваць градку, злёгку ўтрамбаваць яе і апрацаваць растворам меднага купарвасу з разліку 40 грам на 10 літраў вады. Гэтага раствору хопіць для апрацоўкі 10 квадратных метраў градак. Гэта значыць, 1 літр раствору на 1 квадратны метр.

Замест меднага купарвасу можна выкарыстоўваць раствор хлорвокісу медзі (гэта прэпарат «Хом»), з разліку 20 грам на вядро вады. Расход раствору той жа.

Да высадкі часнаку градку трэба накрыць плёнкай.

Тэрміны пасадкі

Азімы часнок трэба высаджваць за 35—45 дзён да наступлення пастаянных халадоў. За гэты час высаджаныя зубкі павінны паспець добра ўкараніцца, развіць добрую каранёвую сістэму, глыбінёй пранікнення 10—12 сантыметраў. Але пры гэтым з зубкоў не павінна прарасці лісце. Трэба ўгадаць з тэрмінам пасадкі, бо рана высаджаны часнок прарастае, а позна пасаджаны — падмярзае.

Падрыхтоўка часнаку

Для пасадкі выкарыстоўваць свежасабраны азімы часнок. Неабходна адабраць добра прасушаныя, здаровыя часночыны, акуратна падзяліць на зубкі, імкнучыся як мага менш пашкоджваць іх. Іх трэба патрымаць на працягу 1-2-х хвілін у растворы паваранай солі (на 5 літраў вады 3 сталовыя лыжкі). Далей перакласці зубкі ў раствор меднага купарвасу (1 сталовая лыжка на 10 літраў вады) і вытрымаць у ім 1 хвіліну. Пасля дадзенай працэдуры абеззаражвання зубкі, не прамываючы вадой высаджваюць на градкі.

Схема пасадкі

Спачатку трэба ўздоўж градкі зрабіць баразёнкі глыбінёй 6—8 сантыметраў на адлегласці 20—25 сантыметраў адна ад другой. Зубкі ў баразёнкі трэба высаджваць так, каб да зубка ад паверхні глебы заставалася 4-5 сантыметраў. Адлегласць паміж зубкамі — 7-8 сантыметраў. Ставіць зубкі ў баразёнку трэба вертыкальна, донцам уніз, але дапускаецца і класці зубкі «на бачок».

Праз 2-3 тыдні пасля высадкі для лепшай зімоўкі трэба пасыпаць градку з часнаком 2-сантыметровым пластом перагною або торфу.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.