Вы тут

Гісторыя скульптуры Уладзіміра Жбанава «Маленькі генерал»


Цягам апошніх гадоў бронзавыя скульптуры на вуліцах і плошчах сталі неад'емнай часткай гісторыі Мінска, важным момантам фарміравання яго аблічча. І звязаны яны з імем беларускага скульптара Уладзіміра Жбанава, які пакінуў яркі след у мастацтве, але, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця ў студзені 2012 года. Я ж часам успамінаю, як на прыступках Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча з'явілася яго скульптура «Маленькі генерал».


У Мінскім сувораўскім вучылішчы з самага моманту яго стварэння прыярытэтам заўсёды былі культура, эстэтыка, выхаванне ўмення ўспрымаць, разумець і шанаваць прыгожае. Таму і будынак вучылішча, твор народнага архітэктара СССР Георгія Заборскага, выконвае эстэтычную функцыю, а не толькі вылучаецца чыстай функцыянальнасцю. У ім захоўваецца свая, непаўторная аўра.

Як скульптар Уладзімір Жбанаў высока ацэньваў унутраны і знешні воблік нашай альма-матар. Нарадзіўся творца ў Мінску ў сям'і афіцэра. У свой час, адчуваючы рамантыку службы ваеннай, хацеў, як і многія хлапчукі таго часу, стаць сувораўцам. Аднак рана выявіўся талент мастака, які прывёў Уладзіміра ў Мінскае мастацкае вучылішча. Яго Жбанаў скончыў у 1973-м годзе. Пазней скульптар адзначаў: «Цяпер нават не ўяўляю, чым бы мог я займацца ў жыцці, калі б не захапленне скульптурай з самага ранняга дзяцінства. Апантанасць ствараць маленькіх чалавечкаў ніколі не пакідала мяне адзінокім. У гэтым свеце казак я адчуваў сябе самым шчаслівым з дзяцей».

Потым у жыцці Уладзіміра быў тэатральна-мастацкі інстытут, а з 1979 года — воінская служба ў 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі ў Віцебску. А ў канцы снежня таго ж года гэтая дывізія ў ліку першых апынулася ў Афганістане. Так у 25 гадоў трапіў Уладзімір Жбанаў на афганскую зямлю. Яшчэ ў Афгане, пачаў ён ствараць эскізы скульптурных партрэтаў хлопцаў, якія загінулі «на баявых». І на роднай беларускай зямлі — у Мінску, Віцебску, Магілёве, Светлагорску, Глыбокім увекавечыў памяць сваіх таварышаў па службе.

Арганічна ўвайшла ў творчасць мастака тэма сувораўскага дзяцінства і выбару жыццёвага шляху. Гэта быў эскіз скульптуры «Маленькі генерал». Ідэяй скульптар трапіў, што называецца, «у самую кропку». Які кадэцік не марыць стаць генералам? А можа, гэта памяць пра дзеда або бацьку? Ці ідэя звязана з лейтматывам культавага фільма «Афіцэры»? Меркаванні і водгукі грамадскасці за гэтыя гады былі розныя, але ўсе пагаджаліся з адным: «Маленькі генерал» павінен заняць сваё дастойнае месца.

І Антон Кірылаў, адзін з многіх выхаванцаў Мінскага сувораўскага вучылішча, падчас свята выказаў агульнае меркаванне: «Усе мы розныя. І бачымся не так часта. Але аб'ядноўвае нас адно — мы кадэты.

Сімвалам для нас стаў і гэты хлапчук — «Маленькі генерал». І калі б яго не было, то гэты цуд трэба было б прыдумаць».

Аднак пра ўсё па парадку. Хто з нас, мінскіх кадэтаў, яшчэ нейкіх гадоў пятнаццаць таму мог сабе ўявіць, што, ідучы праз Міхайлаўскі сквер у раёне вакзала, раптам у дрыготкім святле ліхтароў убачыць на лаўцы элегантны сілуэт чароўнай і таямнічай незнаёмкі? Толькі падышоўшы бліжэй, пачынаеш разумець, што постаць «Незнаёмкі» адлітая з бронзы. Гэта была першая ў Мінску скульптура так званага «паркавага жанру», надзвычай папулярнага ў Еўропе. Яна з'явілася ў 1998 годзе. А праз год у тым жа Міхайлаўскім скверы «пасяліўся» і малады чалавек, які карцінна просіць прыкурыць. Скульптура, дарэчы, мае прататыпа — кінапрадзюсара, чалавека трагічнага лёсу Уладзіміра Галынскага, якога Уладзімір Жбанаў добра ведаў.

У 2000 годзе ў Міхайлаўскім скверы з'явілася новая скульптура — «Дзяўчынка з парасонам». Потым на плошчы перад Камароўскім рынкам прыжыліся «Фатограф», «Конь», «Дама з сабачкам», «Гусі». А да мінскай ратушы ў 2004 годзе «пад'ехаў» «Экіпаж». Цудоўныя скульптуры Уладзіміра Жбанава ўпрыгожваюць скверы ў Магілёве і Бабруйску.

І, нарэшце, «Маленькі генерал». Кажучы пра гісторыю яго стварэння, скульптар успамінаў: «Раней мая майстэрня знаходзілася непадалёк ад Мінскага сувораўскага вучылішча. Неяк, яшчэ напярэдадні 50-годдзя вучылішча, да мяне зазірнуў знаёмы, які некалі скончыў сувораўскае, і прапанаваў стварыць скульптуру да юбілею. Я загарэўся ідэяй. Прыпомнілася гісторыя стварэння сувораўскіх вучылішчаў у 1943 годзе і басаногае дзяцінства такіх вось пасляваенных хлопчыкаў. Рашэнне ўзнікла раптам: басаногі малы прымярае дзедаўскі генеральскі мундзір. Хлапчук рамантычны, і ганарлівы адначасова. Ён ужо хоча абараняць сваю Радзіму».

Аднак прайшло амаль сем гадоў, перш чым агульнымі намаганнямі і рашэннем Мінгарвыканкама па фінансаванні гэтага праекта задуманае ўдалося ўвасобіць у жыццё. Гэта адбылося 6 лістапада 2008 года, у дзень святкавання 55-й гадавіны Мінскага сувораўскага вучылішча. Так «Маленькі генерал» атрымаў прапіску і стаў «сваім» для сувораўцаў, ветэранаў і выпускнікоў установы.

Глыбока сімвалічным стала і тое, пра што пазней успамінаў выпускнік Мінскага сувораўскага вучылішча, першы міністр абароны Беларусі генерал-палкоўнік Пётр Чавус, які прайшоў, як і Уладзімір Жбанаў, горан Афганістана.

Ён казаў: «Ніколі не імкнуўся я да славы ў нейкай яе «рэчыўнай» форме, але па просьбе майстра ў якасці «натуры» для гэтай скульптурнай кампазіцыі даў сваю фуражку і мундзір генерал-палкоўніка».

Мікалай СМІРНОЎ

Загаловак у газеце: Які кадэцікне марыць стаць генералам?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».