Вы тут

Якое яно — аблiчча беларускага дызайну?


Каталог «Тутэйшы дызайн. Асобы i рэчы» — праект Беларускага саюза дызайнераў. Яго выключнасць у тым, што нараўне з разгорнутай прэзентацыяй спецыялiстаў у гэтай сферы у iм сабраны найбольш цiкавыя па розных крытэрыях рэчы, створаныя за апошнiя некалькi стагоддзяў на тэрыторыi нашай краiны як саматужным спосабам, так i ў прамысловых маштабах.


Пры­ста­са­ван­не для пры­га­та­ван­ня  свя­точ­на­га яўрэйскага хле­ба — ма­цы.

170 дзiваў

— Перад намi стаяла адразу некалькi задач. Па-першае, сабраць артэфакты — рэчы, якiя ўяўляюць найбольшую каштоўнасць не ў матэрыяльным сэнсе, а з эстэтычнага i функцыянальнага пунктаў гледжання. Па-другое, адшукаць вырабы, уласцiвыя менавiта нашай нацыянальнай культуры, якiя, аднак, страцiлi свой функцыянальны складнiк i больш не ўжываюцца. Акрамя таго, нам было цiкава вывучыць характэрныя прадметы побыту i прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў, якiя пражываюць на тэрыторыi Беларусi. Па-трэцяе, мы абапiралiся на лiнгвiстычны аналiз: адбiралi прадметы з аўтэнтычнымi назвамi, якiм няма сугучных аналагаў у рускай мове. Такiм чынам, у нас атрымаўся яшчэ i адзiны ў сваiм родзе iлюстраваны слоўнiк. Дарэчы, увесь каталог складзены на беларускай мове, — расказвае старшыня Беларускага саюза дызайнераў, кiраўнiк праекта Дзмiтрый СУРСКI.

Пазнаёмiцца з незвычайнымi прадметамi i па-новаму зiрнуць на звыклыя рэчы можна i праз аднайменны сайт, больш ёмiсты, чым кнiга, якi будзе час ад часу ўзбагачацца як новымi аўтарамi, так i новымi артэфактамi. У каталогу прадстаўлена 170 рэчаў, на сайце — ужо больш як 250. «Наша звышзадача — гэта стварэнне Музея матэрыяльнай культуры i Музея беларускага дызайну. Яны маглi б вельмi многае расказаць пра нацыянальную iдэнтыфiкацыю. Да таго ж, нам, беларусам, сапраўды ёсць што паказаць», — дзелiцца планамi Дзмiтрый.

Іг­раль­ныя кар­ты  з выявамі кіраўнікоў ВКЛ i Рэ­чы Па­спа­лi­тай.

Рэчы з гiсторыяй

Сярод любiмых прадметаў дызайнера — дзiцячы наган, кафейнiк i вылiчальная машына Якабсона — своеасаблiвы протакамп'ютар. Пiсталет нагадвае пра дзяцiнства. Дзмiтрый успамiнае, што некалi такая цацка каштавала 9 капеек, у той час як булачка — 8. Тады такая неадпаведнасць коштаў, вядома, не насцярожвала, але ў дарослым узросце прымусiла задумацца. Простая, але якасна зробленая цацка нават страляла пiстонамi. Зноў сутыкнуўся з марай савецкага хлапчука Дзмiтрый на «блышыным рынку». Далей усё як у дэтэктыўным серыяле: нiякiх пазначэнняў, дзе ён выраблены, не было. Нi iнтэрнэт, нi iншыя калекцыянеры прасунуцца ў пошуках не дапамаглi. Навадную iнфармацыю ўдалося адшукаць толькi ў бiблiятэцы, у каталогу культтавараў за 1965 год — кароткае апiсанне, без фатаграфiй, «выдала» наган запамiнальная цана: ледзь не ў 3 разы меншая, чым на iншыя такiя ж цацкi. Аказалася, дзiцячыя пiсталеты рабiлi ў калонii ў вёсцы Навасады, адсюль i аўра таямнiчасцi.

Кафейнiк Дзмiтрый знайшоў на дачы: хтосьцi неразумна выкiнуў яго ў сметнiцу. Вельмi простая па форме, але ад гэтага не менш цудоўная рэч не змагла пакiнуць дызайнера абыякавым. Кафейнiк выраблены ў сярэдзiне мiнулага стагоддзя на Гомельскiм заводзе «Молат». Гэта прыклад удалай iнтэрпрэтацыi еўрапейскага дызайну: падгледзець таксама трэба ўмець.

Вылiчальная машына — адзiн з найбольш старых прадметаў у каталогу. У другой палове ХVIII стагоддзя ў Нясвiжы яе сканструяваў гадзiннiкавы майстар Еўна Якабсон. З дапамогай яе можна было складаць i аднiмаць, вылiчаць долю, фiксаваць прамежкавыя вынiкi. Яна цiкавая сваёй функцыянальнасцю, да таго ж падобных механiчных вылiчальных машын да сярэдзiны ХIХ стагоддзя ў свеце былi адзiнкi.

Часта беларускiя майстры iшлi ў нагу з Захадам, апярэджваючы сваiх расiйскiх калег. Так, першы на тэрыторыi Расiйскай iмперыi завод акуляраў з'явiўся ў Вiцебску ў канцы ХIХ стагоддзя. У савецкi час менавiта тут выпускалiся акуляры для лётчыкаў з усёй вялiзнай краiны. Сапраўдным наватарствам стала бетонная плiтка «трылiнка», якая ў 1930-я выраблялася пад Пiнскам, за што атрымала назву «пiнская костка». Яна складалася з сумесi бетону i кавалкаў базальту. Яшчэ зараз «трылiнку» можна адшукаць на дарогах у розных гарадах Брэсцкай вобласцi.

Дзi­ця­чы рэвальвер, выра­блены ў ка­ло­нii.

З тутэйшым акцэнтам

Бiклага, барылка, букач, гляк — што можа аб'ядноўваць усе гэтыя словы? Не, гэта не мянушкi падлеткаў, а назвы ёмiстасцяў для вадкасцяў, якiмi карысталiся на тэрыторыi Беларусi. У кожнай — свае цiкавыя асаблiвасцi. Напрыклад, бiклага выконвала ролю флягi на рамянi, без яе не маглi абысцiся салдаты i падарожнiкi, а ў гляку — керамiчнай шарападобнай пасудзiне з плоскiм дном i кароткiм вузкiм горлам — у хаце захоўвалi ваду, алей цi квас. Людзi, якiя прывыклi да дэфiцыту ў савецкiя часы, i зараз не стамляюцца захапляцца: колькi ж розных зручных рэчаў у крамах! Аднак i нашы продкi шмат у чым не адставалi ад нас у арганiзацыi побыту: кожнаму прадмету сваё месца i прызначэнне. Спецыяльная форма для запякання велiкоднай бабкi (бабачнiк) — лёгкая патэльня на ножках (рынка) — няма праблем, i нават мудрагелiстае прыстасаванне для лоўлi мух, ад якога б летам на дачы не адмовiлiся многiя сучасныя беларусы, — калi ласка.

Праз побытавыя рэчы можна прасачыць узаемасувязь з гiстарычным мiнулым. У 1930-я ў Гродне выраблялi iгральныя карты, на якiх пазнаюцца вобразы ўладароў ВКЛ i Рэчы Паспалiтай.

— Вельмi беларуская рэч — спарыш, або здвоены цi строены гаршчок. У такiх насiлi на поле «комплексны» абед. Iншыя назвы — парнiк, двайнiчок, блiзняты. У лiтаратуры выкарыстоўваецца як сiмвал аб'яднання ў адно цэлае, кахання, — расказаў старшыня саюза. — Напрыклад, яўрэйскую культуру добра характарызуе мацаробка — створанае ўручную прыстасаванне для прыгатавання традыцыйнага святочнага хлеба — мацы. У савецкi час такi прадмет мог быць выраблены толькi падпольна: для гэтага выкарыстоўваўся валiк ад пральнай машыны i веласiпедны ланцуг. У любым выпадку, прадметы побыту нацыянальных меншасцяў, зробленыя на тэрыторыi нашай краiны, маюць свае асаблiвасцi. Асiмiляцыю i гiстарычныя рэалii нiхто не адмяняў!

«Лепшы дызайн — гэта яго адсутнасць»

Усе прадметы размешчаны ў каталогу ў алфавiтным парадку: нават умоўнага падзелу на прыклады ўзорнага дызайну i прадметы-катастрофы няма. Маўляў, разбiрайцеся самi.

— Разумееце, у гэтай сферы ўсё вельмi неадназначна. Зараз пэўная рэч можа лiчыцца агiднасцю, а праз некалькi дзесяцiгоддзяў — прадметам жадання мiльёнаў. Бо кiтч таксама можа стаць своеасаблiвай «фiшкай». Гэта як наiўнае мастацтва: вы можаце не разумець цi не прымаць яго, тым не менш, яно валодае мастацкай каштоўнасцю. Да дрэннага дызайну можна, безумоўна, аднесцi толькi грувасткiя, нязручныя i бескарысныя рэчы, — адзначыў Дзмiтрый Сурскi. — У людзей, акружаных эстэтычна прыемнымi рэчамi, павышаецца агульны ўзровень культуры.

Бадай, пагаджуся з фразай, што лепшы дызайн — гэта яго адсутнасць. Паглядзiце на ваенныя самалёты i зброю: чыстая функцыянальнасць i, дзякуючы гэтаму, дасканаласць формы. Не варта думаць, што дызайн — гэта «ўменне ствараць прыгажосць», тут больш значны навык спалучэння прывабнага вонкавага аблiчча са зручнасцю i карысным прызначэннем прадмета.

Дар'я КАСКО

kasko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзiцячы наган, старажытныя ланч-боксы i iнавацыйная плiтка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».